«Штурм „Азоўсталі“ працягваецца! Абаронцы пад шчыльным агнём утрымліваюць абарону заводу. Вораг ужывае авіяцыю, артылерыю і пяхоту», — паведамляе полк «Азоў» у Тэлеграме.
4 траўня гарадзкія ўлады Марыюпалю паведамілі аб страце сувязі з украінскімі вайскоўцамі, якія абараняюць «Азоўсталь».
Пасьля ў камэнтары для Радыё Свабода кіраўнік дэлегацыі Ўкраіны на перамовах з Расеяй Давід Арахамія паведаміў, што на вечар 4 траўня ўкраінскія ўлады маюць сувязь з абаронцамі Марыюпалю, а вайскоўцы Расеі прарваліся на тэрыторыю прадпрыемства.
Увечары 4 траўня «Азоў» пацьвердзіў, што на «Азоўсталі» ў Марыюпалі сытуацыя вельмі складаная, працягваюцца цяжкія баі, але ўкраінскія вайскоўцы трымаюць абарону.
21 красавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў войскам РФ заблякаваць кантраляваны ўкраінскімі сіламі мэталюргічны камбінат «Азоўсталь» у Марыюпалі так, «каб муха не праляцела», а прапанаваны «штурм прамзоны «Азоўсталі» нібыта аддаў загад адмяніць з прычыны немэтазгоднасьці.
Марыюпаль быў ачэплены расейскімі войскамі яшчэ ў першыя некалькі сутак шырокамаштабнага ўварваньня Расеі, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні, сярод якіх полк «Азоў», супраціўляюцца ў прыазоўскім горадзе ўжо другі месяц.