Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун пацьвердзіў спыненьне авіяўдараў у сырыйскай правінцыі Алепа. На нефармальным пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН у чацьвер ён вітаў абвешчанае Расеяй спыненьне бамбаваньня на ўсходзе гораду.
Па словах генэральнага сакратара, арганізацыя рыхтуецца да экстраннай дастаўкі мэдыкаментаў. Ён адзначыў, што ў ААН ўсё яшчэ няма «поўнага гуманітарнага доступу» ва ўсходнюю частку Алепа.
У чацьвер у Алепа пачалася 11-гадзінная «гуманітарная паўза», падчас якой Расея і сырыйскі ўрад абавязаліся прыпыніць паветраныя атакі. У горадзе адкрыліся гуманітарныя калідоры для выхаду мірных жыхароў і ўзброеных паўстанцаў, якія пажадалі пакінуць Алепа. Пазьней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў аб працягу гуманітарнай паўзы на суткі.