Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі прапанавалі здымаць адбіткі пальцаў у іншаземцаў, якія едуць у Беларусь. Дэпутаты падтрымалі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Памежнік бачыць адбіткі пальцаў на маніторы кампутара. Горадня, 2015 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Памежнік бачыць адбіткі пальцаў на маніторы кампутара. Горадня, 2015 год

Супрацоўнікаў памежнай службы Беларусі могуць надзяліць правам здымаць адбіткі пальцаў у іншаземцаў пры іх уезьдзе ў Беларусь. Адпаведную прапанову Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) падтрымалі дэпутаты, піша БЕЛТА.

Падчас паседжаньня сталых камісій Палаты прадстаўнікоў у нацыянальнай бясьпецы і па міжнародных справах на базе памежнай заставы «Каменны Лог» у ДПК прапанавалі пашырыць пералік дакумэнтаў, на падставе якіх грамадзяне могуць знаходзіцца ў памежнай зоне. Дэпутаты падтрымалі гэтую прапанову.

«У рамках узмацненьня нашых паўнамоцтваў у пляне забесьпячэньня памежнай бясьпекі мяркуецца, што супрацоўнікі памежнай службы будуць ажыцьцяўляць дактыляскапаваньне адносна пэўнай катэгорыі іншаземцаў пры іх уезьдзе ў Беларусь», — паведаміў начальнік юрыдычнага ўпраўленьня ДПК Андрэй Куксаў.

Паводле яго, цяпер беларускія памежнікі «праводзяць экспэрымэнт па гэтым пытаньні». У далейшым, калі ініцыятыву падтрымаюць дэпутаты і гэта прапішуць ў заканадаўстве, памежнікі надалей будуць выконваць гэтую функцыю — браць адбіткі пальцаў у іншаземцаў пры перасячэньні мяжы.

Падчас паседжаньня абмяркоўвалі праблемы ў сфэры заканадаўства па пытаньнях гарантаваньня памежнай бясьпекі. «Размова ішла ў тым ліку аб карэктаваньні заканадаўства ў кантэксьце тых выклікаў і пагрозаў, якія сёньня ўзьнікаюць. Гэта зьвязана з ваенна-палітычнай абстаноўкай, якая склалася на нашых рубяжах», — адзначыў Куксаў.

  • Беларусаў нярэдка затрымліваюць з палітычных матываў пры вяртаньні з-за мяжы. Падставай можа стаць падпіска ці лайкі пад пастамі «экстрэмісцкіх» каналаў, данаты, дапамога палітвязьням і інш.
  • З палітычных матываў у Беларусі затрымліваюць ня толькі беларусаў, але і замежнікаў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у палітычных крымінальных справах у Беларусі, зь іх 30 прызнаныя палітвязьнямі.
  • Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану. Іх у Беларусі судзілі паводле артыкулаў «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (арт. 368), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342), «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4), «распальваньне варожасьці» (арт. 130), «хуліганства» (арт. 339), «апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці» (арт. 341), «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» (арт 179), а таксама паводле артыкулаў «агентурная дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG