Ён абвінаваціў Расею ў парушэньні дамоўленасьцяў, дасягнутых на перамовах дэлегацый Расеі і ЗША ў Саудаўскай Арабіі, падчас якіх прапаноўвалася ўвесьці мараторый на абстрэлы энэргетычных абʼектаў як з расейскага, так і з украінскага боку.
«Сёньня былі парушаны дамоўленасьці, былі ўдары па Херсоне, па чыгуначным вакзале, была пашкоджана электрычнасьць, таму што былі ўдары і па энэргетыцы», — сказаў Зяленскі.
Афіцыйнай пра мараторый не паведамлялася, але прадстаўнікі ЗША, якія ўдзельнічалі ў перамовах, у тым ліку спэцпасланьнік ЗША Стывэн Уіткаф, які сустракаўся ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, паведамлялі, што расейскі бок падтрымлівае ідэю спыніць атакі на энэргаабʼекты ў якасьці першага кроку да магчымага перамірʼя.
У заяве Белага Дому па выніках сустрэч з расейскай і ўкраінскай дэлегацыямі ў Эр-Рыядзе было ўказана, што бакі перамоваў будуць распрацоўваць меры для рэалізацыі такой дамовы, а таксама для гарантаваньня бясьпекі навігацыі ў Чорным моры. Міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў пацьвярджаў, што Кіеў пагадзіўся на спыненьне агню ў Чорным моры ў абмен на ўзаемную адмову Расеі і Ўкраіны ад удараў па энэргетычных абʼектах.
Расейскія войскі 27 сакавіка нанесьлі артылерыйскія ўдары па Херсоне. У цэнтры гораду загінулі два чалавекі, пяцёра атрымалі раненьні. У горадзе часткова спынілася энэргазабесьпячэньне, спынены рух электратранспарту.
Форум