Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў пасьля сваёй сёмай інаўгурацыі: «Паўсьвету марыць пра нашую „дыктатуру“»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка ў час сёмай інаўгурацыі
Аляксандар Лукашэнка ў час сёмай інаўгурацыі

Цырымонія ўступленьня на пасаду зноў абранага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылася 25 сакавіка ў Палацы незалежнасьці ў Менску.

ЦВК Беларусі прызначыў інаўгурацыю Лукашэнкі на 25 сакавіка — гэта найпазьнейшы тэрмін, магчымы паводле новай Канстытуцыі. Напярэдадні 10 праваабарончых арганізацыяў заявілі, што Аляксандар Лукашэнка ўтрымлівае дзяржаўную ўладу ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам.

Аляксандар Лукашэнка у машыне Mercedes-Maybach з картэжам праехаў па праспэктах Незалежнасьці і Пераможцаў. Перад ягонай машынай ехаў эскорт матацыклістаў, а за ёю — тры машыны з аховай.

У пачатку маршруту вуліца была зусім пустой — па абодва бакі праспэкту стаялі паасобныя людзі ў цывільным, падобныя на супрацоўнікаў сілавых органаў. На 2,5 гадзіны тут спынілі ўвесь транспарт. На праспэкце павесілі шмат чырвона-зялёных сьцягоў.

Картэж Лукашэнкі ў Менску. 25 сакавіка 2025
Картэж Лукашэнкі ў Менску. 25 сакавіка 2025

На плошчы Перамогі на адным з бакоў праспэкту стаялі невялікія групы людзей, некаторыя зь іх здымалі на тэлефон рух картэжу.

На праспэкце Пераможцаў праезду машыны з Лукашэнкам ужо чакала больш людзей — яны трымалі чырвона-зялёныя сьцягі.

Інаўгурацыя Лукашэнкі ў Менску
Інаўгурацыя Лукашэнкі ў Менску

Лукашэнка зачытаў тэкст прысягі і падпісаў акт аб яе складаньні, старшыня ЦВК Ігар Карпенка перадаў яму пасьведчаньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Што сказаў Лукашэнка

У сваёй прамове пасьля атрыманьня пасьведчаньня прэзыдэнта Лукашэнка заявіў, што гэта была ня толькі яго перамога. Ён падзякаваў сілавым органам, давераным асобам, прадстаўнікам мясцовых уладаў і сябрам выбарчых камісіяў.

«26 студзеня мы ўпэўнена пераадолелі скрыжаваньне на дарозе, па якой упэўнена ідзем тры дзесяцігодзьдзі. Мы большасьцю выбралі незалежнасьць».

Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі «свае стандарты правядзеньня выбараў, якія могуць стаць міжнародным эталёнам».

Ён таксама падзякаваў «сваім супернікам» на выбарах, а таксама апанэнтам, якія за мяжой «адпрацоўваюць замежныя гранты».

Інаўгурацыя Лукашэнкі ў Менску
Інаўгурацыя Лукашэнкі ў Менску

Лукашэнка адзначыў, што «паўсьвету марыць пра нашую „дыктатуру“:

«І з свабодай слова ў нас усё ў парадку. Дэмакратыі ў нас больш, чым у тых, хто называе сябе яе эталёнам».

Ён адзначыў, што кожны ў Беларусі мае канстытуцыйнае права і магчымасьць выказацца.

«Але ня трэба заклікаць зьнішчыць усё, што створана многімі пакаленьнямі беларусаў. Мы не дазволім выкарыстоўваць свабоду слова як дубіну для разбурэньня ўласнай краіны».

Пазьней Аляксандар Лукашэнка ўжо ў вайсковай форме прыняў ад вайскоўцаў «клятву на вернасьць беларускаму народу і прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь».

10 праваабарончых арганізацыяў заявілі, што Лукашэнка ўтрымлівае ўладу ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам

У сувязі з інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі, заплянаванай на 25 сакавіка, беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі, што «чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, што адбыліся 26 студзеня 2025 года, не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў», а менавіта:

«Яны праходзілі ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека, у атмасфэры татальнага страху, выкліканага рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыя, апазыцыі ды ўсіх іншадумцаў.

Непразрыстае фармаваньне выбарчых камісіяў выключна з прадстаўнікоў кантраляваных уладамі структураў, прымусовая ліквідацыя ўсіх апазыцыйных палітычных партыяў, рэгістрацыя толькі тых кандыдатаў, што падтрымліваюць дзейны рэжым і не крытыкуюць ягонага палітычнага курсу, нядопуск да выбараў прадстаўнікоў апазыцыі шляхам іх крымінальнага перасьледу, пазбаўленьня права голасу, забароны і абвяшчэньня экстрэмісцкімі іх аб’яднаньняў, прымусу да эміграцыі, пазбаўленьне магчымасьці прагаласаваць грамадзянам, што жывуць за межамі Беларусі, прымусовы збор подпісаў і мабілізацыя выбарнікаў з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу сьведчаць аб тым, што выбарчы працэс быў арганізаваны выключна для імітацыі шырокай народнай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі і пацьвярджэньня легітымнасьці яго рэжыму.

Уціск свабоды выказваньня думак, сходаў і асацыяцый, а таксама адсутнасьць незалежнага назіраньня пазбавілі грамадзян Беларусі магчымасьці свабодна ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Усё гэта сьведчыць, што Аляксандар Лукашэнка ўтрымлівае дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам»,— робяць выснову праваабаронцы.

Яны прызнаюць пры гэтым, што, нягледзячы на адсутнасьць дэмакратычнай легітымнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае ажыцьцяўляць эфэктыўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, уключна зь дзяржаўнымі інстытутамі, і, такім чынам, зьяўляецца дэ-факта ўладаю на гэтай тэрыторыі.

«У сваю чаргу, гэта накладвае на прадстаўнікоў улады ўсю поўнасьць абавязаньняў у выкананьні правоў чалавека, прадугледжаных Канстытуцыяй і міжнародным правам».

Праваабаронцы заяўляюць, што фактычнае кіраўніцтва Беларусі нясе поўную адказнасьць за грубыя і масавыя парушэньні правоў чалавека, шэраг якіх Група незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі кваліфікавала як злачынствы супраць чалавечнасьці, уключна з крымінальным перасьледам грамадзян паводле палітычных матываў, ужываньнем катаваньняў ды іншага забароненага абыходжаньня, уціску свабоды слова, сходаў і асацыяцый.

«Гэтыя злачынствы ня могуць заставацца беспакаранымі і мусяць стаць прадметам судовага разбору як у межах міжнародных мэханізмаў, так і на ўнутрыдзяржаўным узроўні».

Праваабаронцы чарговы раз заклікаюць улады Беларусі вызваліць усіх палітычных зьняволеных, правесьці іх поўную рэабілітацыю з кампэнсацыяй шкоды, прычыненай адвольным асуджэньнем і пазбаўленьнем волі, а таксама спыніць рэпрэсіі.

25 сакавіка мінае два месяцы пасьля выбараў 2025 году. Дагэтуль рэкордам была паўза ў 45 дзён з дня выбараў да дня інаўгарацыі пасьля 2020 году.

Адзначым, што Лукашэнка яшчэ не прыведзены да прысягі, але пасьпеў зацьвердзіць склад новага ўраду і зьезьдзіў з афіцыйным візытам у Маскву.

25 сакавіка беларусы адзначаюць Дзень Волі, сьвята абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Акцыі ў гэты дзень у Беларусі пад час кіраўніцтва Лукашэнкі жорстка разганялі, за выключэньнем некалькіх гадоў.

Цяпер беларускія эмігранты праводзяць акцыі да Дня Волі ў Польшчы, Літве, Чэхіі, іншых краінах.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG