Кіраўнік прадпрыемства «Кіеўскі мэтрапалітэн» Віктар Брагінскі заявіў, што на першым этапе галасаваньня аб перайменаваньні станцый зь беларускімі тапонімамі «Мінська» і «Берестейська» выбралі па чатыры прапановы, якія атрымалі найбольшую падтрымку сярод грамадзян.
На другім этапе галасаваньня, якое завершыцца 9 траўня, для перайменаваньня станцыі «Мінська» прапануюць назвы «Варшавська», «Маріупольська», «Вишгородська», «Бучанська».
Для станцыі мэтро «Берестейська» — «Бучанська», «Варшавська», «Маріупольська», «Степана Бандери». У апытальніку таксама ёсьць магчымасьць прагаласаваць за тое, каб пакінуць цяперашнюю назву станцый. На сайце Кіеўскага мэтрапалітэну апублікавалі адмысловую форму для галасаваньня.
Віктар Брагінскі паведаміў, што для перайменаваньня станцыі «Мінська» прапанавалі і такія варыянты, як «Борщ», «Реактивні гуси» ці «Тракторна».
У сьпісе для перайменаваньня яшчэ тры станцыі мэтро — «Героїв Дніпра», «Дружби народів» і «Площа Льва Толстого».
Паводле кіраўніка кіеўскага мэтрапалітэну, галасаваньне будзе трываць да 9 траўня, а вынікі пасьля падсумаваньня перададуць у Кіеўскую гарадзкую раду для ўхваленьня канчатковага рашэньня.
Усяго ў Кіеве зьбіраюцца перайменаваць 279 гарадзкіх абʼектаў (вуліц, завулкаў, алеяў, праспэктаў, станцыяў мэтро і г. д.), назвы якіх зьвязаныя з Расеяй ці Беларусьсю.