Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці заявіў пра намер увайсьці ў склад Расеі. 73-і дзень вайны Расеі супраць Украіны


Архіўнае фота. Акцыя пратэсту ў акупаваным Херсоне
Архіўнае фота. Акцыя пратэсту ў акупаваным Херсоне

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Прызначаны кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці заявіў пра намер увайсьці ў склад Расеі.
  • 7 траўня расейскія войскі нанесьлі ўдары па Адэскай, Данецкай, Сумскай, Харкаўскай абласьцях.
  • Ва ўкраінскіх партах Чорнага і Азоўскага мора Расея заблякавала 70 гандлёвых суднаў.
  • Войска Ўкраіны пайшло ў контранаступ на поўнач ад Харкава.
  • Расейскія войскі прарваліся на тэрыторыю «Азоўсталі», там ідуць цяжкія баі. Полк «Азоў», які абараняецца на пляцоўцы «Азоўсталі», заклікаў сьвет і кіраўніцтва Ўкраіны дапамагчы эвакуаваць параненых жаўнераў.
  • 6 траўня з завода «Азоўсталь» эвакуявалі яшчэ 50 мірных жыхароў.
  • UNICEF заявіла, што кожная шостая школа ва Ўкраіне разбураная.
  • Сама меней 633 дзіцяці пацярпелі з пачатку вайны ва Ўкраіне: загінулі 223 дзіцяці, 410 атрымалі раненьні, паводле зьвестак на 7 траўня.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 7 траўня

Расейцы зноў абсталялі ракетамі аэрапорт у Адэсе

Дзьве расейскія ракеты трапілі ва ўзьлётна-пасадачную паласу адэскага аэрапорту, паведаміла начальніца прэс-цэнтру Паўднёвых сілаў абароны і бясьпекі Натальля Гумянюк.

«Яшчэ дзьве ракеты трапілі ва ўжо пашкоджаную ўзьлётна-пасадачную паласу адэскага аэрапорта, а таксама пашкодзілі радыёлякацыйнае абсталяваньне», — сказала яна.

Паводле яе слоў, у выніку трапляньня яшчэ чатырох ракет было пашкоджана прадпрыемства не вайсковага профілю ў спальным раёне Адэсы. Пасьля ракетнага ўдару здарыўся пажар, на месцы працуюць ратавальнікі.

На гэты момант інфармацыі аб пацярпелых няма.

Мінабароны Ўкраіны: «Байрактар» зьнішчыў каля Зьмяінага расейскі катэр

Украінскі безьпілотны лятальны апарат «Байрактар» зьнішчыў расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна» каля берагоў акупаванай выспы Зьмяіны, паведамляе Міністэрства абароны Ўкраіны.

У раёне ўкраінскай выспы Зьмяіны ўдарным бесьпілётным комплексам «Bayraktar TB2» быў зьнішчаны дэсантны катэр расейцаў праекту 11770 «Серна» і два зэнітных ракетных комплексу «Тор», — паведаміла ведамства ў твітэры.

У Марыюпалі пад кожным домам 80-100 загінулых, — дарадца мэра

У Марыюпалі людзі, якія пагадзіліся пад ціскам расейскіх акупантаў працаваць на разборы завалаў, выяўляюць па 80-100 астанкаў загінулых пад кожным домам, распавёў дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка.

«Гісторыя аднаго з удзельнікаў разбору завалаў у Марыюпалі. Без імя, таму што чалавек яшчэ ў Марыюпалі ў пастаяннай небясьпецы. Пад ціскам акупантаў і каб пракарміць сям’ю, тыдзень таму ён падахвоціўся разьбіраць у горадзе завалы. Чалавек вытрымаў усяго некалькі дзён. Кажа, што людзей, якія працавалі, ванітавала, і яны ўпадалі ў маўклівы ступар», — напісаў Андрушчанка ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, у іх рэгулярна здараліся гістэрыкі, таму што колькасьць чалавечых цел і іх фрагмэнтаў пад заваламі вылічаецца дзясяткамі.

«Пад кожным домам, які яны разграбалі, было каля 80-100 трупаў. Таму цалкам абгрунтаваныя падазрэньні, што афіцыйныя лічбы чалавечых стратаў па Марыюпалі з рэальнымі могуць не супадаць», — кажа дарадца мэр.

Сумскую вобласьць абстралялі ракетамі «зямля – паветра»

Расейская авіяцыя 7 траўня абстраляла Сумскую вобласьць ракетамі «зямля – паветра», паведамляе кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітры Жывіцкі.

Паводле яго інфармацыі, пацярпела тэрыторыя Мірапольскай і Хоцінскай грамадаў. У выніку абстрэлу паранены вайсковец памежнай службы Ўкраіны.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка заявіў «Суспільне», што падчас абстрэлу Сумскай вобласьці расейцы таксама абстралялі сваю тэрыторыю. «Адзін з самалётаў запусьціў ракеты па тэрыторыі Расеі», — сказаў ён.

У выніку ракетнага ўдару па Канстанцінаўцы загінулі два чалавекі, дзевяць пацярпелі

У выніку ранішняга ракетнага ўдару па Данецкай вобласьці адбыўся пажар на тэрыторыі прафэсійнага будаўнічага ліцэя ў Канстанцінаўцы Краматорскага раёну, паведамілі ў Дзяржслужбе па надзвычайных сытуацыях.

«Пажар быў ліквідаваны на плошчы 50 кв. У выніку разбору завалаў знойдзеныя дзевяць пацярпелых і двое загінулых», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней аб тым, што расейскае войска абстраляла Канстанцінаўку, паведаміў старшыня Данецкай ОВА Павал Кірыленка. Ён адзначыў, што маштабы разбурэньняў і колькасьць пацярпелых удакладняюцца.

Па Адэскай вобласьці нанесьлі ўдары чатырма крылатымі ракетамі, пацярпелых няма

Па Адэскай вобласьці 7 траўня расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдары чатырма крылатымі ракетамі, паведаміў сьпікер Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук. Паводле яго інфармацыі, пацярпелых няма.

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў апэратыўным камандаваньні «Поўдзень». «Па Адэскай вобласьці нанесены ракетны ўдар чатырма крылатымі ракетамі з ужываньнем стратэгічнай авіяцыі», — адзначылі там.

У акупаванай Херсонскай вобласьці заявілі пра намер увайсьці ў склад Расеі

Прызначаны кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці Кірыл Стрэмавусаў заявіў расейскаму агенцтву «РИА Новости» аб намеры ўключыць рэгіён у склад Расеі.

«Мы маем намер жыць у складзе Расейскай Фэдэрацыі і будзем нагадваць па тэмпах разьвіцьця нешта блізкае да Крыму. Рэгіён будзе імкнуцца стаць суб’ектам Расеі. Ніхто ні да чаго не будзе прымушаць, але спрадвечна рускія землі павінны вярнуцца ў сваё гістарычнае рэчышча культуры і каштоўнасьцяў», — заявіў Стрэмавусаў агенцтву.

Таксама ён заявіў пра намер вярнуць герб часоў Расейскай імпэрыі ў вобласьці.

Цяпер Херсонская вобласьць Украіны знаходзіцца пад расейскай акупацыяй.

Ракетныя ўдар па Харкаўскай вобласьці

Расейскія войскі 7 траўня нанесьлі ракетны ўдар па Краснаграды ў Харкаўскай вобласьці. Паводле папярэдніх зьвестак, ніхто не загінуў і не пацярпеў, паведамілі выданьню «Суспільне» ў Абласной вайсковай адміністрацыі.

Таксама сёньня расейскія вайскоўцы абстралялі сяло Каробачкіна ў Чугуеўскім раёне Харкаўскай вобласьці, загінула 28-гадовая мясцовая жыхарка, паведамляе абласная ваенная адміністрацыя.

Ракетным ударам зьнішчаны Нацыянальны музэй філёзафа Рыгора Скаварады ў Харкаўскай вобласьці

Пра гэта паведамляе «Суспільне Харкаў» са спасылкай на кіраўніка Залочаўскай абшчыны Віктара Каваленкі.

У выніку абстрэлу раненьні атрымаў 35-гадовы сын дырэктара музэя, які гэтай ноччу застаўся ахоўваць памяшканьне. Мужчыну выцягнулі з-пад завалаў, мэдыкі дыягнаставалі ў яго траўму нагі і адправілі ў бальніцу.

Музэй украінскага філёзафа Рыгора Скаварады разьмешчаны ў вёсцы Скаварадзінаўка (Харкаўская вобласьць). Гэта быў маёнтак XVIII стагодзьдзя, у якім у апошнія гады свайго жыцьця працаваў і каля якога быў пахаваны Рыгор Скаварада.

У Харкаўскай вобласьці расейскія войскі ўзарвалі 3 масты

Тры аўтамабільныя масты падарваныя расейскімі войскамі ў Харкаўскай вобласьці з мэтай запаволеньня контрнаступальных дзеяньняў падразьдзяленьняў Ўзброеных сіл Украіны, паведамляе ўкраінскі Генштаб.

У Мінабароны Ўкраіны апублікавалі відэа зьнішчанага расейскага катэра

У Міністэрстве абароны Ўкраіны паведамляюць, што ўкраінскі бесьпілётнік зьнішчыў дэсантны расейскі карабель праекту «Серна» ля берагоў захопленага вострава Зьмяіны.

«У раёне ўкраінскага вострава Зьмяіны ўдарным бесьпілётным комплексам нацыянальнага флоту Bayraktar TB2 быў уражаны дэсантны катэр расейцаў праекту 11770» Серна «і два зэнітныя ракетныя комплексы «Тор», — паведамілі ва ўкраінскім ведамстве.

У Кіеве абстрэламі пашкоджана больш за 200 жылых дамоў

У Кіеве ў выніку абстрэлаў пашкоджана больш за 200 жылых дамоў, паведаміў 7 траўня мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. Паводле яго, таксама разбураныя 46 школ, 30 дзіцячых садоў і больш за 70 аб'ектаў гарадзкой інфраструктуры.

За дзень расейскія войскі 24 разы абстралялі Луганскую вобласьць

Як паведамляе кіраўнік абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай 7 траўня, за мінулы дзень расейскія войскі разбурылі або пашкодзілі 36 дамоў: 11 дамоў яны разбурылі ў Залатым, 10 — у Папаснай, пяць шматпавярховікаў — у Севераданецку, які пад шчыльным агнём аказваўся двойчы за дзень, чатыры — у Рубежным. У Лісічанску два дамы не падлягаюць нікому аднаўленьню, дадаў Гайдай.

У Ірпені аднавілі разбураны ў першыя дні вайны ва Ўкраіне чыгуначны мост

«Сёньня ўпершыню за некалькі тыдняў на ірпенскі чыгуначны вакзал прыбудзе электрычка», — паведаміў мэр горада Аляксандар Маркушын у сваім тэлеграм-канале. Мост у Ірпені быў разбураны напачатку сакавіка. Праз трапляньне снарада ў чыгуначнае палатно ў той дзень сарвалася эвакуацыя мясцовых жыхароў.

У выніку начнога абстрэлу Краматорску пацярпелі як мінімум два чалавекі

Як заявіў мэр горада Аляксандар Ганчарэнка, у выніку абстрэлу з боку расейскіх вайскоўцаў былі пашкоджаныя 15 дамоў у прыватным сэктары, шматкватэрны дом, установа культуры, крама і аб'екты інфраструктуры. Адзін мужчына і адна жанчына былі параненыя.

Украінцаў прымушаюць прымаць грамадзянства самаабвешчанай «ЛНР», — украінскі амбудсмэн

У акупаваным горадзе Сарокіна Луганскай вобласьці пачалі працэсы афармленьня пашпартоў так званай «ЛНР» украінскім грамадзянам, прымусова вывезеным зь нядаўна захопленых тэрыторый, заявіла Упаўнаважаная па правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людміла Дзянісава.

«Прадстаўнікі акупантаў праводзяць з грамадзянамі так званыя „прафіляктычныя гутаркі“, падчас якіх паведамляюць, што ў выпадку адмовы набыцьця грамадзянства так званай „ЛНР“ яны страцяць якія-небудзь сродкі да існаваньня і да іх будуць прымененыя рэпрэсіўныя меры», — паведаміла Дзянісава.

Генштаб Украіны: страты РФ ва Ўкраіне перавысілі 25 тысяч чалавек

У баях супраць украінскай арміі ўзброеныя сілы РФ страцілі каля 25 100 вайскоўцаў, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны. Паводле зьвестак украінскага Генштабу, за апошні дзень і загінулі каля 200 расейцаў.

Расея не называе страты сваіх вайскоўцаў з канца сакавіка.

Флісавую куртку Зяленскага прадалі на аўкцыёне ў Лёндане за 90 тысяч фунтаў

У сталіцы Вялікай Брытаніі на дабрачынным аўкцыёне для збору сродкаў на дапамогу Ўкраіне прадалі флісавую куртку прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, паведамляе The Telegraph. Кошт лота дасягнуў 90 тысяч фунтаў. Аўкцыён вёў асабіста прэм’ер-міністр Каралеўства Борыс Джонсан.

Джонсан назваў украінскага прэзыдэнта «адным з самых неверагодных лідэраў сучаснасьці», адзначае выданьне.

Галоўны наступ РФ яшчэ наперадзе, — Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг перакананы, што галоўны наступ Расеі на ўкраінскія пазыцыі на Данбасе яшчэ не пачаўся, паведамляе Die Welt.

«Мы павінны рыхтавацца да наступу Расеі і яшчэ большай жорсткасьці, яшчэ большых цяжкасьцяў і яшчэ большага разбурэньня крытычнай інфраструктуры і жылых раёнаў. Цяперашні наступ Расеі на Данбасе яшчэ не набраў абароту, бо ўкраінскія войскі энэргічна абараняюцца», — сказаў ён.

З пачатку вайны ва Ўкраіне пацярпела сама меней 633 дзіцяці

З пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў краіне загінулі 223 дзіцяці, параненыя — каля 410 дзяцей, паводле зьвестак Офісу генпракурора Ўкраіны на 7 траўня.

Больш за ўсё дзяцей пацярпелі ў Данецкай вобласьці — 139, Кіеўскай — 116, Харкаўскай — 98, Чарнігаўскай — 68, Херсонскай — 46, Мікалаеўскай — 44, Луганскай — 37, Запароскай — 27, Сумскай — 17, у Кіеве — 16, Жытомірскай вобласьці — 15.

У ведамстве ўдакладняюць, што гэтыя лічбы не канчатковыя, інфармацыя зь месцаў вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў, часова акупаваных і вызваленых тэрыторыяў паступае са спазьненьнем.

У выніку абстрэлаў у Данецкай вобласьці загінуў адзін чалавек, яшчэ чацьвёра параненыя

Паліцыя Данецкай вобласьці паведамляе, што агулам былі абстраляныя 15 населеных пунктаў вобласьці: Марыюпаль, Сіверск, Тарэцк, Аўдзееўка, Мар'інка, Сьвятагорск, Залізне, Дружкоўка, Нью-Ёрк, Паўночнае, Дробышава, Рай-Аляксандраўка, Ярова, Дронаўка, Сьвята-Пакроўскае.

Пашкоджаныя 44 цывільныя аб'екты, у тым ліку жылыя дамы і аб'екты жыцьцезабесьпячэньня.

На фронце загінуў яшчэ адзін украінскі журналіст Максім Мядзінскі

Пра сьмерць журналіста паведаміў Балградзкая гарадзкая рада. Максім Мядзінскі пайшоў на фронт у 2014 годзе і з пачаткам вайны ў лютым 2022 году зноў пайшоў бараніць Украіну.

«Мне ніколі не было страшна страціць сваё жыцьцё, толькі баяўся страціць яго неяк неразумна. Таму не стаяла пытаньне: ісьці на вайну ці не. У маёй краіне вайна, так што я павінен яе абараняць», — заяўляў раней Максім Мядзінскі.

Некалькі дзён таму, 4 траўня, загінуў тэлежурналіст, вайсковец ЗСУ Аляксандар Махаў. Паводле Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны, з 24 лютага ад дзеяньняў расейскіх ваенных злачынцаў ва Ўкраіне загінулі 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў мэдыя.

Міністэрства культуры Ўкраіны зафіксавала 300 злачынстваў супраць культурнай спадчыны краіны з боку расейскіх войскаў

Больш за ўсё такіх выпадкаў у Харкаўскай, Данецкай і Кіеўскай абласьцях, паведамляе міністэрства. Усяго разбурана 36 гістарычных помнікаў, 22 будынкі музэяў і запаведнікаў, 46 дамоў культуры, тэатраў, бібліятэк і іншых аб'ектаў гістарычнай каштоўнасьці.

Расея пераводзіць мабільных апэратараў так званых «ДНР» і «ЛНР» на свой код

Мабільныя апэратары «Фенікс» і «Лугакам», якія дзейнічаюць на тэрыторыях самаабвешчаных так званых «ДНР» і «ЛНР», пераходзяць на расейскую сыстэму нумарацыі тэлефонаў «+7», паведамляеРБК са спасылкай на ўладаў непрызнаных «рэспублік».

З завода «Азоўсталь» эвакуявалі яшчэ 50 мірных жыхароў

6 траўня з тэрыторыі абложанага расейскімі войскамі завода «Азоўсталь» у Марыюпалі эвакуявалі 50 мірных жыхароў, паведамілі Мінабароны Расеі і віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук.

У паведамленьні расейскага ведамства сьцьвярджаецца, што эвакуяваных мірных жыхароў перадалі прадстаўнікам ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа «для дастаўкі ў выбраныя месцы часовага разьмяшчэньня».

Ірына Верашчук заявіла, што расейскія вайскоўцы парушалі рэжым спыненьня агню, таму эвакуацыя праходзіла павольна. З гэтай прычыны гуманітарная калёна не пасьпела забраць іншых жыхароў Маўрыюпаля, якія чакалі эвакуацыі ля гандлёвага цэнтру «Порт-Сіці».

Абодва бакі заявілі, што гуманітарная апэрацыя на «Азоўсталі» працягнецца 7 траўня.

У Марыюпалі працягваецца блякада Ўзброеных сіл у раёне заводу «Азоўсталь». У некаторых раёнах пры падтрымцы авіяцыі расейцы аднавілі штурм, спрабуючы ўзяць завод пад кантроль, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы 6 траўня.

Паводле прэс-сакратара Пэнтагону Джона Кірбі, цяпер у Марыюпалі і яго навакольлях засталася «пара батальённых тактычных груп» Расеі. «У цэлым, паводле нашых ацэнак, большасьць расейскіх войскаў — сухапутных войскаў, якія былі накіраваныя ў Марыюпаль, адышлі і рушылі на поўнач», — заявіў Кірбі.

Ва ўкраінскіх партах Чорнага і Азоўскага мораў Расея заблякавала 70 гандлёвых суднаў

Намесьнік міністра інфраструктуры Ўкраіны Юры Васкоў заявіў, што з прычыны ваенных дзеяньняў Расеі на тэрыторыі Ўкраіны заблякавана каля 70 гандлёвых караблёў. Экіпажы часткі іх удалося эвакуаваць. Паводле яго, цяпер Украіна адпраўляе і атрымлівае свае грузы праз адзіны Дунайскі порт. Марыюпальскі порт амаль цалкам зьнішчаны.

У той жа час Міністэрства абароны Расеі абвінавачвае Ўкраіну ў блякаваньні ў сямі партах (Херсон, Мікалаеў, Чарнаморск, Ачакаў, Адэса, Паўднёвы і Марыюпаль) 75 замежных суднаў з 17 дзяржаў. Расейскія вайскоўцы абвінавачваюць украінскія ўлады ў стварэньні пагрозаў абстрэлаў і мінаваньні ўнутраных і тэрытарыяльных водаў Украіны.

Брытанская выведка: штурм «Азоўсталі» каштуе Расеі вялікіх страт і зрывае пляны на поўдні Данбасу

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі апублікавала штодзённую справаздачу на аснове дадзеных выведкі. Гэтым разам яна прысьвечаная сытуацыі на «Азоўсталі», дзе, па паведамленьнях украінскага боку, ужо два дні працягваецца штурм, хоць у Расеі кажуць толькі пра «блякаваньне» заводу.

Як паведамляе брытанская выведка, спробы авалодаць «Азоўстальлю» і завяршыць захоп Марыюпалю, верагодна, зьвязаныя з надыходзячым 9 траўня і жаданьнем Пуціна дамагчыся сымбалічнага посьпеху. Але пакуль гэтыя намаганьні суправаджаюцца толькі стратамі асабовага складу, тэхнікі і боепрыпасаў. Украінскі супраціў прыводзіць толькі да росту гэтых страт і зрывае апэратыўныя пляны Расеі на поўдні Данбасу, гаворыцца ў паведамленьні выведкі.

Пэнтагон: няма ніякіх прыкметаў, што Беларусь плянуе ўзяць актыўны ўдзел у вайне ва Ўкраіне

На пытаньне — «Ці фіксуе Пэнтагон якія-небудзь прыкметы таго, што беларускія вучэньні выклікаюць занепакоенасьць і Беларусь гатовая да больш актыўнага ўдзелу ў вайне?» — прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі на брыфінгу 5 траўня адказаў адмоўна.

«Няма ніякіх прыкметаў таго, што Беларусь мае намер узяць актыўны ўдзел у вайне ва Ўкраіне. Няхай сабе яны гавораць пра свае вучэньні. Але мы не адсочваем ніякіх прыкмет таго, што яны плянуюць або маюць намер непасрэдна ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне», — сказаў Кірбі.

Швайцарскія юрысты дапамагаюць расейцам хаваць актывы — Хэльсынская камісія

Камісія па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (Хэльсынская камісія) заявіла, што Швайцарыя дапамагае расейскім алігархам хаваць свае актывы, якія карыстаюцца шчылінамі ў заканадаўстве.

«Пуцін і яго алігархі выкарыстоўваюць швайцарскія законы аб банкаўскай таямніцы, каб схаваць і абараніць даходы ад сваіх злачынстваў», — заявілі ў камісіі.

Па словах швайцарскага экспэрта па барацьбе з карупцыяй Марка Піта, які даваў паказаньні камісіі, у Швайцарыі існуе цэлы пасярэдніцкі сэктар. Такія структуры не дазваляюць банкам і ўраду вызначыць бэнэфіцыярных уладальнікаў актываў.

На «гарачую лінію» МУС Украіны паступіла больш за 12 тысяч званкоў ад родных расейскіх салдат

На тэлефон «гарачай лініі» МУС Украіны праз тэлеграм-боты ўжо паступіла больш за 20 тысяч неафіцыйных зваротаў і каля 12 тысяч званкоў ад родных расейскіх салдат, якія шукаюць сваіх блізкіх, паведаміў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Віктар Андрусаў у эфіры Ўсеўкраінскага інфармацыйнага тэлемаратону. Таксама, паводле яго, прыходзяць і афіцыйныя запыты ад расейскага амбудсмэна.

Расейскія войскі з пачатку вайны зьнішчылі больш за 20 аб'ектаў тэле- і радыёвяшчальнай інфраструктуры Ўкраіны

Расейскія акупанты наўмысна зьнішчаюць тэле- і радыёвяшчальную інфраструктуру Ўкраіны, каб пазбавіць украінцаў магчымасьці атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра вайну і сытуацыю ва Ўкраіне, заявіў падчас брыфінгу 5 траўня кіраўнік Дзяржаўнай службы спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны Юры Шчыгаль.

«З пачатку баявых дзеяньняў пашкоджана больш за 20 аб’ектаў Канцэрну радыёвяшчаньня, радыёсувязі і тэлебачаньня. У выніку абстрэлу 3 траўня ў Львове зьнішчаны дзьве трансфарматарныя падстанцыі, якія сілкавалі абʼект вяшчаньня КРРТ у Львове», — заявіў ён.

У Запарожжы ўвялі камэнданцкую гадзіну з 8-10 траўня, у Івана-Франкоўску просяць не выходзіць з дома 7-9 траўня

У Запарожжы ўвялі працяглую камэнданцкую гадзіну: яна будзе доўжыцца з 19.00 8 траўня да 5.00 10 траўня. У гэты час трэба заставацца дома. Выходзіць можна толькі ў сховішчы ў выпадку паветранай трывогі.

Жыхароў Івана-Франкоўску просяць заставацца дома або пакінуць горад 7–9 траўня з прычыны пагрозы ракетных удараў з боку Расеі. У гэтыя даты ў горадзе былі адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы.

У Луганскай вобласьці — ніводнай ацалелай АЗС

У Луганскай вобласьці з прычыны дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў не засталося ніводнай ацалелай АЗС, існуе сьмяротная пагроза пры транспартаваньні паліва, паведаміў кіраўнік Луганскага аблсавету Сяргей Гайдай. У той жа час ужо ёсьць дамоўленасьці з новымі пастаўшчыкамі. Гайдай заклікаў кіроўцаў быць больш уважлівымі да расходу паліва, устрымлівацца ад непатрэбных паездак.

З пачатку вайны ва Ўкраіну вярнулі 324 палонных

У СБУ паведамілі, што з пачатку вайны Расеі супраць Украіны 324 палонныя вярнуліся ва Ўкраіну. Расея колькасьць вернутых палонных не называе.

Ва Ўкраіне стварылі карту Russian War Criminals

Антыкарупцыйны штаб разам зь незалежным агенцтвам журналісцкіх расьсьледаваньняў Слідство.Інфо стварылі онлайн-мапу Russian War Criminals, на якой кожны ахвотны можа знайсьці расейскіх вайскоўцаў, сярод якіх ёсьць датычныя да вайны ва Ўкраіне. Мэта праекту — ідэнтыфікацыя ўсіх вайскоўцаў РФ, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны або маюць да яе дачыненьне, для далейшага выкарыстаньня гэтых зьвестак ва ўкраінскіх судах і ў Міжнародным крымінальным судзе.

«У нас ужо ёсьць зьвесткі пра 138 тысяч расейскіх вайскоўцаў, 20 тысяч 100% датычных да вайны ва Ўкраіне, 485 палонных і 1996 вайскоўцаў, забітых на вайне ва Ўкраіне. Гэта пацьверджана доказамі, атрыманымі з адкрытых крыніц», — гаворыцца ў паведамленьні.

CIT: Сур'ёзных прыкмет падрыхтоўкі да мабілізацыі ў Расеі няма

Нягледзячы на тое, што ў Расеі паведамляюць пра атрыманьне позваў з прапановай аб падпісаньні кароткатэрміновых кантрактаў, сурʼёзных прыкмет мабілізацыі насельніцтва пакуль не назіраецца, паведаміла 5 траўня аналітычная група Conflict Intelligence Team.

Аналітыкі адзначаюць, што пра падрыхтоўку да мабілізацыі можна было б меркаваць па наступных прыкметах:

  • перавозка тэхнікі з мабілізацыйных складоў на рамонтныя прадпрыемствы для яе раскансэрваваньня (цяпер адбываецца ў малых маштабах);
  • вывад часткі афіцэраў з зоны баявых дзеяньняў для падрыхтоўкі мабілізаваных (гэтага няма);
  • падрыхтоўка палігонаў да вучэньняў (гэтага не назіраецца);
  • падрыхтоўка ваенкаматаў у РФ да наплыву людзей (гэтага таксама няма).

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

У Белгародзкай вобласьці Расеі зноў выбухі

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што ў вобласьці былі чуваць два моцныя «хлапкі». Пра гэта ён паведаміў у Telegram.

«Прачнуўся ад двух моцных разрываў. Па дадзеных апэратыўнага штабу, пашкоджаньняў і руйнаваньняў няма. Пацярпелых няма. У сацыяльных сетках ужо зьявіліся кадры ўспышкі ў небе. Самае галоўнае, што без ахвяр і разбурэньняў. Астатнюю інфармацыю ўдакладнім ранкам».

Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў

Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў і антысэмітызм, паведамляе канцылярыя Бэнэта. На сайце Крамля ў паведамленьні пра размову з Бэнэтам пра гэта не сказана.

1 траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў Зяленскага з Гітлерам, сказаў, што ў Гітлера была яўрэйская кроў, а самыя заўзятыя антысэміты — самі габрэі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Кіеў: прыкмет новага наступу зь Беларусі няма

«На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеяньняў не рабіў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандаваньня на 6 гадзіну раніцы 3 траўня.

30 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што не выключаюць зьдзяйсьненьня Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Таксама было адзначана, што «захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны».

Як рэагуе сьвет

Google выдаткуе 10 мільёнаў даляраў на барацьбу з фэйкамі пра вайну ва Ўкраіне

Кампанія Google вылучыла 10 мільёнаў даляраў для супрацьдзеяньня распаўсюджваньню ілжывай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, паведаміў кіраўнік падразьдзяленьня Google у рэгіёне Эўропа, Блізкі Ўсход і Афрыка на Канфэрэнцыі донараў для дапамогі Ўкраіне ў Варшаве, перадае «Укрінформ».

Паводле ягоных зьвестак, кампанія ўжо выдзеліла Ўкраіне дапамогу ў 55 мільёнаў даляраў. Зь іх 35 мільёнаў даляраў было накіравана на гуманітарныя патрэбы, яшчэ 10 мільёнаў даляраў атрымалі польскія арганізацыі, якія працуюць з часова перамешчанымі асобамі.

«Учора мы анансавалі 1,5 млн гранту для Міжнароднага камітэту ратаваньня, каб пашырыць доступ да важнай інфармацыі пацярпелым ад вайны», — паведаміў ён. Паводле яго, Google да ўжо аказанай дапамогі дадасьць яшчэ 10 мільёнаў даляраў на гуманітарныя патрэбы людзей ва Ўкраіне і яшчэ 10 мільёнаў — на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню непраўдзівай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне.

Нафтагазавая кампанія Shell прадае свой заправачны бізнэс у Расеі

Пагадненьне яшчэ не падпісанае, бакі ў працэсе перамоваў, удакладніў суразмоўца Forbes. Сярод патэнцыйных пакупнікоў — «Лукойл». Раней кампанія спыніла ўсе свае апэрацыі ў Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.

Варшаўская канфэрэнцыя донараў сабрала для Ўкраіны каля $6,5 млрд

У чацьвер у Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя донараў па зборы сродкаў для Ўкраіны, на якой было сабрана каля 6,5 мільярда даляраў, паведаміў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Японія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Пад новыя санкцыі, уведзеныя 5 траўня, падпалі 140 фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з вайскова-прамысловым комплексам. Таксама ў сьпіс увайшлі некаторыя расейскія банкі.

Кампанія-распрацоўшчык папулярнага аддаленага працоўнага стала TeamViewer аб’явіла пра сыход з Расеі і Беларусі

Дамовы з кліентамі, якія ня трапілі пад санкцыі, будуць выкананыя ў поўным аб’ёме, але ня будуць падоўжаныя.

«Акрамя таго, TeamViewer заблякаваў усе неліцэнзійныя падключэньні ў Расеі і Беларусі і зь іх, каб пазьбегнуць далейшага выкарыстаньня нашага праграмнага забесьпячэньня», — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце кампаніі 5 траўня.

ЗША і Нямеччына заявілі, што ня будуць прызнаваць спробы РФ легітымізаваць захоп тэрыторый

Прэзыдэнт ЗША Байдэн увечары 5 траўня правёў тэлефонную размову з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам. Бакі паведамілі, што ні ЗША, ні Нямеччына «ня будуць прызнаваць ніякіх крокаў, якія супярэчаць тэрытарыяльнаму сувэрэнітэту і цэласнасьці Ўкраіны, і будуць лічыць іх нелегітымнымі».

Bloomberg: ЭЗ разглядае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай

Крыніцы Bloomberg сьцьвярджаюць, што Эўразьвяз прапрацоўвае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай. Паводле непацьверджаных дадзеных, у Пуціна і былой гімнасткі Кабаевай ёсьць агульныя дзеці.

У красавіку крыніцы газэты The Wall Street Journal казалі, што ЗША разглядалі ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай, але «ў апошнюю хвіліну» адмовіліся ад гэтай ідэі, каб не раззлаваць Пуціна.

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас 4 траўня абвясьціла пра санкцыі супраць 63 фізычных асоб і кампаній, многія зь якіх закранаюць работнікаў асноўных расейскіх мэдыякампаній, замарожваюць актывы і забараняюць ім паездкі ў краіну.

У санкцыйны сьпіс трапілі шэраг супрацоўнікаў расейскага «Первого канала», сярод іх — ваенныя карэспандэнты Яўген Паддубны (ВГТРК), Аляксандар Коц («Комсомольская правда»), Дзьмітры Сьцешын («Комсомольская правда»). Сярод іншых «стратэгічных прапагандысцкіх арганізацый», якія трапілі пад санкцыі, названыя Ўсерасейскае дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне, найбуйнейшая дзяржаўная вяшчальная кампанія (ВГТРК), агенцтва «ИнфоРос», SouthFront, Фонд стратэгічнай культуры.

Таксама санкцыі закранулі вядоўцу праграмы «Однако» на «Первом канале», віцэ-прэзыдэнта «Раснафты» Міхаіла Лявонцьева, вядучай і аўтара праграм на ВГТРК Наілі Аскер-задэ, былога міністра фінансаў, старшыню праўленьня банку «Адкрыцьцё» Міхаіла Задорнава, дырэктара Цэнтральнага музэю ВАВ Аляксандра Школьніка. Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць вытворцы грузавых аўтамабіляў КАМАЗ.

Вялікая Брытанія накіруе ва Ўкраіну 13 адзінак бранятэхнікі для эвакуацыі людзей з усходу

Таксама машыны будуць выкарыстоўвацца для перавозкі чыноўнікаў з украінскіх міністэрстваў на часовыя камандныя пункты. Яны вытрымліваюць хуткасныя кулі, супрацьпяхотныя міны і самаробныя выбуховыя прыстасаваньні. Гэтая апошняя перадача бранятэхнікі дапаможа абараніць мірных жыхароў, якія спрабуюць уцячы ад расейскіх абстрэлаў, і падтрымае ўкраінскіх чыноўнікаў у іх жыцьцёва важнай працы, заявіла 3 траўня міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.

Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.

Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне

Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Флорыды, што ўваходзіла ў склад Аб'яднанай шматнацыянальнай навучальнай групы на захадзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG