Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі вырашыў датэрмінова пакінуць тэлеканал і патлумачыў чаму


Аляксей Дзікавіцкі, архіўнае фота
Аляксей Дзікавіцкі, архіўнае фота

Выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі меўся заставацца на пасадзе да 3 сьнежня, але падаў заяву аб звальненьні ўжо ад 22 лістапада. Ён вырашыў зрабіць гэта, каб яму не давялося фармальна ліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV», паведамляе тэлеканал.

Аляксей Дзікавіцкі паведаміў рэдакцыі «Белсату», што падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачаньня (TVP) заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне ад 22 лістапада:

«Сёньня я падаў заяву аб скасаваньні працоўнай дамовы з прапановаю зрабіць гэта паводле згоды бакоў і спыніць супрацу ўжо ў гэтую пятніцу», — сказаў ён.

Дзікавіцкі растлумачыў, што яму загадалі зьліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV», а ён ня хоча гэтага рабіць нават фармальна.

Рэакцыя кіраўніцтва Польскага тэлебачаньня на гэтую заяву аб звальненьні пакуль не вядомая.

15 лістапада рэдакцыя «Белсату» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэньне новай кіраўніцы — Аліны Коўшык. Чаму кіраўніцтва Польскага тэлебачаньня пастанавіла не пакідаць Дзікавіцкага на чале беларускай рэдакцыі, журналістам не патлумачылі, паведамляе тэлеканал. Дзікавіцкі меўся заставацца на пасадзе да 3 сьнежня.

Журналістам таксама абвясьцілі, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай, а стане часткай новага цэнтру замежнага вяшчаньня TVP, куды таксама залучаць англамоўны канал TVP World. Эфір «Белсату» падзеляць паміж трыма рэдакцыямі: беларускай, расейскамоўнай рэдакцыяй «Вот Так» і ўкраінскай, якая пакуль ня мае назвы. Кожная будзе мець сваіх 6 гадзінаў.

Аліна Коўшык цягам 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку ў якасьці вядоўцы, рэдактаркі і прадусаркі тэлепраграмаў. У верасьні 2022 году яна пайшла ў палітыку: далучылася да Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі, а потым трапіла ў Каардынацыйную раду. Яна ўжо пакінула абедзьве структуры дзеля працы на тэлеканале.

У этэры «Тыдня» Коўшык паабяцала, што «Белсат» застанецца незалежным каналам, без цэнзуры, каналам для беларусаў, які робяць беларусы.

Тэлеканал «Белсат» зазнаў глябальныя зьмены пасьля парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. У сакавіку 2024 году з пасады дырэктаркі звольнілі стваральніцу каналу Агнешку Рамашэўскую-Гузы, якая ўзначальвала канал ад моманту стварэньня да сакавіка 2024 году, агулам — больш за 18 гадоў. З таго часу абавязкі дырэктара «Белсату» выконваў Аляксей Дзікавіцкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG