Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Большасьць эмігрантаў ня вернуцца ў Беларусь ніколі», — экспэрт Лаўрухін


Андрэй Лаўрухін, каляж
Андрэй Лаўрухін, каляж

Эмігранты якога ўзросту хутчэй за ўсё вернуцца ў новую Беларусь? Што чакае краіну пры найлепшым разьвіцьці падзей, калі выгнаньнікі будуць масава вяртацца? Як прыме рээмігрантаў Бацькаўшчына?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, дырэктар па дасьледаваньнях Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы Андрэй Лаўрухін.

Сьцісла

  • Пасьля 5 гадоў эміграцыі пераважная большасьць эмігрантаў ужо ня вернецца ў Беларусь пры любых умовах.
  • Мая дачка летась езьдзіла ў Беларусь і, вярнуўшыся, сказала, што ня хоча туды ехаць, бо страціла камунікацыю зь сяброўкамі.
  • Сярод тых эмігрантаў, каму цяпер 20–40 гадоў, вернуцца пару адсоткаў, сярод тых, каму за 50 — адсоткаў 40.
  • Перад Беларусьсю пасьля паразы Расеі і дэмакратычнага транзыту будуць праблемы зьнікненьня расейскіх датацый, захаваньня санкцый ці іх «рэха» і рэпарацый на карысьць Украіны.
  • У дэмакратычнай Беларусі цяперашняя напружанасьць паміж тымі, хто зьехаў, і тымі, хто застаўся, трансфармуецца ў напружанасьць паміж тымі, хто застаўся, і тымі, хто вярнуўся.

* * *

— Андрэй, вы апублікавалі ў ФБ даволі рэзкі і катэгарычны пост, сэнс якога: пераважная большасьць беларусаў-эмігрантаў ня вернуцца нават у дэмакратычную, свабодную Беларусь. Давайце пойдзем па пунктах вашага поста.

Вашая тэза — 5 гадоў знаходжаньня ў эміграцыі робяць яе незваротнай. Чаму?

— Я зыходжу са свайго досьведу, з досьведу калегаў, зь некаторых аналітычных матэрыялаў.

Першы год эміграцыі — гэта час, калі чалавек з найбольшай імавернасьцю можа вярнуцца. Другі год — гэта час ваганьняў, пракрастынацыі.

Але ўжо на трэці год пачынаецца працэс адаптацыі, урастаньня ў паўсядзённае жыцьцё новай краіны.

Калі праз 5 гадоў эміграцыі яны і будуць прыяжджаць у Беларусь, то будуць прыяжджаць ужо ў чужую краіну, ня ў тую, зь якой яны зьехалі.

— Ну, так — у новую, у іншую краіну, чым тая, зь якой яны зьехалі. Дык яны зьехалі з дыктатарскай краіны, дзе пануе тэрор. А магчыма, зьявіцца новая, свабодная краіна. І яны змогуць удзельнічаць у яе пабудове. Хіба ў іх ня будзе жаданьня гэта рабіць?

Нядаўна было праведзенае апытаньне сярод грамадзка актыўных эмігрантаў. Сярод іх 25% адказалі, што не зьбіраюцца вяртацца, але 42% — што зьбіраюцца.

Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтыя лічбы?

— Гэтыя адказы ладнай часткай — толькі жаданьні, пажаданьні, а не рэальныя намеры.

Дапусьцім, што будучыня будзе адпавядаць усім тым спадзевам, марам, якія мы падзяляем. Але ў людзей, якія будуць вяртацца, будзе за плячыма наладжанае жыцьцё ў іншых краінах. І яны так ці інакш будуць параўноўваць.

— Вы ў вашым посьце прыводзіце важны аргумэнт — пра тое, што дзеці эмігрантаў у выпадку вяртаньня з бацькамі ў Беларусь будуць перажываць рэтраўматызацыю. У чым сутнасьць гэтага аргумэнту?

— У маёй старэйшай дачкі — ёй 15 гадоў — вельмі траўматычны досьвед эміграцыі. Ёй за два гады было вельмі цяжка адаптавацца да жыцьця на чужыне. І я ведаю, што падлеткаў з такім досьведам вельмі шмат. У іх абрынуўся сьвет.

Але летам мінулага году яна яшчэ зьезьдзіла ў Беларусь. І вярнуўшыся, сказала мне: «Тата, я не хачу туды вяртацца». Яна ўжо не разумее сваіх сябровак, якія жывуць там.

Адна зь яе найлепшых сябровак зьбіраецца паступаць на журфак БДУ. Мая дачка пытаецца ў гэтай сяброўкі: «Ты разумееш, як ты пасьля гэтага журфаку будзеш працаваць?» І дыялёг у іх ужо не атрымліваецца.

Ну так, гэта мой досьвед, я не магу яго экстрапаляваць на ўсіх. Але я ведаю, што падобная сытуацыя — шмат у каго.

— Андрэй, вы прагназуеце, што з эмігрантаў узросту 20–40 гадоў вернецца зусім вобмаль, пару адсоткаў, а з тых, каму 50 гадоў і больш — адсоткаў 40. Чаму?

— Гэта вынікае з мэханізмаў сацыялізацыі асобы. Гэта абумоўлена тым, што маладыя людзі і людзі сярэдняга веку больш здольныя адаптавацца да новых сытуацый, засвойваць новыя культурныя коды.

Чым маладзейшы чалавек, тым больш аптымістычна ён глядзіць на сьвет.

Я якраз ужо ва ўзросьце 50+. І людзям майго ўзросту і старэйшым цяжэй урастаць у новае жыцьцё.

— Але ў новай, свабоднай Беларусі, можа, якраз адкрыюцца новыя магчымасьці самарэалізацыі, і найбольш прывабнымі яны будуць менавіта для людзей узросту 20–40 гадоў.

— Гэта залежыць ад умоваў. А ўмовы нас чакаюць ня самыя спрыяльныя.

— А гэта яшчэ адзін пункт вашай аргумэнтацыі ў посьце. Вы пішаце, што ў выпадку паразы Расеі ў вайне і дэмакратычнага транзыту ў Беларусі Беларусь сутыкнецца з трыма праблемамі: расейскія датацыі зьнікнуць, заходнія санкцыі ня зьнікнуць, давядзецца плаціць рэпарацыі Ўкраіне.

Але, можа, Захад падтрымае Беларусь, якой была накінутая роля суагрэсара, мо пасьля сканчэньня дыктатуры здымуць санкцыі, а Ўкраіна ня будзе спаганяць рэпарацыі з краіны, якая, на думку некаторых, сама стала ахвярай расейскай акупацыі. Так ня можа быць?

— Аналітык павінен разглядаць і пэсымістычныя сцэнары. Ня выключана, што Беларусь праз пэўны час увядзе свае войскі ва Ўкраіну. Тады статус суагрэсара будзе бясспрэчны. І адпаведна — абавязак плаціць рэпарацыі.

Што тычыцца санкцый, то іх лёгка ўвесьці, але складана скасаваць. Нават калі яны фармальна зьнятыя, ад іх застаецца доўгае «рэха». І каб вярнуцца да стасункаў, якія былі да ўвядзеньня санкцый, спатрэбяцца ня месяцы, а гады.

Што тычыцца гіпатэтычнай дапамогі Беларусі з боку Эўразьвязу. Дай Бог, каб пасьля вайны ЭЗ змог адбудаваць Украіну хаця б да мінімальных умоваў жыцьця.

Беларусы таксама ахвяры гэтай вайны. Але гэта погляд нашай супольнасьці людзей з прадэмакратычнымі перакананьнямі. Аднак у Беларусі прынамсі ладная траціна людзей з зусім іншымі поглядамі. Дык ці ўсе беларусы ахвяры?

Я кажу пра пэсымістычны сцэнар — мінус расейская падтрымка, і ня факт, што будзе падтрымка з боку ЭЗ. І да таго ж могуць быць рэпарацыі.

І ці будуць такія эканамічныя ўмовы спрыяльнымі для вяртаньня эмігрантаў?

— Яшчэ адна тэза з вашага допісу — пра пэўную напружанасьць паміж тымі, хто зьбярэцца вярнуцца, і тымі, хто заставаўся ў Беларусі ўвесь час. Напружанасьць паміж тымі, хто застаўся, і тымі, хто зьехаў, мы назіраем і цяпер.

Ці ў новай Беларусі гэтая напружанасьць неяк рассмокчацца, залагодзіцца?

— Ніхто канкурэнцыі не адмяняў. Беларусы здольныя на салідарнасьць, але таксама схільныя і сварыцца, асабліва ў палітычнай сфэры. Уяўляецца амаль верагодным, што канкурэнцыя паміж тымі, хто вярнуўся, і тымі, хто заставаўся, будзе. І ня толькі ў палітыцы. Гэтую канкурэнцыю будзе абвастраць брак грошай, у тым ліку і бюджэтных.

Зразумела, будзе некалькі чалавек, якім створаць самыя спрыяльныя ўмовы, каб яны вярнуліся. Але мы ж гаворым пра масавы працэс.

— Вы пішаце, што на фармаваньне сярэдняй клясы, якая была да 2020 году, спатрэбілася 20 гадоў. Маўляў, пасьля масавай эміграцыі 2020–2022 гадоў і вяртаньня дэмакратыі спатрэбіцца яшчэ 20 гадоў, каб наноў сфармаваць сярэднюю клясу.

Але, можа, мы перабольшваем сацыяльныя маштабы гэтай хвалі эміграцыі? Суб’ектыўна нам сапраўды здаецца, што ўся Беларусь зьехала. А можа, ня ўся? Большасьць усё ж засталася. Можа, у тым ліку і сярэдняй клясы?

— Можа і так. Я паглядзеў дадзеныя па эміграцыі за апошнія гады — гэта 200–250 тысячаў чалавек. Паводле Эўрастату, за 2021 год у ЭЗ зьехала 150 тысячаў чалавек.

Гэта недзе 5% ад занятых у эканоміцы. Шмат гэта ці няшмат? Адказ залежыць ад таго, наколькі значным быў слой сярэдняй клясы.

Яшчэ і да 2020 году ўсе экспэрты казалі, што ён ня надта тоўсты. Хтосьці, безумоўна, застаўся, і ў ІТ-сэктары ў тым ліку.

Але калі гаварыць пра палітычна актыўную частку сярэдняй клясы, то мяркую, што эмігравалі многія зь яе. Нядаўна Аляксандар Кныровіч у «Двубоі» на Белсаце казаў, што ў любым грамадзтве доля такіх грамадзка актыўных складае прыкладна 5%. Дык, можа, зь Беларусі яны і зьехалі.

— Яшчэ адзін пункт вашых аргумэнтаў — гэта магчымасьць зацяжной, доўгай вайны. Што будзе зь міграцыйнымі хвалямі зь Беларусі і ў Беларусь у такой сытуацыі?

— Міграцыйныя хвалі могуць павялічвацца і пры спрыяльным разьвіцьці падзей. Колькасьць насельніцтва Літвы за 30 гадоў (1992–2022) зьменшылася на мільён чалавек. І гэта адбывалася не таму, што жыцьцё стала горшым. У гэтыя гады адбываліся дэмакратычныя зьмены, краіна ўступіла ў Эўразьвяз. Людзі атрымалі магчымасьць рухацца і адначасна ўбачылі, якія вялікія праблемы стаяць перад эканомікай і грамадзтвам.

Дарэчы, у апошнія гады ёсьць тэндэнцыя, хоць і няпэўная, што ў Літву больш людзей вяртаецца, чым едуць зь яе.

Але і сапраўды мне падаецца імаверным сцэнар зацяжной вайны. Ня ведаю, што можа прымусіць Расею яе спыніць. Эканамісты кажуць, што фінансавых рэсурсаў ёй хопіць мінімум на 3 гады. Зразумела, калі Пуцін раптам памрэ, то сытуацыя можа зьмяніцца. Але я лічу, што ў Расеі склаўся кансэрватыўны кансэнсус, і ня толькі на ўзроўні эліты, але і на ўзроўні грамадзтва. Пакуль гэтая топка ня выгарыць знутры, нічога ня зьменіцца. І нават параза ва Ўкраіне не азначае краху крамлёўскага рэжыму. Расея будзе чакаць рэваншу і рыхтавацца да яго, пераходзіць да мабілізацыйнай мадэлі.

Хто ў лютым 2020 году ў Беларусі мог падумаць, што праз 3 гады сытуацыя будзе такая, якой яна ёсьць цяпер?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG