«У турме час нібыта спыніўся», — Марыя Каленік, фігурантка «справы студэнтаў», у фільме Свабоды«Скрадзеная маладосьць» расказала пра тое, які сьлед пакінула турма на яе зьнешнасьці.
Марыі Каленік 26 гадоў. У 2020-м яна вучылася ў Акадэміі мастацтваў у Менску. 12 лістапада 2020 году яе затрымалі ў «справе студэнтаў». Марыі прысудзілі два з паловай гады турмы. Яна цалкам адбыла тэрмін.
«Я адчуваю, што за гэтыя два гады я страціла маладосьць. У першыя два тыдні пасьля затрыманьня я вельмі моцна пасівела. Спачатку я камплексавала, бо зьявілася шмат сівых валасоў. Для такога ўзросту гэта вельмі моцнае эмацыйнае ўзрушэньне», — кажа Марыя.
Дзяўчына таксама сутыкнулася з праблемай адчуваньня свайго ўзросту.
«Я не адчуваю сябе на 26 гадоў, я адчуваю сябе на 24. У турме час нібыта спыніўся: мяне затрымалі ў 22 гады, я выйшла праз 2 гады, але адчувалася, што мне ўсё адно яшчэ 22», — кажа дзяўчына.
Цяпер Марыя жыве ў Вільні. Пасьля пераезду яна паступіла ў Віленскую акадэмію мастацтваў, аднак праз адзін сэмэстар адлічылася, бо ёй фізычна і псыхалягічна цяжка было сумяшчаць працу і вучобу. Цяпер яна працуе ў сфэры графічнага дызайну.
Марыя Каленік — фігурантка «справы студэнтаў». Цалкам яе гісторыю глядзіце ў фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць».
Дакумэнтальны праект Свабоды «Скрадзеная маладосьць: справа студэнтаў» — гэта шэсьць гісторый студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы, якія правялі больш за два гады ў турме за тое, што далучыліся да пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Ася Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Ільля Трахтэнбэрг, Вольга Філатчанкава расказваюць свае гісторыі ад затрыманьня да эвакуацыі і жыцьця на эміграцыі.
Форум