Новы інтэрканэктар GIPL, які павінен стаць альтэрнатывай «Газпрому», злучае сыстэмы транспартаваньня прыроднага газу Польшчы і Літвы і, як вынік, астатніх краін Балтыі, паведамляе афіцыйны сайт польскага прэзыдэнта.
«Гэта гатовы адказ на шантаж Расеі», — падкрэсьліў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Ён адзначыў, што газаправод «умацоўвае нашу бясьпеку».
«Мы запускаем сумесную працу, якая не зьяўляецца запозьненай — яна своечасовая. Праца, якая не рамантуе, а будуе, злучае Польшчу і Літву, злучае Эўропу і ўмацоўвае нашу бясьпеку. Я рады, што гэты інтэрканэктар паслужыць нам і ў значнай ступені забясьпечыць дывэрсыфікацыю нам і іншым краінам Эўразьвязу», — сказаў Анджэй Дуда.
На цырымоніі, акрамя прэзыдэнтаў Польшчы і Літвы Анджэя Дуды і Гітанаса Наўседы, прысутнічалі прэзыдэнт Латвіі Эгілс Левітс і эўракамісар па энэргетыцы Кадры Сымсан.
Дуда падкрэсьліў, што адкрыцьцё газавага інтэрканэктару GIPL — «бачная прыкмета выдатных польска-літоўскіх адносін».
Дзякуючы новаму газаваму падключэньню Польшча атрымлівае доступ да тэрмінала LNG «Independence», што ў літоўскай Клайпедзе.
Удзельнікі праекту — польскі апэратар GAZ-SYSTEM S.A. і AB Amber Grid — апэратар сыстэмы электраперадачы Літвы.
Падключэньне газатранспартных сыстэм было суфінансавана Эўразьвязам у памеры амаль 300 мільёнаў эўра. Цалкам газаправод каштаваў больш за 500 млн эўра. Ён у стане прапампоўваць газ як зь Літвы ў Польшчу, так і з Польшчы ў Літву. Максымальная прапускная здольнасьць яго складае 2,4 млрд кубамэтраў у год. Працягласьць трубаправода — 508 км, зь іх 165 км пракладзена ў Літве і 343 км — у Польшчы.
GIPL, пракладка якога ў Літве завяршылася на пачатку гэтага году, злучае газавыя рынкі Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі з Эўразьвязам, паведаміла агенцтва BNS.