100 тысяч вучняў за 26 гадоў працы
Ужо амаль месяц як заблякавалі разьліковыя рахункі адной з самых вядомых і буйных моўных школаў Беларусі — Streamline. 10 дзён, як школа цалкам спыніла працу. Як стала вядома Свабодзе, супрацоўнікам школы ня выплацілі заробкаў, навучэнцам не вярнулі грошы за неаказаныя паслугі.
Больш за тыдзень на афіцыйным сайце Навучальнага цэнтру «Адукацыйныя тэхналёгіі» (вядомага пад брэндам Streamline) вісіць толькі адкрыты ліст дырэктара Эдуарда Цалюка пра тое, што «ва ўпраўленьні юстыцыі Менгарвыканкаму пачалася працэдура ліквідацыі Навучальнага цэнтру». І што «афіцыйным шляхам самога рашэньня аб ліквідацыі Streamline не атрымаў, працэдура і парадак ліквідацыі да кіраўніцтва не даведзеныя».
Streamline — буйная беларуская сетка моўных школаў з 14 філіямі і трыма навучальнымі цэнтрамі — у Менску, Берасьці і Магілёве. Працуе Streamline з 1998 году, там вучылі шасьці замежным мовам: ангельскай, нямецкай, францускай, гішпанскай, італьянскай і польскай. За 26 гадоў праз Streamline прайшло больш за 100 тысяч чалавек, гаворыцца на сайце школы.
У 2017 годзе Streamline стала першай моўнай школай у Беларусі, якая атрымала прэстыжную міжнародную акрэдытацыю «Quality English Associate School» у галіне міжнароднай адукацыі: ICEF, EAQA, English UK і Business English UK.
Падпіскі аб невыдаваньні
Выкладчыца ангельскай мовы, якая працавала ў Streamline да закрыцьця, на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе тое, што яна ведае пра сытуацыю з моўнай школай.
«На пачатку кастрычніка была праверка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Усе пра яе чулі, але пра вынікі выкладчыкам не паведамлялі, хаця загадчыца нашай філіі, мабыць, штосьці ведала, бо ў апошнія дні была зусім змрочная. Раптоўна адключылі ўнутраныя сэрвэры, плятформы, а гэта нязручнасьці ў працы. Потым быў яшчэ адзін „трывожны званочак“: у тэрмін ня выплацілі заробак.
22 кастрычніка шэф нас паставіў перад фактам: Streamline ліквідуюць. Каб мы тэрмінова перадалі сваім вучням гэту інфармацыю. Больш нічога ня скажа, бо ён пад падпіскай аб невыдаваньні. На наступны дзень зьявіўся адкрыты ліст дырэктара, зь якога таксама нічога незразумела. Ну проста ваенная таямніца», — кажа Алена (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС).
Суразмоўца дадала, што ўсе выкладчыкі былі агаломшаныя, але ў душы спадзяваліся на вырашэньне сытуацыі.
«Мы разважалі: гэта ж сур’ёзная школа, якая працуе чвэрць стагодзьдзя, больш за 300 спрактыкаваных выкладчыкаў. Людзі, якія вучацца, заплацілі наперад. Ім, па сутнасьці, не аказалі аплачаных паслуг. Але поўная цішыня дагэтуль, ніхто нічога ня ведае аб прычынах закрыцьця. Або нам ня кажуць», — дзеліцца Алена.
Яна таксама расказала, што ў выкладчыцкім асяродзьдзі, сярод выпускнікоў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту лічылася вельмі прэстыжным трапіць на працу ў Streamline. Алена яшчэ працуе на палову стаўкі ў невялікім цэнтры падрыхтоўкі абітурыентаў да цэнтралізаванага тэставаньня. Аднак вельмі засмуцілася, страціўшы працу менавіта ў Streamline.
«Я выкладала ангельскую ў падлеткаў і студэнтаў, мне вельмі падабалася моладзевая аўдыторыя. Калі паведамілі, што мы больш не працуем, усе былі ў шоку. Прычым ніводзін чалавек не абурыўся, што заплаціў наперад, не запытаўся, ці вернуць грошы. Усе казалі: «Ну як так? Гэта ж была найлепшая моўная школа!» — кажа цяпер ужо былая выкладчыца.
«Закочваюць пад асфальт»
Маці 15-гадовага менскага школьніка Арцёма Марына (поўнага імя не называем зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) дагэтуль ня можа супакоіцца ад непрыемнай навіны, якую атрымала 23 кастрычніка ад выкладчыкаў ангельскай і нямецкай моваў школы Streamline.
«Спачатку „англічанка“ напісала, што заняткаў больш ня будзе, школу ліквідуюць па рашэньні дзяржавы. А праз пару гадзін — і „немка“. Я ў шоку дагэтуль. Мы ж выбіралі ня проста курсы замежных моў, а сур’ёзную моўную школу з добрай рэпутацыяй, са станоўчымі водгукамі. Да таго ж, паколькі сын вывучае дзьве мовы, а ў Streamline на гэта зьніжка 20%.
Але я цяпер не кажу пра грошы, хоць аплачана за два месяцы наперад. Спадзяюся, іх калі-небудзь вернуць. Сыну гэтая школа „зайшла“, вельмі спадабаліся заняткі ў невялікай групе. А вось з рэпэтытарам „не зайшлі“. Ня ведаю, куды цяпер падацца», — кажа Марына.
Жанчына мяркуе, што гэта вельмі трывожная тэндэнцыя — закрываць, ліквідоўваць менавіта моўныя школы і курсы.
«Я не хачу крыўдзіць настаўнікаў; можа, яны і стараюцца вучыць. Але цяпер не засталося школаў, гімназій з паглыбленым вывучэньнем замежных моў. Паўсюль „базавы ўзровень“, які, прабачце, ніжэй за плінтус. Колькасьць гадзін скарацілі, а што настаўнік можа даць за 1-2 урокі на тыдзень, якія веды? Таму бацькі гатовы плаціць за моўныя курсы, плаціць рэпэтытарам. А дзяржаве гэта нявыгадна — разумныя, адукаваныя людзі зь веданьнем моў могуць зьехаць. Вось і закрываюць, закочваюць усё жывое пад асфальт», — абураецца жанчына.
«З паўсотні курсаў і школаў польскай мовы засталося прыкладна пяць»
На думку заснавальніка і дырэктара менскай школы польскай мовы «PanProfesor» Аляксандра Пруднікава, з паўсотні курсаў і школаў польскай мовы, якія працавалі ў Беларусі да 2020 году, цяпер засталося прыкладна пяць. Сам Аляксандар працягвае вучыць беларусаў польскай мове онлайн і ў межах польскай фірмы. Але сытуацыю ў Беларусі адсочвае.
«Некалькі курсаў працягваюць працаваць. Да прыкладу, Цэнтар славянскіх моваў. Але іх вобмаль. Калісьці, калі я заснаваў PanProfesor 10 гадоў таму, у нас было некалькі дзясяткаў канкурэнтаў, большых ці меншых курсаў, потым колькасьць іх павялічылася, але не радыкальна. А цяпер з паўсотні рознага кшталту ў Беларусі засталося добра калі пяць. Магчыма, хтосьці ў падпольлі сядзіць, рэкляму ж цяпер небясьпечна даваць, што ты вучыш польскай мове. Па-другое, значна павялічыўся рынак рэпэтытараў, тых, хто ўжо не працуе на курсах і ў моўных школах ці зьехалі», — мяркуе Аляксандар Пруднікаў.
Хроніка перасьледу курсаў і школаў польскай мовы
Атаку на курсы і школы польскай мовы беларускія ўлады пачалі на пачатку 2021 году. Запатрабавалі сьпісы выкладчыкаў, студэнтаў і нават дзяцей, адукацыйныя праграмы, плацежныя дакумэнты. Так было, напрыклад, з цэнтрам замежных моваў «Акадэмія» ў Смаргонях
У сакавіку 2021 году ў Берасьці закрылі прыватную «Польскую школу». Афіцыйная прычына — «грубае парушэньне заканадаўства, якое пацягнула прычыненьне шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам». На дырэктарку «Польскай школы» Ганну Панішаву заводзілі крымінальную справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» («Распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці», ч. 3 арт. 130 КК). Пазьней яе адпусьцілі разам зь іншымі актывістамі, прымусіўшы пакінуць Беларусь.
У Горадні ў 2021 годзе арганізацыю Polska Macierz Szkolna (пры ёй працаваў грамадзкі ліцэй, дзе вывучалі польскую мову, гісторыю і культуру. — РС) спачатку абвінавацілі ў незаконнай адукацыйнай дзейнасьці. Арганізацыю аштрафавалі на 300 тысяч рублёў, потым налічылі 500 тысяч нясплачаных падаткаў. Polska Macierz Szkolna выплаціла штраф, але гэта яе ня выратавала — у верасьні 2022 году Вярхоўны Суд яе зьліквідаваў .
Зь верасьня 2022 году дзьве польскамоўныя сярэднія школы Беларусі — горадзенскую № 36 і ваўкавыскую № 8 — перавялі на расейскую мову навучаньня. У Горадні па-польску вучыліся 600 дзяцей, у Ваўкавыску — 250.
У кастрычніку 2023 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў КДК зрабіў маштабныя праверкі ўсіх курсаў і школаў польскай мовы. А ў сьнежні таго ж году адбыўся масавы ціск на польскія школы па ўсёй краіне. Былі праведзеныя ператрусы ў офісах у Менску, Горадні, Берасьці. Сілавікі зрывалі шыльды, затрымалі некалькі дырэктараў і выкладчыкаў, прымусілі некаторых запісаць «пакаяльныя» відэа са словамі «вучыў польскай мове». Тады было закрыта больш за дзясяць школаў і курсаў польскай мовы.
Заснавальнік і дырэктар моўнай школы PanProfesor Аляксандар Пруднікаў мяркуе, што фактычнае зьнішчэньне бальшыні польскіх школаў і курсаў польскай мовы ставіць за мэту перашкодзіць беларусам атрымліваць «карту паляка», а таксама паступаць ў польскія ВНУ.
«Я ня буду арыгінальным, але нагадаю анэкдот: «Забараніць вывучаць замежныя мовы, каб людзі не выяжджалі, забараніць займацца фізкультурай, каб ня бегалі». Перш за ўсё гэта робіцца, каб пазбавіць людзей нейкіх умоўных магчымасьцяў, уплываў. Каб ня даць народу набрацца больш ведаў. Хаця гэта, безумоўна, глупства.
Але можа вярнуцца тая сыстэма вывучэньня замежных моў, якая існавала ў Савецкім Саюзе — калі пры так званых «ін’язах» заўсёды былі агенты КДБ, якія сачылі за студэнтамі, пільнавалі і яшчэ на студэнцкім этапе вэрбавалі сабе супрацоўнікаў. Такім чынам, вывучэньне замежных моў будзе «пад каўпаком», — выказаў асьцярогу Аляксандар Пруднікаў.
Форум