Полк імя Кастуся Каліноўскага і «іншыя ўзброеныя фармаваньні», якія ваююць ва Ўкраіне, нібыта «выношваюць пляны па дэстабілізацыі становішча ў Беларусі»,— заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі Андрэй Ананенка.
Паводле яго, у Беларусі ў байцоў засталіся сувязі, сваякі і знаёмыя, сувязі «зафіксаваныя і сыстэмна адпрацоўваюцца на прадмет падрыўной дзейнасьці ўнутры краіны і аказаньня садзейнічаньня замежным радыкальным ініцыятывам».
Прэс-служба МУС суправадзіла відэакамэнтар міліцэйскага чыноўніка кадрамі, на якіх сілавікі ўрываюцца ў дамы і затрымліваюць, верагодна, блізкіх беларускіх грамадзян, якія ваююць ва Ўкраіне.
Паводле Ананенкі, з 2022 году за спробу выезду зь Беларусі для далучэньня да беларускіх фармаваньняў ва Ўкраіне да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі 11 чалавек.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. 21 траўня было аб’яўлена аб яго трансфармацыі ў полк у складзе двух батальёнаў — «Волат» і «Тэрор». Пазьней быў сфарміраваны трэці — «Літвін». Пасьля «Тэрор» стаў асобным падразьдзяленьнем УСУ па-за складам палка Каліноўскага.
У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага распачата крымінальная справа, ён прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў 20 лістапада мінулага года заявіў аб вызначэньні амаль 160 беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне.