Чаго іх пазбавілі? Хто нарэшце перастворыць казку па-беларуску? І хто сёньня спрабуе напісаць беларускія хрысьціянскія дзіцячыя кнігі?
Пагаварылі пра гэта зь Нікай Ціхай (імя зьмененае дзеля бясьпекі), мамай дваіх дзяцей, філялягіняй, якая цікавіцца дзіцячымі чытанкамі і іх мастацкім перакладам.
«Добра, што хоць ружы ў савецкім варыянце „Сьнежнай каралевы“ засталіся ружамі»
— Сёньня мы хочам пагаварыць пра знакамітую казку «Сьнежная каралева», якую амаль 180 гадоў таму напісаў Ганс Крыстыян Андэрсэн. А калі вы самі пачулі ці прачыталі гэтую казку? Ці памятаеце свае ўражаньні ад яе?
— Казку памятаю з дашкольных гадоў, быў яшчэ савецкі мультфільм. Мне мама шмат чытала, і «Сьнежную каралеву», вядома ж, таксама. Памятаю, уразіла, што адна з гераінь казкі пісала на рыбе, і ў мультфільме гэта паказалі (цікава было паглядзець).
З герояў вельмі падабалася Маленькая разбойніца. Мабыць, Герда ўсё ж занадта «правільная», такіх самаахвярных прыгажунь у казках шмат. А Маленькая разбойніца — гэткае «дабро з кулакамі» — свавольная, «няправільная», можа нават трохі палохаць сваёй непрадказальнасьцю, але насамрэч добрая.
— Цяпер вы ўжо, напэўна, ведаеце, што ў расейска-савецкім перакладзе, які даводзілася чытаць, ня маючы іншых, «Сьнежная каралева» моцна адрозьнівалася ад арыгіналу. Якія гісторыі Кая і Герды былі ў тым перакладзе прапушчаныя ці адцэнзураваныя?
— Мне цяпер цікава было перагледзець і параўнаць тэксты савецкага часу і выданьняў, якія знаходзяцца па-за савецкім кантэкстам. Арыгінал, на жаль, прачытаць не магу, бо ня ведаю дацкай мовы. А клясычны пераклад на расейскую мову, зь якім і я знаёмілася ў дзяцінстве, быў зроблены Ганнай Ганзэн яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. У савецкі час, вядома ж, зь ім папрацавалі рэдактары. Яшчэ адзін пераклад, які прыгадаўся, — на ўкраінскую мову, Аксаны Іваненкі. Там, вядома ж, тэкст поўны, бязь зьменаў.
Наколькі я разумею, у савецкі час найперш з казкі зьніклі ўсе рэлігійныя матывы, а іх там нямала: сяброўская любоў дзяцей блізка зьнітаваная зь любоўю да Хрыста (дзіцятка Хрыстос згадваецца ў песеньцы, якую дзеці разам сьпяваюць, і гэтай песенькай Герда пасьля адагрэе сэрца Кая). Гэта гарманічны сьвет, ён жывы зь яго разнастайнасьцю і недасканаласьцямі, а супрацьстаіць яму штучная «матэматычная» псэўдагармонія царства Сьнежнай каралевы.
Ружа, якая так шмат значыць у казцы, — увасабленьне і хараства, і пакуты. І сымболіка ружы з вобразам Хрыста таксама зьвязаная: думаю, і ў Андэрсэна гэта адгукнулася. Добра, што хоць ружы ў савецкім варыянце казкі засталіся ружамі. А вось троль, са свавольстваў якога пачынаецца казка, — гэта, бадай, сам д’ябал: нездарма ягонае люстэрка разьбіваецца, калі вучні троля хочуць паблазнаваць з Бога і анёлаў, а аскепкі «ўкараняюцца» спрэс у чалавечым сьвеце.
Напраўду, ён жа спакушае сваім крывым люстэркам і ўводзіць пацярпелых ад яго ў грахі, якія, мабыць, згадваюцца на многіх споведзях. Так, гэта ня проста крывое люстэрка, якое зьмяняе выяву і робіць яе сьмешнай, гэта люстэрка, якое прымушае гледача бачыць вялікімі чужыя заганы і ганарыцца ўласнай бездакорнасьцю. І галоўнае — яно пазбаўляе любові, сутнасьці адной з галоўных Божых запаведзяў. Кая таксама найперш апаноўвае фанабэрыя, і шмат у чым гэта ганарыстасьць розуму (нездарма, яшчэ спрабуючы адчапіцца ад санак Сьнежнай каралевы, ён спрабуе ўспомніць малітву, а прыгадвае толькі табліцу множаньня!)
Але не заўсёды мянялі тое, што непасрэдна «пра рэлігію». У садзе бабкі-чарадзейкі кветкі расказваюць Гердзе кожная сваю казку. І гіяцынт апавядае пра трох сясьцёр-прыгажунь, якія пайшлі ў лес, а ўвечары вярнуліся адтуль у трунах — і ці сьпяць яны, ці памерлі? У савецкіх выданьнях дзяўчаты знайшлі ў лесе жаніхоў і гісторыя скончылася вясельлем. А ў «сумным», сапраўдным варыянце — вечаровым памінальным звонам.
Так, гэта таксама вобраз, зьвязаны з царкоўным абрадам, але ж зьмянілі ня толькі гэты элемэнт, а настрой і сэнс гісторыі — на супрацьлеглы. Мабыць, каб дарма не палохаць дзяцей? Нават па-за рэлігійным асэнсаваньнем: падарожжа Герды — гэта паход у краіну Сьмерці, і Герда, якая слухае пра памерлых паненак, не паддаецца смутку. А Герда, якая слухае пра вясельле, падобна, толькі разумее, што праслухала ад кветкі чарговае «ня тое». Затое чытачы не засмучаюцца ад незразумелай сьмерці прыгажунь.
«Аўтар мысьліў менавіта з гледзішча хрысьціянскай любові»
— Чаго ў цэнзураваным савецка-расейскім перакладзе былі пазбаўленыя чытачы «Сьнежнай каралевы»?
— Думаю, нават з прыкладаў, якія мне прыгадаліся раней, відаць, што пытаньні, над якімі мог бы падумаць чытач, ставяцца інакш, калі ўспрымаць казку проста як гісторыю пра гераічную самаадданую Герду і пра сілу сяброўства. Мне здаецца, Андэрсэн акурат знайшоў вельмі даступную для дзяцей форму, каб абудзіць іх думку пра, мабыць, занадта складаныя рэчы, пра якія яны дакладна чулі ад сьвятара ў царкве ці ў школе, але менавіта праз складанасьць маглі пакінуць без увагі.
Напрыклад, пра тое, як у чалавека ствараецца ўражаньне, што ён лепшы за іншых, і нараджаецца ганарыстасьць. Пра сапраўды ўласьцівае чалавеку задавальненьне — прынізіць іншага. Пра тое, што дабрыня і любоў могуць здацца слабасьцю, але насамрэч яны найвялікшая сіла, бо гэта не адштурхоўваньне, а прыцягненьне (якое падзейнічала нават на кавалкі лёду). Пра ілюзорнасьць «матэматычна дасканалых» высноваў, хоць іх і прасьцей бывае даказаць (у супрацьвагу веры, якая часта «насуперак фактам», прынамсі тым, што на паверхні). Якое яно, дабро? Якая яна, дасканаласьць, і ў чым яна? Якая яна, «вечнасьць»? Апошняе слова спрабаваў выкласьці з ільдзінак Кай у палацы Сьнежнай каралевы — і гэта зусім не выпадковае слова. Для Андэрсэна сапраўдная вечнасьць — з Богам і ўсімі маральнымі якасьцямі, якія ідуць поруч зь верай. Гэта цікава: ці не хацела Сьнежная каралева рукамі Кая сканструяваць сабе нейкую альтэрнатыўную «вечнасьць»? Ці магло гэта атрымацца бяз Герды і адтаваньня сэрца Кая? Калі так, то што гэта было б — вечная сьмерць? Без рэлігійнага кантэксту, думаю, прынамсі частка гэтых пытаньняў зьнікае, бо зьнікае нагода для іх. А розныя няпростыя пытаньні нараджаюцца ў многія моманты казкі. Падобна, што без хрысьціянскіх элемэнтаў у чытача прападае магчымасьць думаць над такімі пытаньнямі разам з аўтарам бо аўтар мысьліў менавіта з гледзішча хрысьціянскай любові.
«Калі ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае»
— Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што «Сьнежная каралева» — філязофская навэля з завуаляванымі таемнымі пасыламі, і таму, маўляў, яна адрасаваная зусім ня дзецям. Сапраўдны яе сэнс нават і ня кожны дарослы чытач можа да канца спасьцігнуць. А што вы думаеце пра гэта?
— Думаю, напраўду сэнс у казкі вельмі глыбокі. Мне падабаецца «раскопваць» вобразы адзін за адным, яны нараджаюць новыя ідэі, новыя пункты гледжаньня, часам дазваляюць нешта адкрываць для сябе. Мне, дарослай. А дзецям, мабыць, падабаецца захапляльная гісторыя — і яна ў Андэрсэна таксама ёсьць.
Я лічу «Сьнежную каралеву» творам з унівэрсальнай адрасацыяй. Акрамя таго, ёсьць розныя як дзеці, так і дарослыя. Нават сярод дзяцей сустракаюцца прыроджаныя філёзафы, а сярод дарослых — аматары дынамічных сюжэтаў. Такія творы можна перачытваць усё жыцьцё і, напрыклад, зь цягам часу задумвацца, чаму ў тых трох сясьцёр, якія ці то памерлі, ці то выйшлі замуж, сукенкі менавіта такіх колераў — чырвонага, блакітнага і белага? Чаму старая, якая першай прытуліла Герду, зачаравала яе і сад, але так, што чары лёгка зьніклі? Навошта ёй была Герда, хто яна ўвогуле? І так пра многае. І дзіцяці цікава, і ўжо даросламу, — і акурат таму, што нечаканае адкрываецца ў гісторыі, здавалася, знаёмай з маленства.
І яшчэ адна думка, чаму гэтая казка ўсё ж па-сапраўднаму дзіцячая. У канцы гісторыі Кай і Герда ўжо ня дзеці, гэта ўжо юнак і дзяўчына. Але яны вяртаюцца, і тут даецца цытата з Эвангельля: калі ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае. Дзіцячая вера — вера ў самым чыстым выглядзе: дзеці маюць уласную мудрасьць. І магчыма, дзеці найбольш поўна, з усім, што адчулі, ува што паверылі, пра што, можа нават ня цалкам, але здагадаліся, успрымуць казку. Больш поўна, чым дарослыя зь іхным пошукам стройных фармулёвак і дадатковых сэнсаў.
«Лічу, што часта лепей пакідаць дзяцей сам-насам з тэкстам і проста быць побач»
— Ці чытаеце вы «Сьнежную каралеву» сваім дзецям? Як яны яе ўспрымаюць? І як вы тлумачыце ім незразумелыя сэнсы і значэньні?
— Так, вядома ж, чытаю. Маім дзецям падабаюцца казкі. Але для нас гэта заўсёды такі асаблівы, трохі таямнічы працэс, калі разгортваньне гісторыі зьмяняе сьвет навокал, у самім чытаньні ці расказваньні ёсьць адчуваньне цуду, сама казка ёсьць цудам. Мне заўсёды хочацца, каб дзеці самі падумалі, задалі свае пытаньні. У дзяцей свой сьвет, і дарослыя, прапануючы ўласныя тлумачэньні прачытанага, могуць выпадкова разбурыць чары казкі. Таму лічу, што часта лепей пакідаць дзяцей сам-насам з тэкстам і проста быць побач.
Часам прачытаная раней казка ўспамінаецца ў нейкі зусім іншы момант, але такі, калі яна патрэбная, дарэчная, і ў такі момант гутарка пра казку можа адбыцца сама сабою.
— Хто любімыя пэрсанажы вашых дзяцей з гэтай казкі? Ці фармулююць яны свой выбар?
— Не, гэта мы якраз не абмяркоўвалі. Магчыма, гэта нагода пачытаць казку яшчэ.
«Хто выбірае сабе за ўзор „Сьнежную каралеву“, рызыкуе стаць пародыяй на андэрсэнаўскую гераіню»
— У сучасных трактоўках вобразу Сьнежнай каралевы сустракаюцца і такія, што яна зусім ня тая адмоўная гераіня казкі, якой нам яе імкнуцца прадставіць. Яна, маўляў, ня злая чарадзейка, а разумная, разважлівая, безэмацыйная інтэлектуалка. Такімі сучаснымі рэальнымі «каралевамі жыцьця» многія жанчыны захапляюцца, бяруць сабе за ўзор для перайманьня. Што скажаце на гэта?
— Для мяне яна ўсё ж — увасабленьне крышталічнага холаду, калі замярзае і ўтварае прыгожыя, але нежывыя кветкі вада — тое, што ў вадкім стане ёсьць большай часткай жывых, значна больш складаных і разнастайных целаў. З гледзішча хіміі, напэўна, гэта ня вельмі правільна, але калі паспрабаваць коратка апісаць гэты вобраз, то так яе бачу. Матэрыя, якая хоча набыць форму і цьвёрдасьць, замацавацца ў нейкім даступным ёй падабенстве дасканаласьці і нават здабыць вечнасьць.
Як пэрсанаж, мне здаецца, яна найперш вельмі адзінокая, таму ёй спатрэбіўся Кай. Гэта ўжо недасканаласьць (дасканалая і адна магла б), і ў гэтым, магчыма, і яе «чалавечнасьць». Яна ня злы троль, нейкая зусім іншая істота.
Вобраз «Сьнежнай каралевы» ў жыцьці, пэўна, можа прывабіць, але ці магчыма ў такім вобразе сур’ёзна і пасьлядоўна жыць? Жанчыны ўсё ж не ледзяныя прывіды. Іх «цёплая» чалавечая прырода будзе праяўляцца. Думаю, тыя, хто можа сьвядома або несьвядома выбіраць за ўзор Сьнежную каралеву, насамрэч вельмі розныя. Для кагосьці гэта маска, каб схаваць, наадварот, вельмі далікатную натуру, якую лёгка параніць. Хтосьці ад прыроды стрыманы (дакладней, стрыманая), ня мае вялікага таленту праяўляць эмоцыі; у дадатак, магчыма, мае рацыянальна скіраванае мысьленьне, таму на першы погляд можа здавацца «Сьнежнай каралевай», а пры бліжэйшым знаёмстве выявіцца дастаткова чулай, спагадлівай асобай, проста ў кожнага гэта праяўляецца па-свойму. Мабыць, тыя, хто сьвядома выбірае і фармуе такую мадэль паводзінаў, больш за ўсіх рызыкуюць ператварыцца ў пародыю на андэрсэнаўскую гераіню («халодная сьцерва», думаю, дакладна бліжэй да пародыі) ці стаць ахвярай люстэрка злога троля, выгадоўваючы ў сабе пагарду і ганарлівасьць. Але гэта, падобна, будзе гісторыя ўжо ня Сьнежнай каралевы, а Кая.
«Беларускага перакладу вельмі не хапае»
— Наколькі вядома, дагэтуль не існуе перастварэньня па-беларуску «Сьнежнай каралевы». Можа быць, да наступных Калядаў мы пачытаем гісторыю Кая і Герды ў вашым перакладзе?
— Гэтага перакладу вельмі не хапае. Ня ведаючы мовы арыгіналу, гэта цяжка будзе зрабіць. Але цяпер жыцьцё паварочваецца такімі нечаканымі бакамі, што магчымым здаецца самае неверагоднае. Таму хто ведае?..
«На першым пляне часта апынаецца не хрысьціянскі зьмест, а сьвяточныя традыцыі»
— А якія дзіцячыя кнігі беларускіх аўтараў з хрысьціянскім зьместам зімовых сьвятаў вы б параілі чытаць дзецям? Абгрунтуйце, калі ласка, свой выбар.
— Падобна, калядная традыцыя ў беларускай дзіцячай літаратуры яшчэ толькі складваецца. На першым пляне часта апынаецца не хрысьціянскі зьмест (прынамсі, ён не акцэнтуецца), а сьвяточныя традыцыі, якія прыходзяць, нараджаюцца або працягваюцца (а працягваецца хутчэй традыцыя сьвяткаваньня Новага году). Або нават неспакойныя хвалюючыя падзеі, якія па-асабліваму паўстаюць у «рамцы» традыцыйнай каляднай гісторыі і могуць гэтую «рамку» нават зламаць.
Аднак жа нават паводле згадак Сьвятога Мікалая можна знайсьці калядныя кніжкі, напісаныя па-беларуску. Напрыклад, «Secret Santa» Машы Чараковай і Джорджа Танэра (2018) — гэтая кніжка выйшла па-беларуску і па-ангельску і расказвае пра вельмі добрую традыцыю калядных (дый ня толькі) падарункаў. Яшчэ адна, па-мойму, вельмі балючая, але таксама пра Сьвятога Міколу, — «Казка пра тое, як Сьвятога Міколу забаранялі» Наталкі Харытанюк. Гэтая кніжка, хутчэй, па-мойму, «дарослая», хоць для мяне адно з пытаньняў, якое яна нарадзіла, — як размаўляць зь дзецьмі пра актуальныя падзеі, якія дзеці таксама выдатна бачаць. Цяпер у нас ёсьць і кніга, зь якой вельмі лёгка ўявіць сабе сямейны вечар каля каміна, у фатэлях, з пледамі, духмянай гарбатай — і каляднай гісторыяй. Гэта паэтычная казка Антона Францішка Брыля «Мышыныя каляды» — цёплая, жывая, «утульная», са сваімі прыгодамі і са сваім цудам. Яе б я параіла ўсім бацькам і дзеткам.