У верасьні Беларускаму дому ў Варшаве споўніцца 13 гадоў. Яго сузаснавальнік Алесь Зарамбюк стаў палітэмігрантам у 2010 годзе. Быў грамадзкім актывістам, дэпутатам Мастоўскага райсавету, у 2004-м балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў, у 2010-м — у Горадзенскі абласны савет дэпутатаў. Кандыдатам яго зарэгістравалі, аднак абласны КДБ на чале з Іванам Каржом завёў крымінальную справу. Алесь выехаў праз Расею ва Ўкраіну. Хацеў там застацца, бо і мова блізкая, і шмат сяброў там было. Але прыйшоў да ўлады Віктар Януковіч.
Зарамбюк вырашыў паехаць у Польшчу, дзе па праграме Каліноўскага вучылася яго сястра, якую пасьля Плошчы 2006 году выключылі зь беларускага ўнівэрсытэту. У Варшаве і зьявілася ідэя стварыць Беларускі дом — тут былі розныя пакаленьні эмігрантаў зь Беларусі, яны штосьці рабілі, але не было супольнага цэнтру, які б іх аб’ядноўваў, кажа актывіст.
«А потым здарылася 19 сьнежня 2010 году, Плошча. На той момант у Беларусі былі жахлівыя рэпрэсіі (праўда, з 2020 годам іх не параўнаць). І ў канцы 2010 году мы разам з польскімі калегамі з фонду „Свабода і дэмакратыя“ (якія з 2006 году займаліся праграмай рэпрэсаваных беларусаў, шчыльна супрацоўнічалі зь „Вясной“) у польскім Сэйме зладзілі прадстаўнічую канфэрэнцыю, прысьвечаную рэпрэсіям і палітвязьням. Тады ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты сядзелі ў турме КДБ. У Варшаву прыехалі жонкі палітвязьняў, удзельнічаў сьпікер Сэйму», — расказвае Алесь Зарамбюк пра самы пачатак працы.
Беларускія актывісты ў Польшчы дапамагалі сем’ям палітвязьняў, рабілі вулічныя акцыі. Мэрыя Варшавы выдзеліла пад офіс кватэру ў камяніцы ў цэнтры на вуліцы Вейскай, 13. Цяпер там працуе рэдакцыя каналаў Nexta.
«У тым памяшканьні і зьявіўся Беларускі дом. Праўда, некаторыя думалі, што гэта будзе дом з пакойчыкамі, дзе можна спыніцца на некалькі дзён. На адкрыцьці былі Станіслаў Шушкевіч, Рыгор Кастусёў, Анатоль Лябедзька, Міхал Дворчык (былы кіраўнік адміністрацыі польскага прэм’ера, цяпер міністар), Анджэй Халіцкі (намесьнік старшыні Эўрапейскай народнай партыі).
Асноўнымі мэтамі тады былі вызваленьне палітвязьняў, разьвіцьцё лякальных ініцыятываў і НДА ўнутры Беларусі, пабудова і ўзмацненьне новых структур беларускай дыяспары ў Эўропе і сьвеце», — узгадвае спадар Зарамбюк.
Першыя тры гады ў фокусе былі палітвязьні, адукацыя і дыяспара
Працавалі і з дыяспарай, якая тады была нешматлікая — на мерапрыемствы зьбіралася па 10–15 чалавек. Таксама пачалі займацца адукацыяй для грамадзкіх актывістаў, настаўнікаў, прадпрымальнікаў, моладзі зь Беларусі, ладзілі сэмінары, трэнінгі, арганізоўвалі стажаваньне для мэтавых груп, кажа актывіст.
«Задача была — уцягваць беларусаў у эўрапейскі парадак дня і набліжаць грамадзтва да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, бо мы эўрапейскі народ, маем агульных герояў з палякамі, літоўцамі: Касьцюшку, Міцкевіча, Манюшку, Вітаўта Вялікага, Каліноўскага. Такім чынам, у першыя 3 гады дзейнасьці (2011–2013) Беларускага дому ў фокусе было вызваленьне палітвязьняў, нефармальная адукацыя і ўзмацненьне дыяспары», — падсумоўвае Зарамбюк.
Што да палітвязьняў, у тую хвалю рэпрэсій і так званай «адлігі» апошнімі вызвалілі Алеся Бяляцкага і Міколу Статкевіча. Беларускі дом тады ладзіў праект «Трэці сэктар: будзь легальным», які палягаў на юрыдычнай рэгістрацыі беларускіх НДА ў Польшчы. Прыходзілася тлумачыць тады польскаму грамадзтву, чаму ў 2011 годзе здарылася такая сытуацыя з праваабаронцам Бяляцкім, які мусіў атрымліваць дапамогу для рэпрэсаваных на рахункі ў літоўскім і польскім банках.
Замест малога памежнага руху — бязьвіз для іншаземцаў
Ад 2014 году Беларускі Дом пачаў займацца так званым малым памежным рухам — законам аб бязьвізавым уезьдзе ў памежную зону Літвы і Польшчы для беларусаў, а для літоўцаў і палякаў — у Беларусь. Адпаведныя дакумэнты падпісалі прэзыдэнты Польшчы, Літвы і беларускі бок.
«Але так званы беларускі парлямэнт упарта не хацеў ратыфікаваць гэты дакумэнт. Актывісты Беларускага дому і партнэрскіх НДА правялі інфармацыйную кампанію па абодва бакі мяжы, дасылалі пэтыцыі ў Дзяржаўны памежны камітэт, МЗС, мясцовым уладам у памежных рэгіёнах, езьдзілі і тлумачылі выгоды ад малога памежнага руху для жыхароў памежных беларускіх гарадоў. Аднак пераканаць беларускі бок ратыфікаваць дамовы аб малым памежным руху, нягледзячы на тры гады (2014–2016) цяжкай працы, так і не атрымалася», — падсумоўвае Зарамбюк.
Тагачасны міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пралабіяваў бязьвізавы рэжым. Замежнікі маглі езьдзіць у Беларусь бязь візы, а для беларускіх грамадзянаў у Польшчу і Літву ўсё адно патрабавалі візу.
«Тым ня менш гэта сумесны посьпех і МЗС, і Беларускага дому — краіна павінна быць адкрытай! Было фантастычнае пачуцьцё сатысфакцыі. У Горадні, Берасьці пачала разьвівацца інфраструктура (з дапамогай фондаў Эўразьвязу), а наплыў замежных турыстаў спрычыніўся да адкрыцьця новых кавярняў і гатэляў, новых працоўных месцаў у сфэры турызму і новых замоваў для рамесьнікаў. Потым пачалі разьвіваць Лідчыну, Наваградчыну. У Беларусь паехалі дзясяткі тысяч замежных турыстаў. Праграма працуе і цяпер, праўда, сёньняшнюю рэпрэсіўную і мілітарызаваную Беларусь наведваць мала хто жадае», — працягвае Алесь.
«Былі гады безграшоўя, ніхто з донарскіх арганізацый не хацеў нас фінансаваць»
З 2016 году асноўнымі прыярытэтамі дзейнасьці Беларускага дому былі адукацыя і ўзмацненьне лякальных ініцыятываў у Беларусі: моладзевыя і студэнцкія абмены ў межах праграмы «Эразмус плюс».
Запрашалі актывістаў у Беласток, Бельск, Белую Падляскую, Варшаву — паказвалі, як там працуе мясцовае самакіраваньне, сыстэма адукацыі, мясцовыя ўстановы культуры, як разьвіваецца малы і сярэдні бізнэс, як Польшча прайшла працэс трансфармацыі і чаго польскае грамадзтва дасягнула ў эканамічным і палітычным кірунках дзякуючы дэмакратыі. А потым насталі цяжкія часы, прызнаецца спадар Зарамбюк.
«2017–2019 — гэта былі гады безграшоўя, амаль ніхто з донарскіх арганізацый не хацеў фінансаваць дзейнасьць Беларускага дому.
Захад актыўна супрацоўнічаў з Лукашэнкам, заходнія экспэрты, а разам зь імі і палітыкі, лічылі нашага дыктатара „абаронцам незалежнасьці“, а пра Беларускі дом нават казалі, што мы шкодзім... Выдатна памятаю, як у ліпені 2020 году адзін з дыпляматаў пераконваў нас спыніць дзейнасьць па падтрымцы рэпрэсаваных у Беларусі і спыніць нашыя актыўнасьці, скіраваныя на правядзеньне свабодных выбараў і права беларусаў на мірны пратэст. У 2017–2020 гадах большасьць заходніх донарскіх арганізацый рабілі ўсё для таго, каб Беларускага дому ня стала», — узгадвае Зарамбюк.
Ён сьцьвярджае, што актывісты тады працавалі на грамадзкай ніве бясплатна, а зарабляць на жыцьцё прыходзілася ў іншых польскіх кампаніях. Наладзілі ў Беларускім доме платныя паслугі, каб утрымаць дзейнасьць арганізацыі.
«Пасьля ўсплёску эканамічнай эміграцыі, маршаў дармаедаў у 2017 годзе пачалі арганізоўваць курсы — на жаль, не беларускай, а польскай мовы для беларусаў. Зараблялі на юрыдычных кансультацыях. Вось так выжывалі — гэта былі вельмі цяжкія гады», — кажа Зарамбюк.
Шыкоўны падарунак ад прэм’ера Польшчы — ключы ад новага будынку
Зь вясны 2020-га Беларускаму дому давялося вярнуцца да той дзейнасьці, зь якой ён пачынаў у 2011-м — падтрымліваць палітвязьняў, дапамагаць рэпрэсаваным.
«Мы пачалі зьбіраць грошы для рэпрэсаваных і іх сем’яў, 6 чэрвеня арганізавалі першую акцыю ў падтрымку палітвязьняў насупраць беларускай амбасады, а 30 чэрвеня — марш салідарнасьці зь беларусамі, 3 тысячы прыйшло да помніка Касьцюшку.
У жніўні заклалі збор сродкаў на краўдфандынгавай плятформе, хутка сабралі больш за 100 тысяч даляраў для рэпрэсаваных. Пачалі прымаць параненых — гэта быў канец жніўня. Польская амбасада тэрмінова рабіла візы, мы арганізавалі для іх санаторый у Ніжняй Сілезіі ў мясцовасьці Душнікі-Здруй каля Ўроцлава. Збольшага гэта былі не актывісты, а звычайныя людзі, якія проста выйшлі на вуліцы абараніць свой выбар і былі параненыя.
Людзі былі моцна траўмаваныя і фізычна, і псыхічна. Яны хацелі атрымаць у першую чаргу мэдычную дапамогу. Лячэбныя працэдуры, трохразовае харчаваньне, масаж — людзі павінны былі прыйсьці ў сябе», — расказвае Алесь пра пачатак працы з рэпрэсаванымі.
У канцы жніўня ў офіс Беларускага дому прыехаў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ён спачатку хацеў запрасіць беларусаў да сябе — бо ведаў, што адбываецца ў Беларусі, хацеў дапамагчы.
«А мы кажам: вы да нас прыяжджайце, пабачыце самі, як мы працуем. Маравецкі пагадзіўся. Для нас гэта было вельмі нечакана! Вельмі адкрыты, шчыры чалавек. У яго самога вельмі пакручасты лёс. Бацька — вядомы польскі апазыцыянэр Корнэль Маравецкі, які шмат гадоў хаваўся ад органаў дзяржбясьпекі Польшчы. Сын фактычна вырас бяз бацькі. Калі яму было 15 гадоў, падлетка сілай скралі каля касьцёлу, адвезьлі ў лес, прымусілі капаць сабе магілу — маўляў, ня скажаш, дзе хаваецца бацька, мы цябе застрэлім, і ты будзеш ляжаць тут... Таму Маравецкі сам добра ведаў пра рэпрэсіі і добра памятаў часы рэпрэсій у Польшчы, у тым ліку і на асабістым прыкладзе. У 1983 годзе яго жорстка пабілі супрацоўнікі польскага АМАПу (ZOMO) — як білі ў Беларусі ў жніўні 2020-га.
Прэм’ер правёў у нас замест 15 хвілін амаль гадзіну і паабяцаў дапамагчы. Бо ўбачыў, што рабілася тады ў нашым офісе, колькі чалавек працавала, не было дзе прадыхнуць», — расказаў Алесь.
Літаральна празь некалькі дзён, 9 верасьня 2020 году, падчас першага візыту ў Польшчу Сьвятланы Ціханоўскай, Маравецкі перадаў ёй ключы ад будынку на вуліцы Крынічнай, 6 — для Беларускага дому.
У 1939 годзе вілу на вуліцы Крынічнай пабудавала для сябе сям’я Ратштэйнаў (Rotstein) паводле праекту вядомага польскага архітэктара Люцыяна Карнгольда (Lucjan Korngold). Пачалася вайна, сям’я не пасьпела там пажыць. А пасьля вайны ў гэтым будынку была рэзыдэнцыя францускага амбасадара.
«Калі нас наведаў амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост, ён на чыстай польскай мове згадаў, што з 1967-га па 1970 год ягоны бацька працаваў другім сакратаром амбасады Францыі ў Польшчы, і ён хадзіў сюды на нядзельныя заняткі. Да 2015 году тут была рэзыдэнцыя амбасадара Тунісу. А потым да 2020 году будынак прастойваў», — расказвае пра гісторыю новага офісу Алесь Зарамбюк.
Вярнуліся да той дзейнасьці, зь якой пачыналі 13 год таму: дапамогі палітвязьням
Асноўная дзейнасьць Беларускага дому ў апошнія тры гады — гэта дапамога рэпрэсаваным, палітычным вязьням, іх сем’ям: візавая, юрыдычная дапамога, курсы польскай мовы, фінансавая дапамога сем’ям, якія застаюцца ў Беларусі. Беларускі дом за гэтыя два з паловай гады аказаў дапамогу ў розных формах рэпрэсаваным беларусам на суму каля 400 тысяч даляраў, кажа Зарамбюк. На яго думку, акрамя Польшчы, ніводная іншая дзяржава Эўразьвязу не прыняла канкрэтнай праграмы дзеля падтрымкі беларусаў.
«Толькі прэм’ер Маравецкі прыняў праграму „Салідарныя зь Беларусьсю“, выдзеліў 50 мільёнаў злотых (каля 11 млн эўра). Дзякуючы гэтай дапамозе ўдалося выратаваць ад рэпрэсій сотні і нават тысячы людзей. Аднак Эўразьвяз гэтага не зрабіў: у яго ёсьць праграмы, накіраваныя на падтрымку адукацыі, бізнэсу, але сёньня пытаньне нумар адзін — гэта перадачы для палітвязьняў у турму, якія каштуюць немалыя грошы, дапамога на адвакатаў, падтрымка сем’яў рэпрэсаваных.
На маю думку, у сёньняшніх умовах, калі дыктатар ня хоча ісьці ні на якія перамовы, мы можам зрабіць дзьве рэчы для палітвязьняў: дапамагаць грашыма на перадачы самім зьняволеным, дапамагаць сваякам рэпрэсаваных, бо яны ў вельмі цяжкім стане: выдыхліся, бяруць крэдыты, пазыкі. Вызваліць мы іх ня можам, але хоць неяк палепшыць умовы там, за кратамі, абавязаныя. Таму павінен быць асобны фонд падтрымкі палітвязьняў. Гэта пытаньне нумар адзін на сёньня», — перакананы Алесь Зарамбюк.
У Беларусі дагэтуль застаюцца «выспы свабоды»
Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве запэўнівае, што працягваецца праца і ўнутры Беларусі — з ініцыятывамі, людзьмі, якія засталіся там. Бо перамены павінны адбыцца менавіта ў Беларусі.
«Людзі там не займаюцца палітыкай — гэта немагчыма. Але яны проста выжываюць разам, інтэгруюцца ў гэтай агульнай „турме“.
Многіх запалохалі, загналі пад плінтус, але яны не зьмянілі поглядаў, яны гуртуюцца. У Беларусі дагэтуль застаюцца „выспы свабоды“.
Многія сьвядома не выяжджаюць. Людзі разумеюць, што важна выжыць у тым цемрашальстве. Выжыць і захаваць сувязі, узаемападтрымку, салідарнасьць. Многім здаецца, што ў Беларусі нічога няма, большасьць сьвядомых у эміграцыі — гэта ня так, і людзям у Беларусі таксама патрэбная падтрымка. Наша другая задача тут — гэта арганізацыя падтрымкі для грамадзкіх ініцыятываў і актывістаў унутры Беларусі», — кажа кіраўнік Беларускага дому ў Польшчы.
«Мы ж знаходзімся ў дэмакратычнай краіне, дзе кантралюе і грамадзтва, і дзяржорганы, і донарскія арганізацыі»
На адрас Беларускага дому раздаецца шмат крытыкі з усіх бакоў. Беларускае тэлебачаньне праводзіць свае расьсьледаваньні, хто яго фінансуе. Ёсьць шмат незадаволеных, што дапамога аказваецца ня тым, хто ў ёй мае патрэбу. Раман Пратасевіч, які раней працаваў у Nexta, таксама абвінаваціў Беларускі дом у фінансавых махінацыях, называў у інтэрвію прапагандысту Марату Маркаву фантастычныя сумы.
Алесь Зарамбюк кажа, што ў верасьні-кастрычніку 2020 году каманда вельмі моцна пераймалася, калі хтосьці абвінавачваў яе ў махлярстве альбо непразрыстасьці.
«А потым мы вырашылі для сябе: альбо мы будзем пераймацца, і ў нас апусьцяцца рукі, альбо мы не зьвяртаем увагі на заявы і абвінавачаньні і проста робім сваю справу, паралельна адказваючы на ўсе гэтыя скаргі», — тлумачыць ён.
Алесь паказаў некалькі скаргаў. І свой адказ на скаргу беларускай актывісткі, якая напісала ў мэрыю, што адмовіліся прыняць ейную чарговую заяву. Хоць тая спадарыня атрымала ад Беларускага дому фінансавую дапамогу. І запэўніў, што Беларускі дом рэгулярна правяраюць. Нядаўна правяралі ZUS (Zakład Ubezpieczeń Społecznych), Управа па абароне пэрсанальных даных (Urząd Ochrony Danych Osobowych) і нават польская памежная служба (Straż graniczna) — куды таксама, мабыць, напісалі данос. Але ўсе праверкі Беларускі дом прайшоў бездакорна, ніякіх парушэньняў ня выяўлена.
Што да праграмы дапамогі, ёсьць дакладныя правілы, дзе па пунктах прапісана, каму мы можам аказаць дапамогу і якім крытэрам гэтыя асобы павінны адпавядаць, запэўнівае кіраўнік Беларускага дому.
«Правілы празрыстыя. Мы працуем толькі з асобамі рэпрэсаванымі, якія прадстаўляюць доказы рэпрэсій. І сёлета, і летась нашыя супрацоўнікі выкрылі шэраг выпадкаў, калі людзі спрабавалі прадстаўляць падробленыя дакумэнты для атрыманьня дапамогі ці візавай падтрымкі.
Мы з жніўня 2020 году дапамаглі агулам на 400 тысяч даляраў. Гэта фінансавая, юрыдычная, мэдычная дапамога, санаторыі — і з сабраных, і з грантавых грошай. На першым этапе (жнівень — кастрычнік 2020 году) мы давалі людзям грошы наяўнымі, бо часьцяком яны прыяжджалі з адным заплечнікам. Агулам 95% фінансавых выплат дапамогі Беларускага Дому — безнаяўныя. Гэта прасьцей для нас і лепш для аўдыту.
Да таго ж кожную выплату, акрамя правяраючых органаў, кантралюе краўдфандынгавая плятформа. Вось сабралі для нас 100 тысяч даляраў, але гэта не азначае, што нам іх адразу аддалі. Мы высылаем дакумэнт, нам робяць перавод максымум на 4 тысячы даляраў, мы дапамагаем, робім справаздачу, прадстаўляем фінансавыя дакумэнты, і толькі потым паступае наступная сума.
Мы ж знаходзімся ў дэмакратычнай краіне, дзе кантралюе грамадзтва, дзяржаўныя органы, донарскія арганізацыі», — кажа Алесь Зарамбюк.
«Цэнтар падтрымкі палку Каліноўскага працуе. А пра замежных наймітаў — хлусьня»
Пра тое, што Беларускі дом у Варшаве — каардынатар накіроўваньня добраахвотнікаў ва Ўкраіну, рабіла «расьсьледаваньне» Беларускае тэлебачаньне. Пісала пра гэта расейская і замежная прэса. Паводле гішпанскай газэты Vanguardia, празь Беларускі дом на фронт накіроўваліся найміты з Гішпаніі, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Грузіі, Харватыі. Алесь Зарамбюк гэта адмаўляе.
Кажа, што калі пачалася вайна, яны сустрэліся зь беларусамі, якія ваявалі ва Ўкраіне з 2014 году. І вельмі хутка прынялі рашэньне стварыць цэнтар падтрымкі палку Каліноўскага, які і цяпер працуе на першым паверсе Беларускага дому.
«А пра наймітаў — гэта хлусьня. Гэта цэнтар дапамогі палку Каліноўскага, куды людзі, якія хочуць падтрымаць змаганьне Ўкраіны за сваю тэрыторыю і за незалежнасьць Беларусі, прыходзяць, добраахвотна запісваюцца і едуць у полк Каліноўскага. Такім чынам, добраахвотна беларусы бароняць Украіну і гонар і годнасьць нас, беларусаў.
Магу вас запэўніць у тым, што ніхто нікога не прымушае. Я вам больш скажу: наадварот. Калі людзі, якія прымаюць заяўкі, бачаць, што чалавек сумняецца, што ў чалавека ў Беларусі сям’я, яны спрабуюць яго адгаварыць. А хлопцы едуць, таму што разумеюць пагрозу Беларусі ад пуцінскай Расеі», — кажа Зарамбюк.
«Польшча — прыклад таго, што можна зрабіць за 30 год, калі ёсьць дэмакратыя і працавіты амбітны народ»
Калі ў Беларусі адбудуцца перамены, ці застанецца ў Варшаве Беларускі дом? На думку Алеся Зарамбюка, калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратыя, то такая інстытуцыя, якая мае багаты досьвед, шматгадовую гісторыю і кантакты — вартая, каб далей працаваць з Польшчы. Бо Беларусі спатрэбіцца пэўны час, каб правесьці рэформы.
«Нам будзе неабходны ў першую чаргу досьвед краінаў новай Эўропы, якія далучыліся да Эўразьвязу ў 2004 годзе. У нас тут вельмі добрыя кантакты і з унівэрсытэтамі, і з арганізацыямі, і з самакіраваньнямі, і з палітыкамі.
Польшча — гэта добры прыклад таго, што можна зрабіць за 30 год, калі ёсьць дэмакратыя, працавіты амбітны народ. Беларусы — таксама працавіты народ. І нам трэба будзе вельмі хутка гэтыя лепшыя ўзоры рэформаў пераймаць і ўкараняць у Беларусі», — мяркуе Алесь Зарамбюк.
На яго думку, трэба рабіць усё, каб людзі, якія выехалі з краіны, атрымалі адукацыю ў Эўропе, па магчымасьці вярнуліся ў Беларусь, трэба матываваць іх да вяртаньня. А гэта будзе цяжка — людзі пусьцяць карані за мяжой, дзеці вельмі хутка інтэгруюцца.
«А нам патрэбныя людзі не з лукашэнкаўскай мэнтальнасьцю, а з заходняй мэнтальнасьцю. Я бачу будучыню нашай арганізацыі ў тым, каб будаваць такія масты — у першую чаргу, празь Беларусь у Польшчу, у другую — празь Беларусь у краіны Эўразьвязу, ЗША, Канаду. Нам патрэбны будуць іх ноў-хаў, працэдуры, усё, што ў іх атрымалася. Палякі некалі пераймалі досьвед у немцаў, французаў, езьдзілі туды. Давядзецца вазіць беларусаў тысячамі сюды і далей на Захад паказваць на канкрэтных прыкладах, як Польшча зьмянілася за 30 гадоў.
У палякаў атрымалася, атрымаецца і ў нас, беларусаў», — перакананы Алесь Зарамбюк.