Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборнікі твораў клясыка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча прызналі «экстрэмісцкімі»


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фотакаляж
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фотакаляж

Суд Жыткавіцкага раёну 8 лістапада прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двухтамовы збор твораў Дунін-Марцінкевіча «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьцi i апавяданьнi», выдадзены ў 2007–2008 гадах дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя:

  • Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў. У 2 т. Т.1 Драматычныя творы, вершаваныя аповесьці і апавяданьні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; [уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камэнт. Я. Янушкевіча]. — Менск: Мастацкая літаратура, 2007.— 494 с.
  • Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў. У 2 т. Т.2 Вершаваныя аповесьці і апавяданьні, вершы, публіцыстыка, лісты і пасланьні, пераклады, Dubia / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; [уклад. з тэкст. падрыхт., пер. Я. Янушкевіча]. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008. — 598 с.

У жніўні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» на просьбу пракуратуры Менску прызналі прадмову Язэпа Янушкевіча да кнігі выдавецтва «Беларускі кнігазбор» «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы» і два вершы Дунін-Марцінкевіча — «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». Гэтыя вершы клясык беларускай літаратуры напісаў перад паўстаньнем Кастуся Каліноўскага супраць расейскага імпэрскага прыгнёту на беларускіх землях.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — беларускі паэт, драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатру, першы клясык новай беларускай літаратуры. Падчас паўстаньня 1863–1864 гадоў абвінавачваўся ў распаўсюджваньні «шкодных для ўраду» ідэй. Расейская паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданьняў. Хоць непасрэднага ўдзелу Дунін-Марцінкевіча ў паўстаньні не даказалі, яго арыштавалі і пісьменьнік больш за год правёў у менскай турме.

5 фактаў пра Дунін-Марцінкевіча

  • Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–1864 гадоў царскія ўлады абвінавацілі Дунін-Марцінкевіча ў распаўсюдзе «шкодных для ўраду» твораў. Хоць удзел яго ў паўстаньні ня быў даказаны, пісьменьніка арыштавалі. Ён год праседзеў у Пішчалаўскім замку. А пад паліцэйскім наглядам заставаўся да самай сьмерці ў 1884 годзе.
  • Дачку Дунін-Марцінкевіча Камілу таксама арыштавалі за ўдзел у паўстаньні, яна сядзела за кратамі ў Пішчалаўскім замку (цяперашняя «Валадарка». — РС) і была сасланая ў Сібір, у горад Салікамск. Вярнуцца на Радзіму яна змагла толькі праз дваццаць гадоў.
  • Помнік Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу і кампазытару Станіславу Манюшку паставілі ў самым цэнтры Менску, на плошчы Свабоды, у 2016 годзе.
  • У Купалаўскім тэатры «Пінская шляхта», пастаўленая ў 2008 годзе да 200-годзьдзя пісьменьніка, была папулярным спэктаклем, на які было вельмі цяжка трапіць, квіткі разыходзіліся імгненна.
  • Менскі гарадзкі суд і суд Фрунзэнскага раёну сталіцы месьцяцца на вуліцы Дунін-Марцінкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG