Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі абстралялі Кіеў


Мэр Кіеву Віталь Клічко. Ілюстрацыйнае фота
Мэр Кіеву Віталь Клічко. Ілюстрацыйнае фота

28 красавіка ўвечары расейскія войскі абстралялі Кіеў, паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко.

«Увечары вораг абстраляў Кіеў. Два трапленьні ў Шаўчэнкаўскім раёне. Усе службы на месцы», — заявіў Клічко ў сваім тэлеграм-канале.

У выніку вечаровага абстрэлу Кіева 28 красавіка ў Шаўчэнкаўскім раёне пацярпелі 10 чалавек, паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны. Там удар часткова зруйнаваў жылы 25-павярховы дом: пашкоджаньні атрымалі 1 і 2 паверхі. Пажар пасьпеў пашырыцца на плошчу 100 квадратных мэтраў.

На месцы праводзяць пошукава-выратавальныя працы. паводле папярэдніх зьвестак, пакуль удалося выратаваць 5 людзей. Інфармацыю пра пацярпелых і выратаваных удакладняюць. Да ліквідацыі наступстваў падключылі 12 адзінак пажарнай тэхнікі і 98 ратавальнікаў.

Як удакладніў падчас вечаровага відэазвароту Ўладзімір Зяленскі, па Кіеве было выпушчана 5 ракет.

Расейцы атакавалі сталіцу Ўкраіны ў дзень візыту генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша.

«Яшчэ заўчора Антонію Гутэрыш сядзеў за доўгім сталом у Крамлі, а сёньня за кілямэтар ад яго раздаюцца выбухі. Паштоўка з Масквы? Нагадайце, чаму Расея да гэтага часу займае крэсла ў Радзе Бясьпекі ААН?» — цытуе hromadske.ua дарадцу кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіла Падаляка.

У Кіеўскай вобласьці таксама адбыліся выбухі, сама меней, два чулі жыхары Фастава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG