Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя падрабязнасьці судоў над мэдыкамі наваполацкай лякарні


Віктар Бабарыка ў судзе. Архіўнае ілюстрацыйнае фота.
Віктар Бабарыка ў судзе. Архіўнае ілюстрацыйнае фота.

Наваполацкіх мэдыкаў асудзілі паводле абвінавачваньня ў распаўсюджваньні «экстрэмісцкай» прадукцыі і несанкцыянаваным пікетаваньні.

Сталі вядомыя падрабязнасьці судоў, якія прайшлі над затрыманымі 17 траўня супрацоўнікамі Наваполацкай цэнтральнай гарадзкой бальніцы.

Як паведаміла BPN крыніца, якая пажадала застацца неназванай, хірург Міхаіл Пачкоўскі і уроляг Павал Стальмакоў арыштаваныя на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць).

Загадчыца аддзяленьня гінэкалёгіі Ірына Васільева і фэльчар хуткай дапамогі Натальля Первянёнак атрымалі 10 сутак арышту па арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Первянёнак асуджаная за сьцяг Украіны на аватарцы ў сацсетцы.

У Васільевай маці — інвалід першай групы, якая патрабуе догляду.

Спэцыялістка ультрагукавай дыягностыкі Ала Стальмакова, у якой двое непаўналетніх дзяцей, аштрафаваная на 100 базавых велічыняў (3.700 рублёў). Артыкул КаАП невядомы.

Ініцыятыва «Белыя халаты» паведамляе аб арышце на 15 сутак мэдсястры хірургічнага аддзяленьня Сьвятланы Грыгаровіч. Артыкул КаАП не прыводзіцца.

Затрыманьні мэдработнікаў адбыліся пасьля ўцечкі са шпіталя інфармацыі аб знаходжаньні там палітвязьня Віктара Бабарыкі, які быў дастаўлены ў цяжкім стане з прыкметамі зьбіцьця зь мясцовай калёніі.

Месцазнаходжаньне і стан Віктара Бабарыкі па-ранейшаму невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG