Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Польшчы сустрэўся з жонкай Бяляцкага і паабяцаў падтрымку беларусам

абноўлена

Натальля Пінчук (жонка Алеся Бяляцкага) і Матэвуш Маравецкі
Натальля Пінчук (жонка Алеся Бяляцкага) і Матэвуш Маравецкі

У рамках двух тыдняў салідарнасьці з палітзьняволеным нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім ягоная жонка Натальля Пінчук і прадстаўнікі беларускай супольнасьці сустрэліся з прэм'ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.

Як паведаміў кіраўнік канцылярыі міністра Польшчы Міхал Дворчык, прэм’ер знайшоў магчымасьці сустрэцца з Натальляй Пінчук, нягледзячы на свой загружаны графік, бо ён вельмі зацікаўлены ў дэмакратычнай Беларусі.

Размаўляючы з жонкай Бяляцкага, Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча працягне падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, іх прадстаўнікоў у Польшчы і ўнутры Беларусі.

«Нягледзячы на выклікі і цяжкасьці, якія штодня прыносіць вайна ва Ўкраіне і рэпрэсіі Лукашэнкі супраць беларусаў, мы павінны найдалей падтрымліваць дэмакратычную апазыцыю за нашай усходняй мяжой. Гэтага патрабуе дзяржаўны інтарэс Польшчы. Гэтага патрабуе чалавечая прыстойнасьць. Гэтага патрабуе будучыня і бясьпека Эўропы», лічыць Маравецкі.

Натальля Пінчук падняла пытаньне шэнгенскіх візаў і праблемаў грамадзян, якія ня могуць выехаць зь Беларусі. Яна прывяла канкрэтныя прыклады.

«Беларусы ня роўна рэжым, і мы ведаем, што, нягледзячы на тое, што прайшло 3 гады (ад моманту пачатку пратэстаў і рэпрэсій, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. — РС), настроі грамадзян не зьмяніліся. Мы ведам, што беларусы хочуць хочуць незалежнай дэмакратычнай краіне», — заявіў Маравецкі.

Ён падкрэсьліў, што Польшча хвалюецца ня толькі за нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага і журналіста Анджэя Пачобута, але і за ўсіх палітвязьняў Беларусі, і будзе рабіць усё, каб іх жыцьцё было прасьцейшым і лягчэйшым у турмах, а таксама працягне дамагацца іх вызваленьня.

Асабіста Натальлі і яе сямʼі Маравецкі паабяцаў аказаць усю неабходную падтрымку ў Польшчы.

Матэвуш Маравецкі, Алесь Зарэмбюк і Натальля Пінчук
Матэвуш Маравецкі, Алесь Зарэмбюк і Натальля Пінчук

Сама Натальля Пінчук у інтэрвію Свабодзе адзначыла, што ў яе «склалася вельмі прыемнае ўражаньне ад размовы з прэмʼер-міністрам Польшчы»:

«Польскія ўлады заўсёды імкнуцца падтрымліваць беларусаў у іх даволі цяжкіх абставінах і, наколькі магчыма, рэалізуюць свае абяцаньні. У Польшчы ёсьць вялікі асяродак беларусаў, якія выехалі з сваёй краіны, і тут яны маюць свае пляцоўкі, могуць зьбірацца, праводзіць імпрэзы. Польскія ўлады гэтаму вельмі спрыяюць».

Натальля падзякавала прэмʼеру за такія магчымасьці.

«Мой галоўны зварот да прэмʼера быў, каб Польшча далей дапамагала і адстойвала правы беларусаў, якія апынуліся ў цяжкіх умовах і вымушаныя былі ўцячы з сваёй краіны і знайшлі прытулак тут».

Маравецкі ў сваю чаргу пацьвердзіў, што гэтая палітыка будзе працягвацца. Ён таксама пацікавіўся станам Алеся, ягоным здароўем, тым, у якіх умовах ён знаходзіцца, а таксама пэрспэктывамі зьменаў яго сытуацыі.

«Але зьмены прагназаваць цяжка», — канстатавала Натальля Пінчук.

Агульная танальнасьць размовы з прэмʼер-міністрам была вельмі прыязнай і добразычлівай, заявіла Натальля Свабодзе.

На сустрэчу, якая адбылася ў рэзыдэнцыі прэмʼер-міністра Польшчы, акрамя жонкі Алеся Бяляцкага, запрасілі і ягоных сяброў: палітыка, кіраўніка фонду «Вольны беларускі ўнівэрсытэт» Аляксандра Мілінкевіча, кіраўніка Беларускага дома ў Варшаве Алеся Зарэмбюка, старшыню Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іну Кулей, а таксама журналіста Свабоды і аўтара кнігі «Справа Бяляцкага» Валера Каліноўскага.

Пазьней Натальля Пінчук разам са сваякамі беларускіх палітвязьняў і праваабарончых ініцыятыў сустрэлася з прадстаніцай Дзярждэпартамэнту ЗША Карай Макдональд.

Сустрэча прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве, гутарка ішла аб лёсах беларускіх палітвязьняў і тым, як ЗША ім могуць дарамагчы.

Затым у Натальлі Пінчук адбылася сустрэча зь міністрам замежных справаў Польшчы Зьбігневам Раў. Натальля падрабязна расказала яму пра сытуацыю ў Беларусі, праблемы палітвязьняў і людзей, якіх перасьледуюць. Удакладніла, ад якіх праблем яны цярпяць і якая ім была бы патрэбна дапамога.

Міністар Раў запэўніў, што польскія ўлады ўвесь час вядуць працу, як будаваць адносіны зь Беларусью і як дапамагаць яе грамадзянскай супольнасьці.

Натальля Пінчук і Зьбігнеў Раў
Натальля Пінчук і Зьбігнеў Раў

«Вельмі цяжка гаварыць з афіцыйным Менскам, таксама вельмі цяжка ўзгадняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі з партнэрамі ў Эўразьвязе. Тым ня меней, перамены ў гэтай частцы Эўропы адбываюцца зусім іншай хадой, часам яны запавольваюцца. Але ўвесь час ідзе наша праца», сказаў Раў.

Пра канкрэтныя дэталі працы, якая вядзецца, ён не сказаў.

У найбліжэйшых плянах таксама вечарына салідарнасьці з Алесем Бяляцкім у Варшаўскім унівэрсытэце пад назвай «Алесь Бяляцкі — беларускі змагар за свабоду і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру». Вечарыну арганізоўвае 21 сакавіка катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Беларускі дом у Варшаве 23 сакавіка правядзе сяброўскую сустрэчу з жонкай Алеся Бяляцкага Натальляй Пінчук.

На наступным тыдні, 28 сакавіка, заплянавана вечарына, прысьвечаная Бяляцкаму, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні.

28 сакавіка сяброўская сустрэча з Натальляй Пінчук адбудзецца ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
XS
SM
MD
LG