Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пяць гадоў адпрацоўкі — гэта ж прыгоннае права!». Студэнты мэдычных ВНУ пра ініцыятыву Лукашэнкі


Мэдычная дапамога. Архіўнае фота
Мэдычная дапамога. Архіўнае фота

У Беларусі не хапае 4904 лекараў-спэцыялістаў і 4060 мэдсёстраў. Каб вырашыць праблему дэфіцыту мэдыкаў, Аляксандар Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрмін абавязковай адпрацоўкі пасьля мэдунівэрсытэту да 5 гадоў.

Пагаварылі са студэнтамі старшых і выпускных курсаў, ці гатовыя яны пасьля 7 гадоў вучобы адпрацоўваць яшчэ 5 гадоў.

«Пяць гадоў ідзі адпрацуй. Замуж, яшчэ кудысьці там... Гэта не прымаецца»

Прычынай дэфіцыту мэдыкаў часьцей за ўсё называюць невысокія заробкі (асабліва ў маладых спэцыялістаў, у якіх няма стажу і катэгорыі), ад’езд адмыслоўцаў за мяжу, а таксама запалохваньні, масавыя затрыманьні і «пасадкі» лекараў.

На сёньня ў палітычных крымінальных справах асуджана як мінімум 13 лекараў на тэрміны ад 2 да 6 гадоў. Ледзьве ня кожны дзень зьяўляюцца паведамленьні пра затрыманьні мэдыкаў у адміністрацыйных справах. Апошні прыклад — дактары Наваполацкай раённай лякарні, якіх затрымалі за перапосты.

Ня першы раз праблему дэфіцыту мэдыкаў Лукашэнка загадвае вырашыць за кошт выпускнікоў мэдунівэрсытэтаў. 23 траўня на рэспубліканскай нарадзе ён прапанаваў павялічыць тэрмін абавязковай адпрацоўкі бюджэтнікам, якія паступілі з мэтавым накіраваньнем, да 5 гадоў.

«Нібыта і рыхтуем дастаткова лекараў і мэдсёстраў, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжою. Разьбярыцеся з мэтавікамі... І ніякіх адгаворак пасьля таго, як адвучысься. Ты павінен 5 гадоў там адпрацаваць. Замуж, яшчэ кудысьці там... Гэта не прымаецца. Пяць гадоў ідзі адпрацуй. Мы трацім калясальныя грошы на падрыхтоўку мэдыкаў. У ніводнай сфэры такіх затрат няма, а ў нас усё вольніца», — прыгразіў выпускнікам мэдунівэрсытэтаў Аляксандар Лукашэнка.

Сёлета чатыры мэдунівэрсытэты выпусьцілі 2330 маладых спэцыялістаў

Выпускнікамі мэдунівэрсытэтаў краіны тэарэтычна можна закрыць амаль палову вакансій лекараў.

  • Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт — 780 выпускнікоў
  • Віцебскі мэдунівэрсытэт — 612 выпускнікоў (зь іх 421 чалавек — лячэбны факультэт, 35 — стаматолягі, астатнія — фармацэўты).
  • Горадзенскі мэдунівэрсытэт — 450 выпускнікоў
  • Гомельскі мэдунівэрсытэт — 484 выпускнікі.

Зь ліку 780 выпускнікоў БДМУ ў дзяржаўныя мэдустановы разьмеркавалася прыкладна палова — каля 400 чалавек.

«Зь цяжкасьцю сяброўка „вытаргавала“ Сьветлагорск. У Лоеў так нікога і не разьмеркавалі»

Пагаварылі са студэнтамі старшых і выпускных курсаў пра тое, ці гатовыя яны адпрацоўваць пяць гадоў і як праходзіла разьмеркаваньне сёлета.

Алена (імя зьмененае) сёлета заканчвае Гомельскі дзяржаўны мэдунівэрсытэт. Разьмеркавалася лекарам агульнай практыкі ў райцэнтар, хоць марыла працаваць вузкім спэцыялістам.

Яна расказала, што ў Гомель на канчатковае разьмеркаваньне прыяжджаў міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч, бо многія не былі задаволеныя вынікамі папярэдняга разьмеркаваньня: студэнты зь меншым балам траплялі ў лепшыя месцы.

«У маёй сяброўкі быў даволі высокі бал — 8,35. Міністар угаворваў яе паехаць у Лоеў: „Там добры шпіталь, нядаўна быў рамонт“. Яна не пагадзілася катэгарычна: „Там зусім маленькі гарадок, няма сучаснага абсталяваньня, пацыентаў са складанымі выпадкамі накіроўваюць у абласны цэнтар“, — маўляў, яна там не атрымае патрэбнай практыкі. Зь цяжкасьцю сяброўка „вытаргавала“ Сьветлагорск. У Лоеў так нікога і не разьмеркавалі.

Яшчэ адна мэтавая выпускніца Гомельскага мэдунівэрсытэту прасіла разьмеркаваць яе ў Бабруйск: у яе там жытло, малады чалавек, яны зьбіраюцца пажаніцца. Яна так палымяна маліла міністра пайсьці ёй насустрач! У выніку ёй дазволілі паехаць на год у інтэрнатуру ў Бабруйск, а адпрацоўваць, маўляў, яна ўсё адно будзе ў Мар’інай Горцы. Ведаючы сяброўку, я перакананая, што ніколі не даедзе яна да той Мар’інай Горкі. Я ўпэўненая, калі чалавек не захоча паехаць у „глыбінку“, ніякімі пернікамі яго не прымусіш», — кажа сёлетняя выпускніца Гомельскага мэдунівэрсытэту Алена.

«Маральна я была гатовая адпрацаваць два гады. Але пяць — гэта ж прыгоннае права!»

Ганна вучыцца ў БДМУ па мэтавым накіраваньні аднаго з абласных упраўленьняў аховы здароўя. Пра нястачу лекараў і нагрузку на іх на пэрыфэрыі добра ведае: у яе маці — доктар, загадчыца аддзяленьня раённага шпіталя. Прычым Ганна ўсьведамляе, на што ішла, маючы мэтавае накіраваньне.

«Маральна я была гатовая адпрацаваць 2 гады па разьмеркаваньні. Але, пачуўшы загад Лукашэнкі пра такую „абавязалаўку“ пасьля мэду, я ў шоку! Пяць гадоў — ну гэта ж прыгоннае права! Так, дзяржава патраціла грошы на маю адукацыю. Але ж і я ня біла лынды! Уяўляеце, якія прахадныя балы ў мэд? А як цяжка там вучыцца!

Вось думаю: ці варта мне канчаць вучобу ў Беларусі, праходзіць усе этапы: інтэрнатуру, разьмеркаваньне ў пяць гадоў? Альбо кінуць вучобу і пачынаць усё з пачатку ў той жа Польшчы?

Адна мая каляжанка ў канцы 2020-га выехала ў Польшчу — яна была завадатаркай пратэстаў ва ўнівэры, ёй пагражала крыміналка. Адважылася кінуць 4 курс пэдыятрычнага факультэту і пачынаць з нуля. Вывучыла польскую мову, паступіла ў Варшаўскі мэд, вучыцца. Ні пра што не шкадуе. Хоць і прызнаецца, што і там цяжка вучыцца», — кажа Ганна.

Яе таксама вельмі натхняюць гісторыі пасьпяховых беларусаў-лекараў, якія пацьвярджаюць свае дыплёмы і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, і нават у ЗША — літаральна днямі яна чытала такую аптымістычную гісторыю пра былую лекарку-блогерку з 10-й сталічнай клінікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG