На пасаду дырэктара Нацыянальнай выведкі Трамп намінаваў былую кангрэсмэнку ад Дэмакратычнай партыі Талсі Габард, а на пасаду генэральнага пракурора — кангрэсмэна ад штату Флорыда Мэта Гетца, паведамляе Associated Press.
Ураджэнец Флорыды Рубіё мае стаць першым лацінаамэрыканцам на пасадзе галоўнага дыплямата ЗША, пісаў «Голас Амэрыкі».
Хто такі Марка Рубіё?
53-гадовы Марка Рубіё, сын кубінскіх імігрантаў, адзін з самых вядомых прыхільнікаў актыўнай замежнай палітыкі Злучаных Штатаў. Ён вядомы рэзкай крытыкай аўтарытарных рэжымаў — кітайскага, іранскага, кубінскага. Падчас першага прэзыдэнцкага тэрміна Дональда Трампа Рубіё быў адным з ініцыятараў законапраекту, які ўскладняе працэдуру адмовы ЗША ад сяброўства ў NATO. Гэта быў адказ на скептычнае стаўленьне прэзыдэнта Трампа да NATO.
Аднак пасьля Рубіё выказваў падобныя з Дональдам Трампам погляды ў міжнародных пытаньнях. У красавіку сёлета ён быў адным з 15 сэнатараў-рэспубліканцаў, якія прагаласавалі супраць выдзяленьня Ўкраіне шматмільярднага пакета дапамогі. У сваіх апошніх інтэрвію ён казаў аб тым, што Ўкраіне неабходна засяродзіцца на дасягненьні дамоўленасьці з Расеяй, калі нават яно не прывядзе да вяртаньня ўсёй акупаванай Расеяй украінскай тэрыторыі. Канфлікт, паводле яго, «неабходна завяршыць».
«Я не прыхільнік Расеі, але, на жаль, рэальнасьць заключаецца ў тым, што вайна ва Ўкраіне скончыцца ў выніку мірнага пагадненьня», — казаў Рубіё у нядаўнім інтэрвію тэлекампаніі NBC.
На пасаду дырэктара Нацынальнай выведкі Трамп намінаваў былую кангрэсмэнку ад Дэмакратычнай партыі Талсі Габард. У 2020 годзе Габард спрабавала вылучацца ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі. Але пазьней яна перайшла ў Рэспубліканскую партыю і ўдзельнічала ў кампаніі Дональда Трампа.
На пасаду генэральнага пракурора Трамп намінаваў кангрэсмэна ад штату Флорыда Мэта Гетца. Як паведамляе Associated Press, камісія па этыцы Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША дагэтуль расьсьледуе абвінавачаньні супраць Гетца ў тым, што мае дачыненьне да незаконнай схемы сэкс-гандлю. Міністэрства юстыцыі ЗША ў 2023 годзе закрыла справу супраць Гетца, ня вылучыўшы супраць яго ніякіх абвінавачаньняў.
Раней у панядзелак было абвешчана аб тым, што Дональд Трамп мае намер прызначыць на пасаду свайго дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі чальца Палаты прадстаўнікоў ад Флорыды Майкла Ўолца, які таксама вядомы як прыхільнік рашучай замежнай палітыкі, асабліва ў дачыненьні да Кітая і Ірана. Уолц, які служыў у сілах спэцыяльнага прызначэньня падчас ваеннай кампаніі ў Афганістане, рэзка крытыкаваў рашэньне адміністрацыі Байдэна аб вывадзе войскаў з гэтай краіны.
На пасаду прадстаўніка ЗША ў ААН Дональд Трамп мае намер прызначыць Эліз Стэфанік, якая прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў штат Нью-Ёрк. Яна галоўным чынам вядомая сваёй актыўнай падтрымкай Ізраілю. Яна заклікала да «поўнай пераацэнкі» фінансаваньня ААН Злучанымі Штатамі і блякаваньня сродкаў, што выдзяляюцца на агенцтва ААН, якое дае гуманітарную дапамогу палестынскім уцекачам.