Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэнтагоне пракамэнтавалі паведамленьні СМІ, што ЗША перадалі Кіеву каардынаты крэйсэра «Масква»


Расейскі крэйсэр «Москва», архіўнае фота
Расейскі крэйсэр «Москва», архіўнае фота

Пасьля публікацый амэрыканскіх СМІ аб тым, што ўдар па расейскім крэйсэры «Москва» стаў магчымы дзякуючы зьвесткам выведкі ЗША, прэс-сакратар Пэнтагона Джон Кірбі выступіў з афіцыйным адказам на гэтыя заявы.

Па словах Кірбі, ЗША не давалі «канкрэтнай інфармацыі для ўказаньня цэлі» на «Москву» і рашэньне аб абстрэле расейскага крэйсэра ўкраінскія вайскоўцы прынялі самі.

Зрэшты, ягоныя словы не зьяўляюцца абвяржэньнем публікацый СМІ, адзначае «Настоящее время». Справа ў выкарыстаньні тэрміна «інфармацыя з указаньнем цэлі» (targeting information). The Washington Post, напрыклад, зьвяртала ўвагу, што з пункту гледжаньня амэрыканскіх уладаў той факт, што выведка ЗША ў прынцыпе дае дадзеныя пра тое, што адбываецца ў рэгіёне, а ўкраінскія вайскоўцы на іх падставе прымаюць рашэньні пра напад на той ці іншы аб’ект, не зьяўляецца перадачай інфармацыі аб цэлі.

Прыкладна пра гэта і пісалі раней СМІ: ЗША давалі мноства зьвестак, але ня ведалі, як менавіта і якімі зь іх скарыстаюцца ўкраінскія вайскоўцы.

  • 13 красавіка Ўкраіна заявіла аб ракетным абстрэле флагманскага карабля Чарнаморскага флёту Расеі крэйсэра «Москва» і пажары на ім. Мінабароны РФ прызнала факт пажару ў ноч на 14 красавіка, але сьцьвярджала, што на караблі здэтанаваў боепрыпас. Пазьней ведамства прызнала, што карабель затануў. Па розных ацэнках, колькасьць экіпажа «Москвы», складала ад 416 да 680 чалавек, у тым ліку, як высьветлілася пазьней, матросы тэрміновай службы.
  • 5 траўня амэрыканскія тэлеканалы CNN і NBC, а таксама выданьні Washington Post і New York Times са спасылкай на ананімных службоўцаў ЗША паведамілі, што ўдар па крэйсэры «Москва» стаў магчымы дзякуючы зьвесткам выведкі ЗША, перададзеным Украіне. Пры гэтым крыніцы падкрэсьліваюць, што ЗША дакладна ня ведалі, як менавіта Кіеў скарыстаецца зьвесткамі амэрыканскай выведкі.
  • Пра тое, што ЗША дзеляцца зьвесткамі выведкі з украінскімі вайскоўцамі, было вядома даўно, але некалькі публікацый апошняга часу расказваюць аб інтэнсіўнасьці пастаўкі інфармацыі і канкрэтным выкарыстаньні гэтых зьвестак. Так, напярэдадні паведамлялася, што дзякуючы гэтым зьвесткам Украіне ўдалося забіць некалькі расейскіх генэралаў. Пэнтагон рэагаваў гэтак жа: ніякіх канкрэтных зьвестак для забойства расейскіх генэралаў ЗША не давалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG