Канадзец Крэйг Вудкрафт узначальваў каманду чатыры сэзоны запар, а ўсяго пяць сэзонаў. Вудкрафт паставіў рэкорд клюбу ў колькасьці матчаў на чале каманды — ён правёў 303 матчы.
Пра адстаўку афіцыйна паведаміў тэлеграм-канал клюбу.
За час працы Вудкрафта «Дынама» чатыры разы выходзіла ў плэй-оф Кантынэнтальнай хакейнай лігі (КХЛ), прычым тройчы запар, але кожны раз выбывала на першым этапе. Сёлета «зубры» саступілі СКА з Санкт-Пецярбургу.
Пасьля вылету з плэй-оф КХЛ дынамаўцы прагулялі таварыскі паядынак камандзе Лукашэнкі. Сам жа Лукашэнка раскрытыкаваў супернікаў за праведзены сэзон.
Пакуль невядома, ці будзе Вудкрафт далей трэнаваць зборную Беларусі, якую ўзначальваў паралельна з «Дынама». Канадзец ня здолеў вывесьці зборную на Алімпійскія гульні ў Пэкіне. Варта адзначыць, што ў камандзе было нямала натуралізаваных гульцоў, адразу пяць — брамнік Дэні Тэйлар, палявыя гульцы Нік Бэйлен, Шэйн Прынс, Франсіс Парэ і Джэф Плэт.