Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбураная «Мрія» — ці можна аднавіць самы вялікі самалёт у сьвеце?


Самалёт Ан-225 «Мрія». Ён быў зьнішчаны ў лютым 2022 году ў аэрапорце Гастомеля пад Кіевам у выніку авіяналёту расейскіх войскаў.
Самалёт Ан-225 «Мрія». Ён быў зьнішчаны ў лютым 2022 году ў аэрапорце Гастомеля пад Кіевам у выніку авіяналёту расейскіх войскаў.

Украінскі самалёт Ан-225 «Мрія» быў самым вялікім самалётам у сьвеце. 27 лютага расейскія войскі захапілі горад Гастомель, пад Кіевам, дзе знаходзіўся ангар самалёта. «Мрію» разбурылі цалкам.

Ці можна самалёт аднавіць — журналісты «Голасу Амэрыкі» распыталі камандзіра экіпажу «Мріі» Дзьмітрыя Антонава.

«Зьнішчаная практычна палова самалёта поўнасьцю. Асноўная частка, у якой лётчыкі жылі, дзе мы жылі, дзе праводзілі ўвесь свой час, гэта наша пілёцкая кабіна — гэта ўсё зьнішчана. Крыло адно, і другое, я ўжо бачу таксама, сілавыя канструкцыі, якія асноўныя — яны галоўныя дэталі. Хутчэй за ўсё, яны пашкоджаныя тэмпэратурай, і крыло ўжо выкарыстоўваць, ні левае паўкрыло, ні правае паўкрыло ўжо выкарыстоўваць нельга будзе», — расказвае Дзьмітрый Антонаў, камандзір аднаго з трох экіпажаў самалёта. Менавіта ён зьдзейсьніў апошні рэйс «Мріі» — 5 лютага вярнуўся з Даніі. Кажа, доўга ня мог паверыць, што самалёта больш няма.

Фрагмэнты самалёта «Мрія»
Фрагмэнты самалёта «Мрія»

«Спадарожнікавая фатаграфія зьявілася, дзе нос ня бачна ад самалёта, а хвост відаць, як з-пад ангара выглядае. Здавалася, вось хвост на месцы быццам, на тым жа ўзроўні, на якім ён і павінен быць. Самалёт стаіць, нібыта ўсё адпавядала. Потым ужо недзе ў сярэдзіне сакавіка зьявіліся фатаграфіі ўжо больш канкрэтныя. Але і там стала зразумела, што сапраўды разбурэньні сур’ёзныя. Усё роўна для сябе і для ўсіх казаў, што пакуль сам ня ўбачу на свае вочы, я не паверу», — успамінае Дзьмітрый Антонаў.

Дзьмітрый наведаў самалёт адразу на наступны дзень пасьля дэакупацыі Гастомеля — гораду, дзе разьмешчаны ангары прадпрыемства «Антонаў». У адным зь іх стаяла разбураная «Мрія». Сустрэчу ён зьняў на відэа — як падыходзіць, па звычцы вітаецца з самалётам і ня можа стрымаць эмоцый ад убачанага. «Гэта жах», — кажа ён на відэа.

Капітан Антонаў налятаў на «Мріі» паўтары тысячы гадзін, аб’езьдзіў увесь сьвет. Самалёт перавозіў генэратары для электрастанцый, вялізныя лопасьці ветракоў, жывёл і гуманітарную дапамогу. Падчас пандэміі COVID-19 «Мрія» дастаўляла па сьвеце мэдычныя сродкі для барацьбы з каранавірусам.

«Самалёту апошнія гады аддавалася вельмі шмат увагі, у кожным аэрапорце сьвету. І шмат было ахвотных паглядзець, шмат карэспандэнтаў хацелі даведацца, як „Мрія“ лётае, як стваралася», — расказвае Дзьмітрый Антонаў.

Часта перад пасадкай «Мріі» зьбіраліся цэлыя натоўпы прыхільнікаў самалёта: «Польшча, Жэшаў — аэрапорт. Мы прыляцелі, узыход сонца, прыземная воблачнасьць, якую мы практычна рассунулі крыламі, рассунулі на дзьве палавінкі, і мы гэтага самі не заўважылі б ніколі, калі б не было гэтых сустракаючых, якія засталіся на зямлі і зьнялі зь зямлі. Гэта проста такое неверагоднае відовішча», — дзеліцца ўспамінамі капітан Антонаў.

Самалёт "Мрія"
Самалёт "Мрія"

Дзьмітрый Антонаў, як і іншыя авіяэкспэрты, кажа: аднавіць самалёт немагчыма. Але ёсьць шанец стварыць новы — у прадпрыемства «Антонаў» ёсьць недабудаваная частка «сястры» «Мріі».

«Увесь контур, які мы бачым, без унутранасьці, — гэта жалеза. Жалеза ёсьць. Патрэбна электроніка і ўсё астатняе абсталяваньне. Казалі, што сума ад 800 мільёнаў да 3 мільярдаў. Але сума, самі разумееце, што вельмі вялікая, і плюс такая розьніца ў ацэнцы, гэта кажа толькі пра адно: што рэальна яшчэ ніхто не ацэньваў», — кажа Антонаў.

Незалежна ад сумы, інвэстыцыі ў новую «Мрію» наўрад ці акупяцца. Але ўзнавіць яе неабходна, упэўнены капітан Антонаў:

«Вядома, калі спрабаваць ацаніць эканамічную мэтазгоднасьць толькі, гэта будзе вельмі-вельмі цяжка. Бо пад яе трэба знайсьці такі праект, як, нават я ня ведаю, запуск ракет у космас. Але пакуль проста такога праекту няма, дзеля якога яна будзе ўзнаўляцца. Я так думаю, што, мусіць, на першапачатковым этапе ўсё ж такі „Мрія“ пакуль ня будзе стварацца як камэрцыйны праект, а менавіта як сымбаль, і сымбаль, мусіць, ня толькі Ўкраіны. А сымбаль усяго сьвету, менавіта — перамогі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG