Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы пераўтварыліся ў шэрую масу, якой кіруе іх тэлебачаньне». Беларус быў аніматарам і экскурсаводам, а цяпер ваюе за Ўкраіну


Аляксандар (пазыўны Лахвіч)
Аляксандар (пазыўны Лахвіч)

На момант пачатку вайны Аляксандар (пазыўны Лахвіч) быў у Польшчы, куды зьехаў ад рэпрэсій у Беларусі. Ён спрабаваў трапіць ва Ўкраіну, каб далучыцца да вайскоўцаў, але яго не прапусьцілі празь мяжу. Урэшце Аляксандар свайго дабіўся і цяпер ваюе за Ўкраіну.

Лахвіч расказаў Свабодзе пра свой побыт у батальёне Каліноўскага, натхненьні і мары, стасункі з пабрацімамі і стаўленьне да расейцаў.

«Толькі на тэрыторыі Ўкраіны прыйшла палёгка, адчуў асалоду ад жыцьця»

Пасьля няўдалай спробы заехаць ва Ўкраіну Лахвіч стаў шукаць шляхі, каб трапіць на вайну. Зьвязаўся зь Беларускім домам у Варшаве. Не адразу, але атрымаў дазвол на ўезд ва Ўкраіну. Разам зь ім ехалі і іншыя беларусы-добраахвотнікі. Прычым ня толькі з Польшчы, але і з ЗША і Нідэрляндаў. Ад беларускай дыяспары ў Чэхіі яны атрымалі амуніцыю,15 камплектаў рыштунку.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага, шэўрон
Батальён імя Кастуся Каліноўскага, шэўрон

«Калі трапіў у падрыхтоўчы цэнтар на тэрыторыі Ўкраіны, адчуў такую палёгку і асалоду ад жыцьця! Бо я апынуўся там, дзе мусіў быць. Калі з тэрыторыі Беларусі пайшлі танкі ва Ўкраіну, паляцелі ракеты, мяне сорам і віна проста зжыралі. Я мусіў даказаць, што беларусы і лукашысты — розныя людзі. На пераходзе дзяўчына-памежніца зьдзівілася, што мы едзем ваяваць за Ўкраіну. Яна нам па-добраму пачала пасьміхацца. Падзякавала нам за тое, што мы прыехалі. Ад гэтага ў мяне трохі прайшла параноя, што нас, беларусаў, цяпер увесь сьвет зьненавідзеў», — узгадвае Аляксандар.

У войску ён не служыў. Працаваў аніматарам і экскурсаводам. Са сьмехам кажа, што пра ваенныя дзеяньні ведае з рэканструкцыі і захапленьня рыцарствам. «Ну, яшчэ быў інструктарам у ціры, таму няблага страляю», — дадае Лахвіч.

«Ніхто не сказаў, што я тут лішні ці што беларусы благія»

У Кіеве Аляксандар быў на ахове бамбасховішча ад дывэрсантаў.

«Там былі цывільныя. Яны ведалі, што мы беларусы. Віталіся з намі, размаўлялі, дзякавалі. Не папікалі, што мы з краіны-агрэсара. Можа, гэтыя байкі пра нянавісьць украінцаў да нас нехта адмыслова запускае, каб накручваць людзей і сеяць між намі варожасьць. Мяне адпусьціла. Мы раней з украінцамі жылі ў адной дзяржаве, і вораг у нас адзін — Расея. Было паразуменьне і з украінскімі вайскоўцамі. Яны казалі, што спачуваюць нам, што ў нашай краіне такое дзеецца, але не было такога, што мы вінаватыя. Ніхто не казаў мне, што я тут лішні ці што беларусы благія», — патлумачыў Аляксандар.

Ён зазначае, што з забесьпячэньнем у батальёне ўсё добра. Сучаснай зброі, амуніцыі дастаткова, ёсьць вялікая дапамога ад валянтэраў.

«Ворага ёсьць чым біць — маем добрыя пераносныя зэнітныя ракетныя комплексы, мінамёты. Зброі хапае», — кажа Лахвіч.

Сам ён трапіў у разьлік ПЗРК.

Аляксандар Лахвіч, добраахвотнік
Аляксандар Лахвіч, добраахвотнік

«Там было пекла»

Аляксандар быў пасьля вызваленьня ў Бучы і Ірпяні на «зачыстцы».

«Тады яшчэ не пасьпелі сабраць целы забітых. Людзі, якія прыбіралі трупы, проста раўлі, падымаючы рукі да неба, біліся галавой аб плот. Трупаў было вельмі шмат. Там было пекла. Людзі расказвалі, як расейцы на іх вачах забівалі людзей, гвалтавалі. Глядзіш такім людзям у вочы — там такая пустата і пытаньне: „Як жыць далей?“. Людзі жылі мірна, нікога не чапалі, пакуль не прыйшлі яны. Гэта быў першы такі момант у маім жыцьці, калі нянавісьць перакрывае ўсе пачуцьці і маеш толькі жаданьне помсьціць. Ніякай літасьці да ворагаў», — кажа Лахвіч.

Пра складанасьці ў службе ён кажа жартам, што цяжкасьці ёсьць зь фізычнай падрыхтоўкай — «бо я тоўсты. «Але я выцягваю, я ўсё-ткі ў баявой роце, здароўя бегаць з ПЗРК мне хапае, дам рады ўсяму», — кажа беларус.

Ён расказвае, што падтрымку ён знаходзіць у стасунках з пабрацімамі.

«Я бачу вялікую колькасьць людзей, якія падобныя да мяне ў думках і меркаваньнях. У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, мы размаўляем, спрачаемся часам. Разважаем, якой павінна быць Беларусь у будучыні. Бо любыя рэжымы — гітлерызм, пуцінізм ці лукашызм — гэта блага. Нас аб’ядноўвае тое, што наша краіна ў небясьпецы і ўжо два гады яна плача. І толькі мы, беларусы, адказныя за яе лёс», — разважае Аляксандар.

Аляксандар Лахвіч
Аляксандар Лахвіч

«Сьмерці я не баюся, яна для мяне як сястра»

Лахвіч з павагай і захапленьнем кажа пра свайго камандзіра — беларуса Кіта.

«Ён нас ня толькі вучыў страляць, тактыцы і мэдыцыне. Ён расказваў, як ён сам быў на вайне, бо ён ваюе з 2015 году. Ён разважліва і разумна ставіцца да кожнага байца. Ён для мяне прыклад на вайне. Мы, беларусы, ня можам мець пазыцыі „мая хата з краю“. Бо каб не Расея, мы былі б вольнай, цывілізаванай краінай», — кажа Аляксандар.

Ён удзельнічаў у пахаваньні беларускіх добраахвотнікаў Тэрора і Літвіна, якія загінулі на вайне.

«Для сапраўдных ваяроў загінуць у баі — лепшая сьмерць. Я паганец і веру, што яны цяпер з багамі. Сам я сьмерці не баюся, яна для мяне як сястра. Калі прыйдзе, я яе абдыму. Сьмерць — ня страшна, яна ўсіх нас не абміне, усіх нас чакае. Але лепшую сьмерць яшчэ трэба заслужыць», — разважае Лахвіч.

Ён кажа, што яго натхняе тое, што ён змагаецца «супраць сусьветнага зла».

«Неяк ехалі па Кіеву на адкрытым пікапе. Каля нас спынілася машына цывільных, і дзеці нам перадалі лісты з добрымі пажаданьнямі. Дзеці на нас спадзяюцца, яны нам вераць — і ты хочаш ня хочаш, а мусіш быць моцным», — кажа Аляксандар.

Ліст добраахвотнікам на фронт
Ліст добраахвотнікам на фронт

У вольны час ён вядзе інстаграм, а таксама прыглядае за кацянятамі, корміць іх.

«З жывёламі я знаходжу супакой і адпачынак. Люблю ранішні час, узыход сонца. Як паганец я адчуваю кантакт з багамі. Прыгожыя краявіды, багі — гэта дае мне моц», — кажа беларус.

Аляксандар Лахвіч, добраахвотнік
Аляксандар Лахвіч, добраахвотнік

«Пасьля вайны хачу купіць хату ў вёсцы, мець сям’ю»

Пасьля вайны Аляксандар хоча пазнаёміцца з добрай дзяўчынай. Марыць купіць хату ў вёсцы, мець сям’ю і гаспадарку. Толькі пакуль не зразумела, будзе гэта Ўкраіна ці Беларусь.

«Пасьля вайны будзе магчымасьць застацца ва Ўкраіне. Канечне, я марыў бы жыць у вольнай Беларусі. Калі я вярнуся дахаты, то хачу, як раней, працаваць аніматарам для дзяцей, расказваць ім пра рыцарства, пра шляхту, беларускія традыцыі. На пытаньне „Ўкраіна ці Беларусь“ я адкажу, калі „Картаген будзе разбураны“ — маю на ўвазе Крэмль», — кажа Лахвіч.

Ён лічыць, што масавыя забойствы цывільных, згвалтаваньні і марадэрства з боку расейцаў — ад таго, што «яны моцна дэградавалі».

«Яны не разьвіваюцца, не чытаюць кніг, многія, падазраю, проста псыхічна хворыя людзі — як яшчэ можна патлумачыць іх ганебныя паводзіны? У 1917 годзе яны крычалі „Хто быў нікім — стане ўсім“ і вынішчалі інтэлігенцыю. Але так не бывае — раптам зь нічога стаць некім. Гэта доўгі і складаны шлях. Яны цяпер пераўтварыліся ў нейкі статак, шэрую масу, якой кіруе іх тэлебачаньне. Яны яго наглядзяцца і едуць ваяваць — у Чачню, Грузію, цяпер ва Ўкраіну», — разважае Лахвіч.

Ён кажа, што марыць, каб вайна скончылася перамогай Украіны, і робіць для гэтага ўсё, што можа.

Аляксандар
Аляксандар

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG