Ацэнкі літаратурнага твора — катэгорыя суб’ектыўная. Тут шмат залежыць ад таго, хто выказвае ацэнку — ад густу, кваліфікацыі, жыцьцёвых і мастацкіх прыярытэтаў.
І рэйтынгі, якія ствараюцца на падставе не аднаго меркаваньня, а супольнасьці ацэнак розных людзей, дадаюць няшмат аб’ектыўнасьці нават у ідэальных умовах, у мірныя часы і ў дэмакратычных грамадзтвах.
Выбіраючы сёлета «Кнігу году», Радыё Свабода разумела ўсю неадназначнасьць рэйтынгу. Хаця б з прычыны, так бы мовіць, палітычнай геаграфіі — літаратурная супольнасьць, як і само беларускае грамадзтва, апынулася па розныя бакі дзяржаўнай мяжы. Далёка ня ўсё, што выходзіць у Беларусі, можа трапіць у вольныя краіны — роўна як і выдадзенае на чужыне мае зусім невялікія шанцы дабрацца да чытачоў і літаратурных крытыкаў у Беларусі.
І тым ня менш мы вырашылі не спыняць традыцыю і зрабілі кніжны рэйтынг Свабоды.
Найлепшыя паэтычныя, празаічныя, дакумэнтальныя і дзіцячыя кнігі вызначылі дванаццаць экспэртаў, якія жывуць па абодва бакі беларускай мяжы. Іхную ўхвалу атрымалі дваццаць дзевяць кніг, выдадзеных у 2023 годзе.
Кнігі-пераможцы
- Паэзія — Уладзімер Някляеў. Сам/Sam
- Проза — Альгерд Бахарэвіч. Ператрус у музэі. Ганна Янкута. Час пустазельля.
- Дакумэнталістыка — Сяргей Харэўскі. Мінск у мастацтве.
- Дзіцячая літаратура — Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць.
Іх і ў полымя кідалі, і нажамі рэзалі, і брудам аблівалі, а яны жывуць і перамагаюць
Аўтар адной з кніг гэтага году змог прыехаць на яе прэзэнтацыю за мяжой, але потым з сабой дадому не павёз аніводнага асобніка. «Не хачу, каб памежнікі кідалі яе ў свае сьметніцы».
Іншаму сьведка расказаў, што пры ператрусах у сяброў забіраюць ягоныя кнігі з дарчымі надпісамі. Мо свае хатнія бібліятэкі, карыстаючыся, так бы мовіць, службовым становішчам, папаўняюць. Наўрад ці аўтар сам верыць у падобны лёс сваіх кніг. Як ня вераць і сябры ў тое, што некалі ім вернуць забраныя томікі.
І ўсё ж іх пішуць і пішуць, і зноў і зноў іх друкуюць. Кніганошы шнуруюць таемнымі сьцежкамі ў абодвух кірунках мяжы. І зноў і зноў іх чытаюць і перачытваюць, адзначаюць у рэйтынгах і ганаруюць на конкурсах.
Агульны сьпіс названых кніг
Паэзія:
- Уладзімер Някляеў. Сам/Sam. Калегіюм Усходняй Эўропы. (3).
- Алесь Разанаў. З маланкаю ў сэрцы. «Папуры». (2)
- Віктар Сямашка. Аўтар мае рацыю заўжды. «EkoPress». (2)
- Крысьціна Бандурына. Самае трывожнае лета. «Hochroth». (1)
- Наста Кудасава. Я працягваю. «Hochroth». (1)
- Андрэй Хадановіч. На беразе волі. «Hochroth». (1)
- Дзьмітрый Рубін. Выпадак. «Skaryna Press». (1)
- Яўгенія Пфляўмбаўм. Сонца. «Пфляўмбаўм». (1)
Проза:
- Альгерд Бахарэвіч. Ператрус у музэі. «Кнігаўка». (2)
- Ганна Янкута. Час пустазельля. «Янушкевіч». (2)
- Альгерд Бахарэвіч. Хлопчык і сьнег. «Кнігаўка». (1)
- Нетутэйшыя: Reversion. Беларуская экспэрымэнтальная драматургія («ТВЛ», «Бум-Бам-Літ»). «Галіяфы» і «Diaphanes». (1)
- Уладзімер Арлоў. Айчына. Частка другая. Ад Агінскага да Багушэвіча. «Kamunikat.org». (1)
- Мэір Шалеў. За сіняй гарой. Пераклад з іўрыту Паўла Касьцюкевіча. «Логвінаў». (1)
- Андрэй Федарэнка. Сцэнарыст. «Дзеяслоў» №№ 125-126. (1)
- Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор». (1)
- Кузьма Чорны. Збор твораў, том 1. «Беларуская навука». (1)
Дакумэнталістыка:
- Сяргей Харэўскі. Мінск у мастацтве. «Логвінаў». (3)
- Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка. Забытая экспэдыцыя 1926 года. «Беларуская навука». (2)
- Павел Каралёў. Купала і Колас жартуюць. «Цымбераў». (2)
- Генрых Кіршбаўм. Беларускі брыкалаж. «Vesna Books». (1)
- Валянцін Акудовіч. Трэба ўявіць Сізіфа шчасьлівым. «Логвінаў». (1)
- Вольга Вялічка. Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме. «Gutenberg». (1)
Дзіцячая літаратура:
- Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць. «Тэхналёгія». (4)
- Алесь Кудрыцкі. Казік з Каменнай Горкі. «Янушкевіч». (3)
- Надзея Ясьмінска. Сьнегурумі. «Папуры». (2)
- Аляксандар Калбаска. Эўрапейскія пуцявіны Францішка Скарыны. «Тэхналёгія». (1)
- Яна Вольская. Ашуканкі. «Slowianka». (1)
- Каток-пестунок. Складанка рыфмаванак беларускіх клясыкаў. «Slowianka». (1)
«Прабачце, не магу засяродзіцца — толькі што арыштавалі майго суседа»
Мы працягваем лічыць, што, нягледзячы на масавы вымушаны ад’езд літаратараў з радзімы, галоўныя чытачы застаюцца ў Беларусі. І яны ўсялякімі спосабамі здабываюць выдадзеныя за мяжой беларускія кнігі. Менавіта яны, на нашу думку, павінны — і маюць на тое пачэснае права — быць галоўнымі экспэртамі ў нашым кніжным рэйтынгу. Мы іх так і называем: Чытачка X. ці Чытач Y. Але нават пры ўсёй ананімнасьці многія, з прычын бясьпекі, змушаныя былі адмовіцца. Допіс жа аднаго з тых, хто захацеў далучыцца, але ў апошні момант адмовіўся, пакінем без камэнтароў. Ён сам красамоўна сьведчыць пра тое, у якіх умовах цяпер даводзіцца жыць беларускім кнігалюбам:
«Прабачце, не магу засяродзіцца — толькі што арыштавалі майго суседа».
Лічбы, спрэчкі і жанры
Кожны з тых, хто паўдзельнічаў у вызначэньні найлепшых кніг-2023, называў па адной у чатырох намінацыях. Названая кніга атрымлівала адзін бал. Колькі разоў кнігу яшчэ называлі, столькі балаў дадавалася. Сума іх пададзена ў дужках супраць кожнае кнігі ў агульным сьпісе.
Але некаторыя экспэрты прадставілі сваіх намінантаў не ўва ўсіх жанрах. У кагосьці няма прэтэндэнта на лепшага ў прозе, у кагосьці — у дакумэнталістыцы. «Прозу не магу назваць, перагартала за ўвесь год рэлізы, от нічога ня глянецца». Як кажуць, справа густу. І права на пагляднасьць.
Адна з кніг выклікала спрэчкі наконт жанравай прыналежнасьці. Некаторыя экспэрты зьмяшчалі яе ў намінацыю «проза», іншыя далучалі да дакумэнталістыкі. Спрэчкі дайшлі да адмовы колькіх асобаў ад удзелу ў апытанцы: «Усё роўна гэта нічога ня значыць... і да разьвіцьця літаратуры нічога не дадасьць».
Ну, мы ўсё ж ня так безнадзейна глядзім на сваю справу, як і на права некаторых кніг, якія здаюцца нон-фікшэнам, лічыцца сучаснаю прозай. Дастаткова хаця б згадаць, за што атрымала Нобэлеўскую прэмію Сьвятлана Алексіевіч, або некалькі кніг нашых калегаў — прэмію імя Ежы Гедройця, якую штогод прысуджаюць за найлепшую кнігу прозы.
Крыху пра выключэньні
Была сёлета ў нашых экспэртаў прапанова пераклады зрабіць асобнай намінацыяй. Але мы тут вызначаем уласна беларускую кнігу. І на гэтым настойваем. Выключэньне, што праўда, усё ж зрабілі для Мэіра Шалева, раман якога «За сіняй гарой» пераклаў з іўрыту Павал Касьцюкевіч.
І яшчэ адно выключэньне. Ужо з назвы зразумела, чаму мы яго залічылі да сваіх, — Генрых Кіршбаўм. Беларускі брыкалаж.
Упершыню (таксама ў якасьці выключэньня) сёлета разглядаўся часопісны варыянт раману. У асобнай вокладцы яго пакуль няма, але час такі, што кніжку аўтар мо й ня хутка зможа выдаць. Карацей, чытайце — Андрэй Федарэнка. Сцэнарыст. «Дзеяслоў» №№ 125-126.
Як галасавалі нашы экспэрты
Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык
- Паэзія: Крысьціна Бандурына. Самае трывожнае лета. «Hochroth».
- Проза: Альгерд Бахарэвіч. Ператрус у музэі. «Кнігаўка».
- Дакумэнталістыка: Генрых Кіршбаўм. Беларускі брыкалаж. «Vesna Books».
- Дзіцячая літаратура: Алесь Кудрыцкі. Казік з Каменнай Горкі. «Янушкевіч».
Алесь Аркуш, літаратар, кнігавыдавец
- Паэзія: Уладзімер Някляеў. Сам/Sam. Калегіюм Усходняй Эўропы.
- Проза: Альгерд Бахарэвіч. Хлопчык і сьнег. «Кнігаўка».
- Дакумэнталістыка: Валянцін Акудовіч. Трэба ўявіць Сізіфа шчасьлівым. «Логвінаў».
- Дзіцячая літаратура: Алесь Кудрыцкі. Казік з Каменнай Горкі. «Янушкевіч».
Чытачка Г.
- Паэзія: Наста Кудасава. Я працягваю. «Hochroth».
- Дакумэнталістыка: Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка. Забытая экспэдыцыя 1926 года. «Беларуская навука».
- Дзіцячая літаратура: Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць. «Тэхналёгія».
Сяргей Дубавец, пісьменьнік, журналіст
- Паэзія: Андрэй Хадановіч. На беразе волі. «Hochroth».
- Проза: Ганна Янкута. Час пустазельля. «Янушкевіч».
- Дакумэнталістыка: Сяргей Харэўскі. Мінск у мастацтве. «Логвінаў».
- Дзіцячая літаратура: Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць. «Тэхналёгія».
Зьміцер Вішнёў, літаратар, мастак, кнігавыдавец
- Паэзія: Дзьмітрый Рубін. Выпадак. «Skaryna Press».
- Проза: Нетутэйшыя: Reversion. Беларуская экспэрымэнтальная драматургія («ТВЛ», «Бум-Бам-Літ»). «Галіяфы» і «Diaphanes».
- Дакумэнталістыка: Сяргей Харэўскі. Мінск у мастацтве. «Логвінаў».
- Дзіцячая літаратура: Надзея Ясьмінска. Сьнегурумі. «Папуры».
Ванда Марцінш, паэтка, перакладчыца
- Паэзія: Віктар Сямашка. Аўтар мае рацыю заўжды. «EkoPress».
- Проза: Уладзімер Арлоў. Айчына. Частка другая. Ад Агінскага да Багушэвіча. «Kamunikat.org».
- Дакумэнталістыка: Сяргей Харэўскі. Мінск у мастацтве. «Логвінаў».
- Дзіцячая літаратура: Аляксандр Калбаска. Эўрапейскія пуцявіны Францішка Скарыны. «Тэхналёгія».
Чытачка Н.
- Паэзія: Алесь Разанаў. З маланкаю ў сэрцы. «Папуры».
- Проза: Ганна Янкута. Час пустазельля. «Янушкевіч».
- Дакумэнталістыка: Вольга Вялічка. Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме. «Gutenberg».
- Дзіцячая літаратура: Надзея Ясьмінска. Сьнегурумі. «Папуры».
Натальля Борд, паэтка, мастачка
- Паэзія: Уладзімер Някляеў. Сам/Sam. «Калегіюм Усходняй Эўропы».
- Проза: Мэір Шалеў. За сіняй гарой. Пераклад з іўрыту Паўла Касьцюкевіча. «Логвінаў».
- Дакумэнталістыка: Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч, Надзея Саўчанка. Забытая экспэдыцыя 1926 года. «Беларуская навука».
- Дзіцячая літаратура: Яна Вольская. Ашуканкі. «Slowianka».
Чытачка М.
- Паэзія: Яўгенія Пфляўмбаўм. Сонца. «Пфляўмбаўм».
- Проза: Альгерд Бахарэвіч. Ператрус у музэі. «Кнігаўка».
- Дзіцячая літаратура: Алесь Кудрыцкі. Казік з Каменнай Горкі. «Янушкевіч».
Чытач А.
- Паэзія: Алесь Разанаў. З маланкаю ў сэрцы. «Папуры».
- Проза: Андрэй Федарэнка. Сцэнарыст. «Дзеяслоў» №№ 125-126.
- Дзіцячая літаратура: Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць. «Тэхналёгія».
Чытачка В.
- Паэзія: Віктар Сямашка. Аўтар мае рацыю заўжды. «EkoPress».
- Проза: Іна Снарская. Зачараваны скарб. «Кнігазбор».
- Дакумэнталістыка: Павел Каралёў. Купала і Колас жартуюць. «Цымбераў».
- Дзіцячая літаратура: Андрэй Скурко. Хачу ўмець чытаць. «Тэхналёгія».
Васіль Дранько-Майсюк, літаратуразнаўца, пэдагог, рэжысэр
- Паэзія: Уладзімер Някляеў. Сам/Sam. «Калегіюм Усходняй Эўропы».
- Проза: Кузьма Чорны. Збор твораў, том 1. «Беларуская навука».
- Дакумэнталістыка: Павел Каралёў. Купала і Колас жартуюць. «Цымбераў».
- Дзіцячая літаратура: Каток-пестунок. Складанка рыфмаванак беларускіх клясыкаў. «Slowianka».
Радыё Свабода віншуе пераможцаў і спадзяецца, што наступны год для аматараў прыгожага пісьменства будзе больш спрыяльны.