Пра пляны «заснаваньня новай дзяржавы» ў адказ на «тэрор і таталітарнае навязваньне ідэалёгіі нацызму і бандэраўшчыны» гаворыцца ў перахопленым дакумэнце, які ёсьць у распараджэньні праекту расьсьледаваньняў украінскай службы Радыё Свабода «Схеми».
Ён называецца «Манифест Южнорусского народного Собора». Журналісты прааналізавалі гэты дакумэнт і выявілі датычных да распрацоўкі такога сцэнара сярод кіраўніцтва кіроўнай у РФ партыі «Единая Россия». Дата стварэньня «маніфэсту» — 16 красавіка. У красавіку яго перасылалі паміж сабой ва ўладных колах Расейскай Фэдэрацыі.
Дакумэнт пад назвай «Манифест Южнорусского народного Собора» пачынаецца з тлумачэньняў, што дзяржава Ўкраіна пасьля зьвяржэньня «законна выбранага прэзыдэнта» ў 2014 годзе «страціла легітымнасьць у межах УССР».
«У адказ на тэрор і таталітарнае навязваньне ідэалёгіі нацызму і бандэраўшчыны з боку былой дзяржавы Ўкраіны мы праз „Манифест Южнорусского народного Собора“ бяром уладу ў свае рукі і засноўваем новую дзяржаву „Паўднёвая Русь“», — гаворыцца ў «маніфэсьце».
Далей у дакумэнце адзначаецца, што так званая «Паўднёвая Русь» зьяўляецца «спадкаемцай Кіева-Наўгародскай Русі, Запароскай Сечы», так званай «Наваросіі часоў Кацярыны Вялікай» і УССР.
«Мы будуем сваю дзяржаву на аснове разуменьня гістарычнага і генэтычнага сваяцтва і адзінства трыадзінага рускага народу ўкраінцаў, беларусаў і расейцаў, брацкай дружбы і ўзаемадапамогі», — падкрэсьліваюць аўтары «маніфэсту».
Праваслаўе называюць «падмуркам нашай культуры і ідэнтычнасьці», пры гэтым украінскую мову тут называюць «наречием».
«Прызнаем расейкую мову, роўна як і ўкраінскае «наречие», роднай і мовай міжнацыянальных зносін, пры роўнасьці ўсіх моў і народнасьцяў», — гаворыцца ў тэксьце.
Галоўнай мэтай «Южной Руси» аўтары называюць «дасягненьне і абарону міру», «поўнае выкараненьне нацызму і бандэраўшчыны». І анансуюць правядзеньне «ўсенароднага рэфэрэндуму».
«Мы прызнаем свабоду і права волевыяўленьня крымчан, прызнаем выбар Данбасу. Дзяржава Южная Русь таксама пасьля пераходнага пэрыяду будзе існаваць і дзейнічаць на аснове ўсеагульнага, адкрытага для назіральнікаў усіх краінаў, волевыяўленьня народу праз усенародны рэфэрэндум», — гаворыцца ў тэксьце «маніфэсту».
Пры гэтым у дакумэнце не ўдакладняецца, на якіх менавіта тэрыторыях Украіны плянуецца ўтварыць «Паўднёвую Русь» .
- Раней стала вядома пра спробы арганізаваць псэўдарэфэрэндум у Херсонскай вобласьці. Пра яго падрыхтоўку і правядзеньне расказваў Радыё Свабода кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Генадзь Лагута.