Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла праект закону аб спыненьні дзеяньня дамовы зь Беларусьсю аб узаемным забесьпячэньні аховы дзяржаўных сакрэтаў.
Адпаведны законапраект сёлета ў красавіку ініцыяваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Беларусь і Ўкраіна падпісалі гэтую дамову ў лютым 2004 году, украінскі парлямэнт ратыфікаваў яе ў кастрычніку 2005 году.
Апэратарамі рэалізацыі дакумэнту з украінскага боку была Служба бясьпекі, а зь беларускага — Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.
Дамова прадугледжвала ўзаемную абарону дзяржаўных сакрэтаў і магчымую іх перадачу трэцім краінам толькі пры пісьмовым узгадненьні другога боку.
Апроч таго, Вярхоўная рада Ўкраіны ўхваліла закон аб спыненьні ў дачыненьнях з Расеяй і Беларусьсю дзеяньня дамовы аб супрацы ў галіне працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны працоўных мігрантаў і адпаведнага пратаколу да яе ад 15 красавіка 1994 году.
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны таксама падтрымалі ўрадавую ініцыятыву аб выхадзе Ўкраіны з пагадненьня ад дзяржаўнай сацыяльнай дапамозе членаў сямей вайскоўцаў, загінулых у Аўганістане і іншых краінах, дзе вяліся баявыя дзеяньні. Цяпер усе гэтыя законы мусіць падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Яны набудуць юрыдычную моц пасьля афіцыйнай публікацыі.
Усяго з пачаткам вайны Ўкраіна спыніла дзеяньне, выйшла або дэнансавала больш за 30 пагадненьняў і дамоваў зь Беларусьсю. Гэта адбылося пасьля таго, як кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію супраць Украіны, а таксама дазволіла Расеі карыстацца ўсёй вайсковай інфраструктурай для ўварваньня расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну, а таксама беларускай паветранай прасторай для абстрэлаў украінскіх гарадоў.