Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эміграцыя не для кожнага». Парады псыхоляга для тых, хто застаецца ў Беларусі, нягледзячы на ўсе рызыкі


Натальля Скібская. Каляж
Натальля Скібская. Каляж

Як захаваць псыхічнае здароўе і раўнавагу, застаючыся ў Беларусі ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій і штодзённых рызыкаў? Размаўляем з псыхолягам Натальляй Скібскай.

Сьцісла

  • Ёсьць людзі, якія застаюцца ў Беларусі менавіта дзеля таго, каб нешта рабіць на карысьць зьменаў, а хтосьці ня можа зьехаць толькі таму, што баіцца рызыкаў, складанасьцяў, якія могуць чакаць у замежжы.
  • Якая імавернасьць таго, што цябе арыштуюць, ці імавернасьць таго, што ў твой дом трапіць бомба? Ніхто ня ведае. Вылічыць лічбу рызыкі мы ня можам.
  • Калі мы доўга знаходзімся ў стрэсе, у нас гармоны такім чынам выпрацоўваюцца, што нашыя ныркі стамляюцца, бо яны ўвесь час перапрацоўваюць гармоны стрэсу. Будуць праблемы і з косткамі, і з ныркамі, і з страўнікава-кішэчным трактам.

«Пагадзіцца на эміграцыю даволі складана»

— Натальля, шмат людзей выехалі зь Беларусі дзеля бясьпекі, але вельмі многія прынцыпова застаюцца ў краіне нават пасьля шэрагу арыштаў, ведаючы, што кожны дзень ёсьць пагроза новага затрыманьня. Як бы вы ахарактарызавалі людзей, якія прынцыпова не пакідаюць свой дом і краіну ў рэальна небясьпечных сытуацыях?

— У кожнага свае матывы. Яны могуць быць самыя розныя — сьвядомыя і падсьвядомыя. Увогуле пагадзіцца на эміграцыю даволі складана. Людзі ўпарта не жадаюць зьяжджаць, нават калі ім трэба зьяжджаць. Я б прапанавала ставіцца з павагай да любога рашэньня асобнага чалавека. Усё залежыць ад таго, якія мэты. Ёсьць людзі, якія застаюцца менавіта дзеля таго, каб нешта рабіць на карысьць зьменаў, а хтосьці ня можа зьехаць толькі таму, што баіцца рызыкаў, складанасьцяў, якія могуць чакаць у замежжы.

— У чым вы бачыце плюсы і мінусы рашэньня заставацца ў Беларусі колькі магчыма?

— Самы галоўны плюс — людзі застаюцца ў добра вядомым ім асяродзьдзі. Давайце шчыра казаць, што людзі, якія застаюцца на радзіме, у асноўным маюць упарадкаванае жыцьцё. У іх ёсьць дзе жыць, ёсьць праца, сталыя адносіны, якія зьяўляюцца для іх падтрымкай. Гэта вельмі важна, бо тыя, хто зьяжджае, гэта ўсё губляюць. Насамрэч эміграцыя не для кожнага. Ня кожны можа зь лёгкасьцю інтэгравацца ў новае асяродзьдзе, ня кожны можа вывучыць новую мову і знайсьці сябе ў іншых абставінах. Гэта складана. Ня кожны гатовы зьехаць уніз на гэтым сацыяльным ліфце, бо гэта заўсёды адбываецца, калі чалавек зьяжджае.

— То бок выбар паміж рашэньнямі зьяжджаць ці заставацца ў сучаснай Беларусі — гэта выбар, у якім няма правільнага рашэньня.

— Няма слушнага рашэньня. Больш за тое, мы ня ведаем, што адбылося б, калі б зьехаў, а што, калі б ня зьехаў. Калі мы гаворым пра тое, як чалавек можа захоўваць сябе ў любых абставінах (ці ён зьяжджае, ці ён застаецца), — гэта тое, як добра ён можа адаптавацца ці ў тым асяродзьдзі, якое зьмянілася ўжо там, дзе ён быў, ці ў новым, куды ён трапіў.

«Мы адаптуемся заўсёды і нейкім чынам выжываем»

— Я б хацела правесьці паралель, можа не зусім карэктную. Мільёны ўкраінскіх уцекачоў знаходзяць прытулак у розных краінах сьвету, і ёсьць вялізарная частка людзей, якія застаюцца ў сваіх дамах пад бомбамі. І нават калі дома ўжо няма, працягваюць жыць у нейкіх суседніх вольных будынках. Чаму ня кожны можа і хоча зьяжджаць і чаму гэтае рашэньне слушнае?

— Людзі жывуць там, дзе нарадзіліся, дзе пражылі сваё жыцьцё, дзе ім усё зразумела. Бомбы ляцяць, могуць прыйсьці расейскія вайскоўцы і нешта зьменіцца, але людзі ведаюць, што ў іх ёсьць мапа ў галаве — дзе жывуць яны і іх родныя, дзе бліжэйшыя крамы, хто можа іх падтрымаць, і гэта таксама можа быць падтрымкай, на якую можна вельмі добра абапірацца. Вядома, іншая справа, калі гэта становіцца рызыкоўным, калі бомба трапіла ў суседні будынак, і ёсьць малыя дзеці, і яны гэтых дзяцей у небясьпецы трымаюць. Але ўсё ж чалавек разьлічвае свае сілы і разумее, што ён ня зможа адаптавацца. Напрыклад, у людзей няма грошай на тое, каб у эміграцыі сваё жыцьцё адбудаваць. Гэта таксама вельмі важны чыньнік.

— Ці аднолькавыя ўзровень стрэсу пад бомбамі і ўзровень стрэсу ў штодзённым чаканьні магчымага арышту? І тое, і другое — гэта сталы, працяглы стрэс...

— Мы адаптуемся заўсёды і нейкім чынам выжываем. Чалавек — такая істота, і дзякуй Богу, што мы так можам. Мераць тут складана. Якая імавернасьць таго, што цябе арыштуюць, ці імавернасьць таго, што ў твой дом трапіць бомба? Ніхто ня ведае. І вылічыць лічбу рызыкі мы ня можам.

«У кожнага з нас ёсьць органы-мішэні»

— Якія наступствы гэтага працяглага, сталага стрэсу, у якім людзі знаходзяцца ўжо ня першы год? Як спрабаваць зь яго выйсьці? Што б вы параілі?

— Самае небясьпечнае — гэта тыя праблемы зь фізычным здароўем, якія чакаюць людзей. Бо калі мы доўга знаходзімся ў стрэсе, у нас гармоны такім чынам выпрацоўваюцца, што нашыя ныркі стамляюцца, бо яны ўвесь час перапрацоўваюць гармоны стрэсу. І гэта адбіваецца на стане здароўя. Але калі мы знаходзімся ў стрэсе, гэта адна справа, а вось наступствы мы потым адчуваем на сабе, калі стрэс праходзіць. Справа ў тым, што калі арганізм знаходзіцца ў стрэсе, ён выжывае, увесь час адаптуецца і нешта робіць, прыстасоўваецца да ўзроўню наяўнай небясьпекі. Потым, калі чалавек расслабляецца, у яго вылазяць усе гэтыя праблемы.

Таму вельмі важна сваё жыцьцё такім чынам упарадкоўваць, каб калі вы ў небясьпечнай сытуацыі, прапрацоўваць стрэс, які ёсьць цяпер, рэагаваць на яго, не назапашваць, бо потым гэта ўсё вельмі дрэнна адаб’ецца на стане здароўя. Будуць праблемы і з косткамі, і з ныркамі, і з страўнікава-кішэчным трактам. У кожнага з нас ёсьць органы-мішэні.

«Жыцьцё цяпер чорна-белае, але ня ўвесь час ёсьць толькі чорны колер, ёсьць і добрыя моманты»


— Якія вельмі простыя рэчы вы б параілі, якія можна рабіць штодня, каб гэтага пазьбегнуць?

— Рэагаваць на пачуцьці. Іх трэба перапрацоўваць, разважаць пра тое, што адбылося, што вы адчулі на тую ці іншую сытуацыю. Калі спужаўся, то трэба сабе казаць, што спужаўся. Гэта шлях перапрацоўкі гармонаў, каб не застраваць недзе, а дапамагаць свайму арганізму ўсё гэта пражыць, каб назапашваць як мага меней. Ва ўсіх розныя абставіны, няма агульных рэкамэндацый, якія ўсім пасуюць, але самае галоўнае, што вы павінны рабіць, гэта не замарожвацца, не застываць у адных і тых жа пачуцьцях.

Трэба, каб была такая плынь, каб яны пераходзілі адна ў адну. Жыцьцё цяпер чорна-белае, але ня ўвесь час ёсьць толькі чорны колер, ёсьць і добрыя моманты, і іх трэба адчуваць, зьвяртаць на іх увагу. А дрэнныя моманты трэба пражываць і выходзіць зь іх, каб яны не цягнуліся шлейфам і не забруджвалі ўсё ваша жыцьцё і вашу карціну сьвету.

«Вельмі добра, калі ў вас ёсьць плян і вы ведаеце, што рабіць»

— Калі наступае найгоршы, чорны момант — да вас прыйшлі, і вы разумееце, што гэта можа быць 15 сутак, можа быць крымінальная справа, могуць быць гады зьняволеньня. Не хацела б я ў вас прасіць парады на такі выпадак, але тым ня менш, ці можна неяк сябе псыхалягічна падрыхтаваць да такой сытуацыі?

— Ня кожны можа, але гэта магчыма. Вельмі добра, калі ў вас ёсьць плян і вы ведаеце, што рабіць. Можна абапірацца на рэчы, якія для сябе зразумелі. На каштоўнасьці вельмі важна абапірацца — дзеля чаго я гэта ўсё раблю, што я буду рабіць, калі здарыцца тая ці іншая сытуацыя. Калі, напрыклад, мяне затрымаюць, то добра, калі ёсьць адвакат ці родныя ведаюць, дзе мяне шукаць, што рабіць, што я жадаю, каб для мяне рабілі ці не рабілі. Калі ёсьць плян, яго можна прытрымлівацца.

Таксама вельмі важна разумець і памятаць, што які б ні быў плян, у вас ёсьць магчымасьць яго зьмяніць. І даваць сабе права яго зьмяніць. Гэта небясьпечна, калі мы становімся ўпартыя і прытрымліваемся сваіх рашэньняў, якія ўжо не пасуюць да сёньняшняй сытуацыі. Трэба адаптавацца і выжываць. Берагчы сваё здароўе, рабіць усё магчымае для таго, каб захаваць сябе. Дзе б вы ні былі, нават калі гэта калёнія ці вязьніца.

— Ці варта, застаючыся ў Беларусі, па магчымасьці адгароджваць сябе ад актуальнай інфармацыі пра сытуацыю ў краіне і рэгіёне, тым самым зьмяншаючы ўзровень стрэсу?

— Трэба быць вельмі чуйным да сябе і прыслухоўвацца. Калі мы ня ведаем, што адбываецца навокал, то таксама маем вельмі высокі ўзровень трывогі. І тут трэба быць гнуткім. Калі ты адчуваеш трывогу праз тое, што не разумееш, што адбываецца, і табе важна быць паінфармаваным, то трэба чытаць менавіта ў той момант, калі гэта важна.

Калі вы чытаеце навіны, якія вас нэрвуюць, ад якіх вы сябе адчуваеце дрэнна, то іх трэба абмяжоўваць. Напрыклад, ня трэба глядзець усе відэа з гвалтоўнымі дзеяньнямі. Сваю псыхіку трэба захоўваць, бо гэта ўсё адбіваецца на нас. Ёсьць эмацыйная стомленасьць ад таго, што ты бачыш, як там разбураюць нечыя дамы, як людзі губляюць рукі-ногі. Калі важна чытаць — чытайце, калі важна не чытаць — не чытайце. Беражыце сябе.

«Знаходзіць спосабы, якімі мы можам будаваць масты між сабой, а не сварыцца»

— Як не перасварыцца ва ўмовах працяглай адсутнасьці перамогі? Як захаваць здабытае ў 2020 годзе пачуцьцё салідарнасьці? Я маю на ўвазе агрэсіўныя спрэчкі і канфлікты ў сацсетках...

— Усе гэтыя спрэчкі мяне расчароўваюць. Тое, што я псыхоляг, ня значыць, што ня маю дрэнных пачуцьцяў наконт гэтага. Вядома, мы ўсе стомленыя, і для таго, каб захоўваць надзею, вельмі важна, каб добрае адбывалася, каб мы бачылі вынікі таго, што мы зрабілі.

Гэты ўзровень агрэсіі і расчараваньня, якія цяпер мы адчуваем, вельмі лёгка знаходзіць выйсьце ў сацсетках. Добра, калі мы ўсьведамляем, што наша расчараваньне, азлобленасьць, варожасьць разварочваецца на тых, хто ня можа адказаць. Варта асэнсоўваць гэта, адсочваць у сабе агрэсіўныя імпульсы і не сварыцца.

Варта больш пісаць ці гаварыць пра свае пачуцьці, паміж сабой абмяркоўваць — «Я расчараваны, адчуваю, што губляю надзею». Сёньня так, але мы ўсе пакутуем у гэтай сытуацыі. І нам трэба адзін аднаго падтрымліваць. І сябе таксама. Знаходзіць спосабы, якімі мы можам будаваць масты між сабой, а не сварыцца. І ня трэба ўсё сваё расчараваньне і злосьць выкідаць на людзей, якія таксама пакутуюць, бо мы насамрэч усе ў адной ладзьдзі роспачы. Таму трэба абʼядноўвацца і працаваць разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG