Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як гэта было калісьці ў СССР», — Вальфовіч прапанаваў прызываць студэнтаў у войска


Аляксандар Вальфовіч
Аляксандар Вальфовіч

Пра гэта дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч гаварыў на нарадзе з кіраўнікамі ВНУ ў Міністэрстве адукацыі, паведамляе БЕЛТА.

Ягоная ініцыятыва прагучала як запрашэньне да рэктараў ВНУ ўзяць удзел у абмеркаваньні прапановы.

«Дам ім час для таго, каб яны гэта абдумвалі і падалі ў выглядзе сваіх думак, прапановаў у дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі. Як навучаць студэнтаў на вайсковых катэдрах, як увогуле яны глядзяць і ставяцца да таго, каб студэнтаў прызываць ва Ўзброеныя сілы, як гэта было калісьці ў Савецкім Саюзе. Бо ўсё новае — гэта добра забытае старое», — заявіў Вальфовіч.

Ён даў наступнае тлумачэньне сваёй прапановы:

«Малады чалавек, які паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову, а потым пайшоў служыць, год адслужыў і вярнуўся на другі-трэці курс сьпелым — на яго і дзяўчаты будуць па-іншаму глядзець».

Вальфовіч лічыць, што служба ў войску дапаможа студэнту зразумець, навошта ён паступаў у ВНУ.

У рэчышчы павелічэньня прыдатнага да вайсковай службы кантынгенту — і распараджэньне, якое паступіла ў лячэбныя ўстановы Берасьцейскай вобласьці ад галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя.

Паводле яго, у сувязі з пазачарговым прызывам на вайсковыя зборы па праверцы баяздольнасьці і мабілізацыйнай гатоўнасьці трэба «ўзмацніць кантроль за выдачай лістоў аб непрацаздольнасьці, абгрунтаванасьцю шпіталізацыі» пры зваротах вайсковаабавязаных са скаргамі на стан здароўя.

Дакумэнт апублікаваў тэлеграм-канал мэдыкаў «Белые халаты».

Канал тлумачыць, што паводле распараджэньня пры звароце любога вайсковаабавязанага чалавека, а гэта большасьць мужчын ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў, а таксама жанчыны-мэдыкі ва ўзросьце да 45–50 гадоў, трэба склікаць кансыліюм для выдачы бальнічнага або рашэньня аб шпіталізацыі.

  • Сьпіс захворваньняў, пры якіх у Беларусі не бяруць у войска, даволі шырокі. Але часьцей за ўсё прычынамі непрыдатнасьці становяцца шызафрэнія і іншыя псыхічныя разлады, сур'ёзныя парушэньні зроку, гіпэртанія, плоскаступнёвасьць, язва страўніка, ВІЧ, скаліёз, астма.
  • Аднак у Беларусі маюць намер зьнізіць патрабаваньні да стану здароўя прызыўнікоў. Гэта тычыцца як тых, хто мае намер служыць па кантракце, так і вайскоўцаў тэрміновай вайсковай службы і службы ў рэзэрве. Міністэрства абароны сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя пачалі працу ў гэтым напрамку.
  • У Беларусі прызыўнікі, якія скончылі ВНУ, маюць права на дэмабілізацыю праз год ад прыняцьця прысягі. Калі ў ВНУ была вайсковая катэдра, то тэрмін службы скарачаецца да 6 месяцаў. Прызыўнікі, якія ня маюць вышэйшай адукацыі, служаць 18 месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG