Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель назвала «ваеннымі злачынствамі» дзеяньні Асада і Пуціна ў Сырыі


Germany -- Berlin - German Chancellor Angela Merkel welcomes Russian President Vladimir Putin
Germany -- Berlin - German Chancellor Angela Merkel welcomes Russian President Vladimir Putin

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пасьля гадзіннай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Бэрліне раскрытыкавалі Маскву за бамбаваньне Сырыі і адмовіліся выключыць увядзеньне санкцый у дачыненьні Крамля.

«Тое, што адбываецца ў Алепа, зьяўляецца ваенным злачынствам. Адно зь першых патрабаваньняў – абстрэлы з боку рэжыму Асада і ягоных (расейскіх. – Рэд.) заступнікаў павінны быць спыненыя», – сказаў Алянд пасьля размовы пра Сырыю, якая пачалася пасьля 5-гадзіннай сустрэчы ў справе ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, у сваю чаргу, асудзіла авіяўдары па Алепа, назваўшы іх «бесчалавечнымі і жорсткімі».

«Тут гаворка ідзе пра злачынную дзейнасьць, пра злачынствы супраць цывільнага насельніцтва», — сказала Меркель.

Яна апісала перамовы з Пуціным аб Сырыі як «вельмі цяжкія». Лідэры Францыі і Нямеччыны папярэдзілі, што не выключаюць увядзеньня санкцый у дачыненьні да Расеі.

«Усё, што можа ўяўляць пагрозу, можа быць карысным», — сказаў Алянд, тады як Меркель дадала: «Мы не можам выключыць гэты варыянт».

Апісваючы намеры Расеі і ўраду Сырыі аб спыненьні агню ў Алепа ад 20 кастрычніка, Алянд заявіў, што Пуцін быў гатовы падоўжыць замірэньне.

«Мы выйшлі пасьля сустрэчы з уражаньнем, што там (у Сырыі. – Рэд.) можа быць падоўжана перамірʼе, але пытаньне, ці прадэманструюць гэта сырыйскі рэжым і Расея», — сказаў прэзыдэнт Францыі.

Замірэньня ўсяго толькі на некалькі гадзін ня будзе дастаткова, каб забясьпечыць неабходную гуманітарную дапамогу і дазволіць цывільным асобам пакінуць раён, сказаў Алянд.

Пуцін заявіў пасьля сустрэчы, што Расея гатовая спыніць авіяўдары па Алепа на няпэўны тэрмін.

«Мы праінфармавалі пра наш намер працягнуць, наколькі гэта магчыма, улічваючы сытуацыю на сырыйскай тэрыторыі, паўзу ў паветраных ударах. Мы гатовыя рабіць гэта да таго часу, пакуль няма ніякіх сутыкненьняў з паўстанцкімі фарміраваньнямі, што заселі ў Алепа», — сказаў Пуцін на фоне заяў сырыйскай арміі, што спыненьне агню будзе доўжыцца тры дні.

Пуцін таксама адзначыў, што прапанаваў паскорыць працу па новай канстытуцыі Сырыі, згодна з якой на выбарах, верагодна, будзе зьменены рэжым прэзыдэнта Башара Асада.

Раней Масква абвясьціла, што расейскія і сырыйскія вайсковыя самалёты спынілі ўдары ў Алепа перад 8-гадзінным перапынкам у баях 20 кастрычніка, каб даць магчымасьць цывільным і паўстанцам пакінуць аточаны горад. У ААН заклікалі да доўгай паўзы для дастаўкі гуманітарнай дапамогі і эвакуацыі хворых і параненых.

Праз авіяўдары ў Алепа сотні людзей загінулі, зьнішчана шмат жылых дамоў і цывільных абʼектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG