Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся Тыдні салідарнасьці з Алесем Бяляцкім у Польшчы і Літве


Акцыя беларусаў каля муралу, прысьвечанаму Алесю Бяляцкаму. Вільня, 3 сакавіка 2023
Акцыя беларусаў каля муралу, прысьвечанаму Алесю Бяляцкаму. Вільня, 3 сакавіка 2023

Акцыі ў падтрымку беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага і іншых палітвязьняў пройдуць з 20 па 31 сакавіка ў Варшаве і Вільні.

У рамках праграмы міжнароднай кампаніі падтрымкі беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі, пройдуць вечарыны ва ўнівэрсытэтах Варшавы і Вільні, сустрэчы жонкі Алеся Натальлі Пінчук з уладамі Польшчы і Літвы, праваабарончымі арганізацыямі, беларускімі дыяспарамі.

Амбасадарка Нідэрландаў Дафна Бэргсма (зьлева) і Наталля Пінчук (справа). Варшава, 20 сакавіка 2023
Амбасадарка Нідэрландаў Дафна Бэргсма (зьлева) і Наталля Пінчук (справа). Варшава, 20 сакавіка 2023

Тыдні салідарнасьці зь беларускім ляўрэтам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім пачаліся з сустрэчы амбасадараў краін Эўразьвязу ў Варшаве з жонкай нобэлеўскага ляўрэата Натальляй Пінчук.

«На сустрэчах з уладамі і амбасадарамі я хачу найперш данесьці пазыцыю: вызваленыя безь ніякіх умоваў мусяць быць Алесь Бяляцкі, усе праваабаронцы, абвінавачаныя ў той самай крымінальнай справе, і ўсе рэпрэсаваныя за свае погляды, усе палітычныя вязьні ў нашай краіне.

Гэтага патрабаваньня, гэтай мэты я чакаю ўсюды, дзе фармулюецца палітыка адносна Беларусі, — сказала Свабодзе Натальля Пінчук.

На сустрэчу з Натальляй Пінчук прыйшло больш за дзесяць амбасадараў і дыпляматаў краін Эўразьвязу, акрэдытаваных у Варшаве, а таксама польскі амбасадар у Беларусі Артур Міхальскі.

Натальля Пінчук пад час сустрэчы расказала, што ў 1980-х гадах дзякуючы Алесю, далучылася да беларускага руху супраціва:

«З таго часу мы разам з ім у надзеях, у радасьцях і ў горасьцях. Алесь — гэта гонар маёй сям’і, той чалавек, на якога я раўняюся, той чалавек, які па жыцьці задаваў мне высокія плянкі, да якіх я павінна дацягнуцца, дарасьці».

Натальля Пінчук таксама заявіла, што рэпрэсіі ў Беларусі, якія пачаліся ў 2020 годзе не спыніліся, яны ўзмацняюцца ў кожным днём.

«Мы можам узяць статыстыку, і ўбачым, колькі абываецца судоў і колькі арыштаў. Каля 250-260 чалавек на дзень, і гэта яшчэ ня поўная інфармацыя. Па-сутнасьці, уся Беларусь праходзіць праз турмы. Усе гэта ставіць беларусаў у вельмі цяжкія ўмовы. Як тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі, так і тых, хто знаходзіцца ўнутры.

Па надуманых абвінавачваньнях могуць арыштаваць літаральна кожнага. Гэта цягне за сабой праблему не толькі для тых, хто аказаўся ў турмах, але і для іх сем’яў. І таму хацелася б, каб салідарнасьць выяўлялася ў вельмі канкрэтных рэчах. Людзі губляюць працу, таму што яны лічацца «нядобранадзейнымі». Не маючы станоўчай характарыстыкі зь мінулай працы, яны ня могуць уладкавацца на працу і зарабляць, каб утрымліваць свае сем’і. У гэтым выпадку дапамога гэтым людзям, дапамога гэтым сем’ям будзе проста неацэннай. Спадзяемся на вашу падтрымку — салідарнае супрацьстаяньне рэжыму тэрору ў Беларусі дасьць магчамасьць выцягнуць людзей з гэтых нялюдзкіх умоваў.

Амбасадарка Нідэрляндаў у Варшаве Дафна Бэргсма, зьвяртаючыся да Натальлі Пінчук расказала, што два гады назад яна сустрэлася з Алесем Бяляцкім:

«Я была ўражаная вашым мужам — яго мужнасьцю, яго вопытам, яго адданай працай. І гэта не выпадкова, што ён атрымаў урэшце прэмію Нобэлеўскага камітэту. У мінулым годзе ён атрымаў праваабарончую ўзнагароду ад Нідэрляндаў — міжнародную прэмію Цюльпан. Многія краіны падтрымліваюць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі.

Мы працягваем падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць на Беларусі, падтрымліваць недзяржаўныя арганізацыі, праваабаронцаў. Цяжка гэта рабіць зараз, але мы працягваем гэта рабіць. У гэтым годзе выдаткуем 1,5 млн эўра, наш урад працягвае гэтую важную справу. У Беластоку я сустрэла дзясяткі беларускіх арганізацый, якія працягваюць сваю працу».

У найбліжэйшых плянах жонкі Алеся Бяляцкага сустрэчы з уладамі Польшчы і Літвы, а таксама вечарына салідарнасьці з Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце пад назвай «Алесь Бяляцкі — беларускі змагар за свабоду і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру». Вечарына арганізаваная 21 сакавіка катэдрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту.

На наступным тыдзень, 28 сакавіка, заплянаваная падобная вечарына ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні.

Беларускі дом у Варшаве на 23 сакавіка заплянаваў сяброўскую сустрэчу з жонкай Алеся Бяляцкага Натальляй Пінчук.

28 сакавіка такая ж сустрэча заплянаваная ў Беларускім доме ў Вільні.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG