Распрацаваная новая рэдакцыя закону «Аб ахове здароўя», праект зьмяненьняў апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Цяпер, як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, законапраект рыхтуецца да першага чытаньня, у палату ён паступіў 11 красавіка. Дзейная рэдакцыя закону зьявілася ў 2020 годзе.
Законапраектам уносяцца зьмяненьні ў сыстэму клінічнай ардынатуры — формы прафэсійнай падрыхтоўкі лекараў-спэцыялістаў і тых, хто атрымаў вышэйшую мэдычную адукацыю за мяжой. Мэдыкі, якія прайшлі падрыхтоўку ў ардынатуры за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў, абавязаныя будуць адпрацаваць у дзяржаўнай установе аховы здароўя пяць гадоў замест двух. У самой ардынатуры мэдыкі вучацца два гады вочна і тры завочна.
Згодна з дакумэнтам, арганізацыі аховы здароўя ўсіх форм уласнасьці маюць права прайсьці мэдычную акрэдытацыю на адпаведнасьць нацыянальным крытэрыям мэдычнай акрэдытацыі. Цяпер акрэдытацыю абавязаныя праходзіць толькі дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя.