Расейская і сырыйская авіяцыя спынілі паветраныя ўдары ў Алепа, за два дні да заплянаванай паўзы ў бамбаваньнях, якая павінна дазволіць паўстанцам і мірным жыхарам пакінуць горад.
Такую заяву зрабіў 18 кастрычніка міністар абароны Расеі. Заява Сяргея Шайгу прыгучала пасьля абяцаньня Масквы спыніць на восем гадзінаў у чацьвер авіяўдары ў Алепа.
Шайгу падчас нарады з прадстаўнікамі ўзброеных сіл сказаў, што ўдары спыняюцца зь 10 гадзін раніцы аўторка, каб гарантаваць бясьпеку выхаду мірных жыхароў па шасьці калідорах і падрыхтавацца да эвакуацыі хворых і параненых з ўсходняй часткі Алепа.
Сырыйскія праваабаронцы сьцьвярджаюць, што раніцай у аўторак расейская авіяцыя нанесла цяжкія ўдары па Алепа, але затым яны спыніліся. Міністар абароны Расеі заявіў, што ў Маскве спадзяюцца на выхад узброеных апазыцыянэраў з Алепа па двух спэцыяльна створаных калідорах.
Расея зьвярнулася да кіраўніцтва краін, якія маюць уплыў на ўзброеныя фармаваньні ва ўсходняй частцы Алепа, з прапановай пераканаць іх лідэраў спыніць баявыя дзеяньні і пакінуць горад, паведаміла агенцтва Reuters.
Ваенныя экспэрты шэрагу дзяржаў сустрэнуцца ў Жэневе ў сераду, каб пачаць працу, накіраваную на аддзяленьне «тэрарыстаў» ад умеранай сырыйскай апазыцыі, сказаў Шайгу, выступаючы ў аўторак у Маскве.
Самае папулярнае
1