Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвалі ляўрэатаў прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшыя пераклады


Абвешчаныя ляўрэаты прэміі для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана за 2021 і 2022 гады.

Як паведамляецца на старонцы у фэйсбуку Прэміі імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў, ляўрэатамі за 2021 год становяцца:

  • У намінацыі «Пераклад паэзіі» — «за дзёрзкае пераўвасабленьне фундамэнтальнага твора сусьветнай клясыкі» — Яўген Папакуль, які пераклаў з старажытнаісьляндзкай кнігу «Эда. Песьні пра багоў» («Галіяфы», 2021).
  • У намінацыі «Пераклад прозы» — «за бліскучую эквівалентнасьць і набліжанасьць да аўтарскай задумы» — Сяргей Шупа зь перакладам з гішпанскай мовы раману Габрыеля Гарсіі Маркеса «Восень патрыярха» («Янушкевіч», 2021).
  • У намінацыі «Пераклад дзіцячай кнігі» — «за глыбокае прачытаньне складанай казкі і майстэрскае захаваньне міталягічных элемэнтаў» — Сяргей Матырка з перакладам зь нямецкай кнігі Отфрыда Пройсьлера «Крабат. Легенда Чорнага млына» («Янушкевіч», «Koska», 2021).
Дыплёмы прэміі імя Карласа Шэрмана. Фота -- Аляксандар Драгавоз з фэйсбуку Сяргея Шупы.
Дыплёмы прэміі імя Карласа Шэрмана. Фота -- Аляксандар Драгавоз з фэйсбуку Сяргея Шупы.

Прэмія 2022 году ў намінацыі «Пераклад паэзіі» за 2022 год нададзеная Сяргею Шупу за пераклад з старажытнагабрэйскай «Песьні песьняў», выдавецтва «Vesna Books» («За віртуозны падыход да старадаўняй інтымна-рэлігійнай тэматыкі»).

Прэмію 2022 году ў намінацыі «Пераклад прозы» «за дасканаласьць перадачы мовы надзвычай актуальнага шматплянавага польскага бэстсэлера» атрымаў Мікола Раманоўскі і яго пераклад раману Шчэпана Твардаха «Кароль» («Янушкевіч», 2022).

Спэцыяльным прызам журы за «сьмелы перакладчыцкі дэбют» уганараваны Андрэй Строцаў за пераклад з ангельскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: Прынц Касьпіян» («Пазытыў-цэнтар», 2022).

У склад журы прэміі ўвайшлі пяцёра сябраў, сярод якіх літаратуразнавец, перакладчык, кандыдат філялягічных навук Дзяніс Кандакоў, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, перакладчык Сяргей Сматрычэнка.

У конкурсе ўдзельнічалі пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2021 і 2022 гадах. Сёлета суарганізатарамі прэміі выступаюць Bellvory Stiftung (Швайцарыя), Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў.

  • Прэмія імя Карласа Шэрмана — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменнікаў і дабрачыннага Фонду «Вяртаньне». Заснаваная ў 2016 годзе. Уручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG