Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч: «Знаходжу апірышча ў беларускай мове, а найбольш камфортна пачуваюся ў спазнаньні літоўскай літаратуры і культуры»


 Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Пра беларускі літаратурны працэс у замежжы, цэхавую еднасьць ды пошукі творчага апірышча на выгнаньні пагаварылі зь літаратарам, галоўным рэдактарам сайту bellit.info Ціханам Чарнякевічам.

«Прыхінацца лепей да людзей, якім ужо давяраеш адсоткаў на восемдзесят»

— На чужыне многім важна знайсьці нейкае прафэсійнае апірышча, займець пачуцьцё цэхавай еднасьці. Да якіх літаратурных суполак ці арганізацый могуць цяпер прыхінуцца беларускія пісьменьнікі-эмігранты? Як і ў якіх краінах яны могуць гэта зрабіць?

— Для сябе я знаходжу апірышча ў беларускай мове. Працягваю размаўляць, чытаць кнігі, пісаць, удзельнічаць ва ўсім, што можа неяк адгукнуцца ў людзях, якія любяць ці хацелі б палюбіць кнігу. Да арганізацый, суполак ці партый усю дарогу стараюся прыхінацца вельмі акуратна, памятаючы пра тыя папярэджаньні, якія і дагэтуль жывуць на дзьвярах менскага мэтро. Прыхінацца лепей да людзей, якім ужо давяраеш адсоткаў на восемдзесят (дваццаць пакінуўшы на дыскусійнае абмеркаваньне). Каб з гэтымі людзьмі працягваць справу, якую ты любіш. У цэлым гэта, напэўна, мая асноўная парада тым, хто хоча некуды ўступіць — ня важна, у якой краіне яны жывуць.

«У Школе маладога пісьменьніка летась вучыліся людзі з Танзаніі, сёлета — з Бразыліі»

— Ці ўдалося адрадзіць за мяжой нейкія літаратурныя традыцыі, якія склаліся раней на радзіме? Калі так, то што менавіта?

— Збольшага ўсё акрыяла, на маю думку. Калі і ёсьць сур’ёзныя праблемы, то лягістычныя. Бо раней мы ўсе хадзілі ў адны і тыя ж крамы альбо рабілі замовы на двух-трох сайтах. Цяпер і кніга, і спажыўцы расьцярушаныя па ўсёй плянэце. У Школе маладога пісьменьніка летась вучыліся людзі з Танзаніі, сёлета — з Бразыліі. Працуе літаратурны клюб у Новай Зэляндыі. Уручаюцца літаратурныя прэміі. Што-кольвек удаецца рабіць для аб’яднаньня і камунікацыі. Для мяне вельмі дарагі штогадовы Стральцоўскі паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце», які трэці раз ужо будзе адбывацца ў Літве. Выдатна, што ладзіцца фэстываль «Прадмова», які праходзіць адразу ў некалькіх краінах. Файна, што міжнародныя кніжныя кірмашы цяпер часта запрашаюць беларускія выдавецкія стэнды, а на іх зьяўляюцца ўсё новыя і новыя беларускія выдавецтвы.

Акрамя таго, ёсьць разавыя сустрэчы літаратараў з чытачамі ў самых розных гарадах і краінах. Гэта стварае цыркуляцыю кнігі, камунікацыю з аўтарамі сучасных літаратурных твораў. Вельмі дапамагаюць распаўсюду пасьпяховыя праекты аўдыёкніг. Ясна, што ўсё гэта павінна быць доўгатэрміновым працэсам з пастаянным паляпшэньнем і разьвіцьцём, а плянаваць штосьці ў такой турбулентнасьці даволі няпроста. Але, па-мойму, літаратары пакуль спраўляюцца.

«Мы на парозе зьяўленьня новай хвалі, як мінімум у беларускай паэзіі, зь дзясяткамі новых імёнаў»

— Ці можна сёньня сказаць, што і па-за ўласна Беларусьсю ёсьць літаратурны працэс? У чым найбольш яскрава ён праяўляецца?

— Тэрмін «літаратурны працэс», падаецца, даволі мэханізаваны, трошкі канструктывісцкі. Я для сябе перакладаю яго як «напісаньне твораў». Яно ідзе. І новыя вершы, і новая проза зьяўляюцца рэгулярна. Штосьці мне падказвае, што мы на парозе зьяўленьня новай хвалі, як мінімум у беларускай паэзіі, зь дзясяткамі новых імёнаў. Вядома, будзе ісьці і перакладная літаратура, і такіх пазыцый у каталёгах будучай Незалежнай кніжнай палаты стане больш, як арыгінальнай. Але гэта натуральная рэч. У кожнай краіне так. Наогул, «працэсы ідуць». Калі трохі задумаюся, то магу, напэўна, 50–60 цікавых літаратурных кніг назваць, якія сёлета выйшлі. Цалкам нядрэнна.

«Мару пра эўрапейскую сетку беларускіх кнігарняў»

— Пісьменьнікам, як, зрэшты, і іншым творцам, важна мець нейкія месцы, куды яны могуць заўсёды прыйсьці і сустрэць там калегаў, сяброў, чытачоў. Дзе ў іх ёсьць такая магчымасьць?

— Офлайнавых пляцовак пакуль што, на жаль, вельмі мала. Мару пра эўрапейскую сетку беларускіх кнігарняў з магчымасьцю праводзіць прэзэнтацыі, невялікія сустрэчы і канцэрты, запрашаць аўтараў — ну і, вядома, купіць кніжку ад дзіцячай, для зусім маленькіх чытачоў, да рознай галіновай гістарычнай, нонфікшн і мастацкай літаратуры. Як і сеткі беларускіх школаў. Усё гэта базавыя рэчы, абсалютна неабходныя для нармальнага існаваньня.

«Пакуль што задавальняемся онлайн-фарматам»

— Да выданьня кнігі многія аўтары здаўна любяць рабіць апрабацыю сваіх твораў у часопісах ці іншых літаратурных пэрыёдыках. Ці ўзьніклі ў іх такія магчымасьці за мяжой?

— Папяровых выданьняў, якія штомесяц ці штотыдзень можна купіць, бадай што, не назаву. Хаця калі б хто зрабіў такі часопіс ці газэту, я падпісаўся б у той жа дзень. Пакуль што задавальняемся онлайн-фарматам. Для паэтаў ёсьць часопіс «Таўбін». Для празаікаў нядаўна аднавілася «Літрадыё». І там, і там зьяўляюцца таксама агляды кніг і пераклады. Макс Шчур нядаўна паабяцаў аднавіць часопіс «Літраж». Часам друкуе штосьці па-беларуску часопіс Uzhmedia. Наагул малавата, канечне. Але цяпер вельмі часта людзі пішуць і публікуюцца ў сацыяльных сетках. Я, напрыклад, асноўную долю новых твораў менавіта там і прачытваю ўпершыню. Праўда, з прозай гэта рабіць цяжкавата. Магчыма, варта было б зрабіць для яе асобны онлайн-часопіс.

«Працы, у цэлым, гадоў на пятнаццаць, але мы ўжо няблага прасунуліся»

— А bellit.info, які вы рэдагуеце, — што гэта за партал і дзеля чаго ён створаны?

— Ён працуе найперш як акумулятар інфармацыі пра беларускую літаратуру. Пра тыя самыя 50–60 цікавых беларускіх кніг, якія сёлета выйшлі, вы можаце акурат там і даведвацца апэратыўна. Альбо вывесьці іх па тэгах у скразную лінію. Другая вялікая частка працы — гэта стварэньне некалькіх галіновых базаў дадзеных па беларускіх літаратарах за ўвесь пэрыяд існаваньня нашай літаратуры: біяграфічнай, візуальнай і мультымэдыйнай, базы рукапісаў і аўтографаў, архіў літаратурнай крытыкі, мапы літаратурнага нэкропалю. Працы, у цэлым, гадоў на пятнаццаць, але мы ўжо няблага прасунуліся.

«Можна сказаць, увесь час пішу чарнавікі»

— Мы ведалі Ціхана Чарнякевіча як адметнага літаратурнага крытыка і літаратуразнаўцу. Апошнім часам пачалі зьяўляцца публікацыі паэта і перакладчыка Ціхана Чарнякевіча. У якім з усіх гэтых (а магчыма, і ня толькі гэтых) жанраў вы самі сябе цяпер найбольш упэўнена адчуваеце?

— Вельмі ўпэўнена — мабыць, ні ў якім. Заўсёды празь нейкі тыдзень-другі бачу, што варта было б паправіць. Таму, можна сказаць, увесь час пішу чарнавікі. Найбольш цікава, бо dabar gyvenu Vilniuje (цяпер я жыву ў Вільні), вучыць літоўскую мову, патрохі перакладаць, дый проста чытаць тое, што думаюць літоўцы. Вельмі багатая літаратура і культура, файныя мастакі і фатографы — усё гэта спазнаю фактычна з нуля, і ў гэтым пазнаньні, відаць, і адчуваю сябе найбольш упэўнена і камфортна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG