Галоўнае на гэты момант
- Нямецкі Бундэстаг прагаласаваў за пастаўкі цяжкага ўзбраеньня Ўкраіне.
- Генсакратар ААН падчас візыту ва Ўкраіну наведаў зруйнаваныя расейцамі Барадзянку, Бучу і Ірпень, а пасьля сустрэўся зь Зяленскім.
- Расейскія вайскоўцы абстралялі Кіеў падчас візыту генсакратара ААН. Было выпушчана 5 ракет, 2 трапілі ў дом. У выніку абстрэлу 10 чалавек атрымалі раненьні.
- Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьвярнуўся да Кангрэсу з просьбай вылучыць дадатковыя $33 млрд на падтрымку Украіны, тым часам амэрыканскія кангрэсмэны ўхвалілі законапраект аб лэнд-лізе і абароне дэмакратыі ва Ўкраіне.
- У парлямэнце Канады прызналі злачынствы Расеі ва Ўкраіне генацыдам.
- Расея ўзмацняе інтэнсіўнасьць агню на Данбасе. У горад Ізюм Харкаўскай вобласьці расейцы сьцягнулі дадатковыя сілы дэсантнікаў і 500 адзінак тэхнікі, працягваюцца абстрэлы Харкава.
- З Херсонскай вобласьці расейцы спрабуюць наступаць на Мікалаеў і Крывы Рог.
- Расейцы вывозяць з акупаванага Мелітопалю збожжа і музэйныя артэфакты.
- У Херсоне ў ноч на 28 красавіка чуліся выбухі. Расея вінаваціць Украіну ў абстрэле тэлевышкі, украінскія СМІ заяўляюць аб правакацыі, украінскае войска не камэнтуе.
- Расейскія войскі разагналі ў акупаваным Херсоне мірны мітынг. Ёсьць пацярпелыя.
- У Турэччыне заявілі, што Зяленскі і Пуцін могуць сустрэцца ў найбліжэйшыя дні.
- У Эўразьвязе і ЗША абмяркоўваюць канфіскацыю расейскіх актываў на карысьць Украіны.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 28 красавіка
У Кіеве абстралялі Шаўчэнкаўскі раён. Таксама былі выбухі на Кіеўшчыне
У выніку вечаровага абстрэлу Кіева ў Шаўчэнкаўскім раёне пацярпелі 10 чалавек, паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны. Там удар часткова зруйнаваў жылы 25-павярховы дом: пашкоджаньні атрымалі 1 і 2 паверхі. Пажар пасьпеў пашырыцца на плошчу 100 квадратных мэтраў.
На месцы праводзяць пошукава-выратавальныя працы. паводле папярэдніх зьвестак, пакуль удалося выратаваць 5 людзей. Інфармацыю пра пацярпелых і выратаваных удакладняюць. Да ліквідацыі наступстваў падключылі 12 адзінак пажарнай тэхнікі і 98 ратавальнікаў.
Як паведаміў падчас вечаровага відэазвароту Ўладзімір Зяленскі, па Кіеве было выпушчана 5 ракет.
Паводле мэра Кіева Віталя Клічко, траіх пацярпелых шпіталізавалі.
Шаўчэнкаўскі раён — адзін з цэнтральных раёнаў сталіцы. Цяпер у Кіеве знаходзіцца зь візытам генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.
На Кіеўшчыне таксама прагрымелі выбухі, прынамсі два пачулі жыхары Фастава. «У Кіеўскай вобласьці адбыўся ўдар па інфраструктурных аб'ектах. Цяпер там працуюць ратавальнікі», — пацьвердзіла прэс-сакратарка ДСНС па Кіеўскай вобласьці Вікторыя Рубан.
Расейскія вайскоўцы працягваюць абстрэльваць Харкаў
Цягам 28 красавіка расейскія вайскоўцы зноў амаль бесьперапынна працягвалі абстрэльваць Харкаў і Харкаўскі раён, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. У выніку 5 чалавек загінулі, яшчэ 11 атрымалі раненьні.
Тым часам Узброеныя сілы Ўкраіны вярнулі па свой кантроль пасёлак Кутузаўка ў Харкаўскай вобласьці, паведамляе Генштаб УСУ.
У Мелітопальскім раёне разбурылі стратэгічна важны для расейцаў мост
Разбураны важны для расейцаў чыгуначны мост у Акімаўцы Мелітопальскага раёну. Празь яго вораг пастаўляў рэсурсы з Крыма на часова акупаваныя тэрыторыі паўднёвай часткі Ўкраіны.
Аб зьнішчэньні моста напісаў кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Братчук.
Баі на Данбасе працягваюцца
Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка паведаміў аб «пэўным прасоўваньні» расейскіх войск у напрамку горада Ліман. Але ўкраінская армія намагаецца ўтрымаць свае пазыцыі.
Ракетны ўдар па Мікалеве
Па Мікалаеве 28 красавіка нанесены ўдар рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню «Сьмерч», пашкоджаныя дзясяткі прыватных хатніх гаспадарак, машыны, крамы, паведамляе Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень». Паведамляецца, што касэтныя боепрыпасы патрапілі на дзіцячыя пляцоўкі і ў двор навучальнай установы. Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца.
Расейцы атакавалі мястэчка Нью-Ёрк на Данеччыне
Раніцай расейскія вайскоўцы нанесьлі авіяўдар па Нью-Ёрку ў Данецкай вобласьці. Некіравальныя ракеты ўразілі прамысловыя прадпрыемствы і жылыя кварталы. Пашкоджаныя як мінімум 9 прыватных дамоў. Трое мірных жыхароў загінулі, яшчэ трое атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Данецкай аблдзяржадміністрацыі Паўло Кірыленка.
Расейскія войскі абстралялі пункт пропуску «Сенькаўка» на мяжы з Украінай
«Памежнікі Чарнігаўскага атрада зафіксавалі 15 стрэлаў з аўтаматычнага гранатамёта ў раёне ўкраінскага пункта пропуску Сенькаўка», — гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны. У выніку абстрэлу вайскоўцы не пацярпелі.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш наведаў Барадзянку, Бучу і Ірпень
«Калі я пабачыў гэтыя зруйнаваныя будынкі, я ўявіў, што мая сям’я ў адным з гэтых дамоў, я ўявіў, як мая ўнучка ўцякае з гэтага будынку. Гэта непрымальна ў ХХІ стагодзьдзі. Наша сэрца з усімі пацярпелымі і зь іхнымі сем’ямі», – сказаў Антонію Гутэрыш падчас наведваньня Барадзянкі, аднаго з трох гарадоў Кіеўскай вобласьці, найбольш пацярпелых ад расейскай акупацыі.
Гутэрыш праводзіць перамовы з Уладзімірам Зяленскім.
Кіеў наведаў прэм'ер Баўгарыі
Прэм’ер-міністар Баўгарыі Кірыл Пяткоў 28 красавіка прыехаў у Кіеў зь візытам. «Ваш візыт — важная праява салідарнасьці з нашай краінай і народам», — пракамэнтаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
На сумеснай прэс-канфэрэнцыі Зяленскі паведаміў, што прэм'ер-міністар Баўгарыі ініцыяваў наладжваньне ўзаемадзеяньня для рамонту ўкраінскай ваеннай тэхнікі на вытворчых магутнасьцях Баўгарыі. Таксама бакі абмеркавалі ўзаемадзеяньне ў энэргетычнай сфэры, Украіна гатовая пастаўляць электраэнэргію ў Баўгарыю.
Адбыўся сёмы абмен палоннымі
Пра гэта паведаміла 28 красавіка віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук. Паводле яе, падчас гэтага абмену дадому вярнуліся 45 украінцаў: 13 афіцэраў, 20 салдат і 12 мірных жыхароў.
Пра новыя ваенныя злачынствы Расеі на ўкраінскай тэрыторыі расказалі з трыбуны ААН
ЗША маюць надзейныя доказы, што Расея пакарала ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца ў Данецкай вобласьці, заявіла пасол ЗША па асаблівых даручэньнях у глябальным крымінальным правасудзьдзі Бэт Ван Шаак на пасяджэньні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).
«Цяпер мы маем вартую даверу інфармацыю аб тым, што расейская вайсковая частка, якая дзейнічала ў ваколіцах Данецку, расстраляла ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца, а не ўзяла іх пад варту», — сказала яна на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, прысьвечаным адказнасьці ва Ўкраіне.
«Южная Русь». Перахоплены расейскі сцэнар аб квазідзяржаве на тэрыторыі Ўкраіны
У Крамлі разглядаюць сцэнар арганізацыі квазідзяржавы пад назвай «Паўднёвая Русь» на захопленых расейскім войскам украінскіх тэрыторыях. Пра гэта сьведчыць перахоплены дакумэнт пад назвай «Манифест Южнорусского народного Собора», які ёсьць у распараджэньні праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схеми».
Журналісты выявілі датычных да распрацоўкі такога сцэнара сярод кіраўніцтва кіроўнай у РФ партыі «Единая Россия». Дакумэнт датаваны 16 красавіка, у красавіку яго перасылалі паміж сабой у расейскіх уладных колах. На якіх менавіта тэрыторыях Украіны плянуецца ўтварыць «Паўднёвую Русь», у ім не ўдакладняецца.
Кіеў: Расейцы вывозяць з акупаванага Мелітопалю збожжа і музэйныя артэфакты
У сельскагаспадарчых прадпрыемствах часова акупаванага горада Мелітопалю, што ў Запароскай вобласьці, працягваюцца рабаваньні і вываз маёмасьці, паведамілі ў Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі.
«У пачатку тыдня была зафіксавана калёна грузавых аўтамабіляў з заплямбаванымі дзяржаўнымі рэгістрацыйнымі нумарамі і аўтамабіляў суправаджэньня, якая вывозіла рэшткі сельскагаспадарчай тэхнікі і збожжа з элеватара ў Крым», — гаворыцца ў паведамленьні.
Акупантаў цікавіць ня толькі чужы ўраджай, але і музэйныя каштоўнасьці, дадалі ў адміністрацыі. Так, паступіла інфармацыя аб захопе Мелітопальскага гарадзкога краязнаўчага музэю.
«Калябаранты ўказалі расейцам месца, дзе захоўваецца скіфскае золата, якое было выяўлена археолягамі ў 50-х гадах мінулага стагодзьдзя», — гаворыцца ў паведамленьні.
Расея заяўляе, што вывезла з Украіны ўжо больш за мільён украінцаў, у тым ліку 183 тысячы дзяцей
З пачатку вайны 24 лютага на расейскую тэрыторыю вывезьлі ўжо больш за мільён чалавек, у тым ліку 183 тысячы дзяцей, заявіў начальнік нацыянальнага цэнтру ўпраўленьня абаронай Расеі Міхаіл Мізінцаў.
Мізінцаў таксама сьцьвярджае, што больш за 2,75 мільёна замежнікаў і ўкраінцаў нібыта папрасілі эвакуяваць іх у Расею, так званыя «ДНР» і «ЛНР», а таксама на падкантрольныя расейскім акупантам тэрыторыі Запароскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай і Херсонскай абласьцей Украіны. «У цэлым у базе дадзеных 2 753 625 такіх зваротаў з 2132 населеных пунктаў Украіны», — сказаў Мізінцаў.
Тым часам кіраўнік Данецкай ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка сёньня распавёў, што ў Расею вывезьлі больш за 30 тысяч жыхароў Марыюпаля.
Арастовіч пра сытуацыю ў Марыюпалі
У Марыюпалі працягваецца агонь усімі сіламі і сродкамі расейскай арміі, якія ёсьць на ўзбраеньні, апрача ядзернай зброі, далёкая авіяцыя таксама. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксей Арастовіч.
«Тым ня менш нашы абаронцы працягваюць ісьці ў асобныя рэйды, нягледзячы на гэта, і зьнішчаюць праціўніка, які падышоў па зямлі», — сказаў Арастовіч.
Як піша ТСН, ад 26 красавіка расейцы блякуюць уезд у Марыюпаль з боку Новаазоўску для грамадзян Украіны.
Выбухі ў Херсоне
У ноч на 28 красавіка ў цэнтральнай частцы акупаванага Херсона прагрымела сэрыя выбухаў. Расейскія СМІ адразу распаўсюдзілі відэа зь месца падзей. На апублікаваных кадрах відаць выбух каля тэлевежы. Расейцы адразу паведамілі, што ўкраінскія вайскоўцы спрабавалі ўдарыць па ёй ракетай, і заявілі, што расейскія тэлеканалы спынілі вяшчаньне ў Херсонскай вобласьці.
Затым «РИА Новости» напісалі, што тэлевежа захавалася і вяшчаньне з Расеі на тэрыторыі захавалася. Украінскі бок пакуль не камэнтаваў падзей.
У Харкаве пашкоджаныя 2,5 тысяч жылых дамоў, у бальніцах горада — 1,5 тысячы параненых
Мэр Харкава Ігар Церахаў распавёў, што станам на 28 красавіка ў Харкаве ад расейскіх абстрэлаў пашкоджаныя 2583 жылыя дамы і 420 адміністрацыйных будынкаў.
«Таксама пашкоджана 108 школ і 95 дзіцячых садкоў. Акупанты і далей працягваюць абстрэльваць Харкаў. Інтэнсіўнасьць абстрэлаў узрастае бліжэй да вечара. У выніку дзеяньняў акупантаў ёсьць загінулыя і параненыя», — паведаміў Церахаў.
Таксама ён расказаў, колькі гараджан пацярпела ад расейскіх абстрэлаў: «Усяго ў гарадзкіх бальніцах знаходзяцца 1410 дарослых і 92 дзіцяці. За суткі ў бальніцу паступіла 130 чалавек. У рэанімацыі знаходзіцца 61 чалавек», — адзначыў мэр Харкава.
У выніку авіябамбаваньняў «Азоўсталі» там абрынулася апэрацыйная: загінулі параненыя вайскоўцы
Расейскія вайскоўцы атакавалі авіябомбамі вайсковы шпіталь на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі. У выніку абрынулася апэрацыйная, загінулі цяжкапараненыя вайскоўцы, якія знаходзіліся там на лячэньні, заявілі ў палку «Азоў». Паводле «Азова», расейцы ўсю ноч масава скідалі на ваенны палявы шпіталь на «Азоўсталі» шматтонныя авіябомбы і працягвалі абстрэльваць разваліны з карабельнай артылерыі.
Пракуратура Ўкраіны абвінаваціла 10 расейскіх вайскоўцаў у злачынствах у Бучы
Генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава назвала імёны 10 расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле яе, маюць дачыненьне да катаваньняў мірных жыхароў і марадэрства ў горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці, дзе за час расейскай акупацыі загінулі сотні мірных жыхароў. Па дадзеных Бучанскай акруговай пракуратуры, гаворка ідзе пра вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады Сухапутных войскаў расейскай арміі, якая ў сакавіку займала пазыцыі ў Бучы.
Імёны расейскіх вайскоўцаў, якіх украінская пракуратура падазрае ў злачынствах, пералічаныя на старонцы Венядзіктавай у фэйсбуку, там жа апублікаваныя фатаграфіі. Гаворка ідзе пра салдатаў у званьнях ад шарагоўца да яфрэйтара, афіцэраў сярод іх няма.
Уцекачы ад вайны
Паводле зьвестак ААН, з пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:
- 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
- 769,6 тысячы — у Румынію,
- 578,3 тысячы — у Расею,
- 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
- 430,2 тысячы — у Малдову,
- 349,3 тысячы — у Славаччыну,
- 23,9 тысячы — у Беларусь.
Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Аэрафлот выйшаў з найбуйнейшага авіяальянсу SkyTeam
Гэта было агульнае рашэньне, гаворыцца на сайце арганізацыі. SkyTeam аб'ядноўвае амаль 20 найбуйнейшых сусьветных авіякампаній.
У Маскве прызналі, што Расея паўтара-два гады будзе ў «складанай сытуацыі»
«Цяпер, канец году і наступны год, то бок амаль паўтара, два гады мы будзем жыць у вельмі складанай сытуацыі. Таму вельмі важна ацаніць свае сілы і рэсурсы», — цытуе расейскае агенцтва «РИА Новости» кіраўніка Падліковай палаты Расеі Аляксея Кудрына.
- На яго думку, інфляцыя ў Расеі, паводле базавага прагнозу, складзе 20,7% у 2022 годзе і яшчэ больш на 6% у 2023-м.
- На падтрыманьне эканомікі ва ўмовах маштабных заходніх санкцый давядзецца выдаткаваць больш як шэсьць трыльёнаў расейскіх рублёў (каля 82,5 мільярда даляраў ЗША).
Аўтамабільныя гіганты пакідаюць Расею
Volvo Cars і Jaguar Land Rover скарачаюць свае расейскія офісы — JLR фактычна пакідае Расею, застануцца толькі супрацоўнікі штату для каардынацыі адміністрацыйных узаемадзеяньняў пры закрыцьці юрыдычнай асобы. Пра гэта піша «Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Расейская тэхніка масава пакідае Беларусь
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.
Як рэагуе сьвет
NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай
Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі яна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.
Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.
ЗША вывучаюць магчымасьці прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму за яе ўварваньне ва Ўкраіну
З такой заяваў выступіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна вывучае заканадаўчыя магчымасьці прызнаньня Расеі дзяржавай, якая спансуе тэрарызм.
«Ня маю сумневаў, што Расея тэрарызуе ўкраінскі народ. Пытаньне ў тым, і гэта вывучаюць юрысты, што патрэбна пераканацца, што сытуацыя сапраўды адпавядае патрабаваньням для такога азначэньня», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, адказваючы на пытаньне аднаго з амэрыканскіх сэнатараў, перадае «Голас Амэрыкі».
Амэрыканскія кангрэсмэны прагаласавалі за законапраект аб лэнд-лізе і абароне дэмакратыі ва Ўкраіне
Закон дазваляе істотна паскорыць паскорыць пастаўкі ва Ўкраіну амэрыканскай дапамогі, у тым ліку баявой тэхнікі і боепрыпасаў. Пасьля яго прыняцьця кіраўнік Белага Дому абавязаны на працягу 60 дзён вызначыць паскораныя працэдуры дастаўкі амэрыканскага ўзбраеньня, транспарту, харчоў і іншай дапамогі.
Байдэн просіць Кангрэс выдзеліць 33 млрд даляраў на падтрымку Ўкраіны
У гэтую суму ўваходзяць 20 мільярдаў ваеннай дапамогі і дапамогі ў сфэры бясьпекі, а таксама 8,5 мільярда эканамічнай дапамогі і 3 мільярды на гуманітарныя апэрацыі.
МЗС Вялікай Брытаніі рэкамэндуе грамадзянам пакінуць Украіну
«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну працягваецца з нападамі на шэраг буйных гарадоў. Існуе рэальная небясьпека для жыцьця. Мы рэкамэндуем грамадзянам Вялікай Брытаніі неадкладна пакінуць Украіну, калі вы думаеце, што гэта бясьпечна. Паветраная прастора Ўкраіны закрытая», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Аўстралійскі ўрад зацьвердзіў новыя санкцыі 22 красавіка. Гэтым разам пад іх трапілі 144 чальцы Савету Фэдэрацыі РФ (з двухсот), Кацярына Ціханава і Марыя Варанцова — іх аўстралійскі ўрад называе дочкамі Ўладзіміра Пуціна (раней санкцыі супраць іх увялі ЗША і Вялікая Брытанія). Пад санкцыі трапіла і дачка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава.
Усяго ў аўстралійскім санкцыйным сьпісе ўжо каля 750 расейцаў. Таксама забаронены экспарт у Расею, у прыватнасьці, алюмінію і прадметаў раскошы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.