Імёны расейскіх вайскоўцаў, якіх украінская пракуратура падазрае ў злачынствах, пералічаныя на старонцы Венядзіктавай у фэйсбуку, там жа апублікаваныя фатаграфіі. Гаворка ідзе пра салдатаў у званьнях ад шарагоўца да яфрэйтара, афіцэраў сярод іх няма.
Па дадзеных Бучанскай акруговай пракуратуры, гаворка ідзе пра вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады Сухапутных войскаў расейскай арміі, якая ў сакавіку займала пазыцыі ў Бучы. Венядзіктава нагадала, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прысвоіў гэтай быгадзе ганаровае званьне «Гвардзейская».
Сьцьвярджаецца, што расьсьледаваньне паказала, што гэтыя вайскоўцы «захапілі ў закладнікі бяззбройных мірных жыхароў, марылі іх голадам і смагай, трымалі на каленях са зьвязанымі рукамі і закрытымі вачамі і зьдзекаваліся зь іх», а таксама «рабавалі мясцовых жыхароў, забіраючы асабістыя рэчы і „трафэйную“ бытавую тэхніку». Па словах Венядзіктавай, правяраецца і іх дачыненьне да забойстваў.
- Выданьне «Агентство» зьвязалася з дваімі людзьмі, прозьвішчы якіх названы ў сьпісе ўкраінскай пракуратуры — Дзьмітрыем Сергіенкам і Сяргеем Пескаровым. Абодва яны сказалі, што служылі ў 64-й мотастралковай брыгадзе, але ўжо некалькі гадоў як звольніліся з войска. Пра тое, што яе муж даўно ня служыць і ў Бучы ня быў, сказала і жонка яфрэйтара Міхася Кашына.
У пачатку красавіка, пасьля таго, як з Бучы выйшлі расейскія войскі, украінскія ўлады і журналісты паведамілі пра мноства трупаў цывільных на вуліцах гораду, а таксама аб брацкай магіле зь дзясяткамі пахаваных. У тым ліку былі знойдзены і забітыя са зьвязанымі рукамі. Жыхары загінулі падчас знаходжаньня ў Бучы расейскіх войскаў. Улады Ўкраіны і краін Захаду абвінавацілі расейскіх вайскоўцаў у ваенных злачынствах, гучыць і слова «генацыд».
Мінабароны Расеі назвала фатаздымкі і відэаматэрыялы з забітымі мірнымі жыхарамі ў Бучы пад Кіевам «пастаноўкай кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ». Аб «правакацыі» заяўляе і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.