Расказваем пра найбольш вядомыя фільмы на тэму беларускай мірнай рэвалюцыі — дакумэнтальныя і адзін мастацкі.
1. Courage
Адзін з найбольш вядомых дакумэнтальных фільмаў пра мірную беларускую рэвалюцыю, які дэманструецца на ўплывовых міжнародных кінафэстывалях. Фільм беларускага рэжысэра Аляксея Палуяна быў у лонг-лісьце ў намінацыі дакумэнтальнага кіно на «Оскара». Фільм апавядае пра трох актораў — Марыну Якубовіч, Дзяніса Тарасенку і Паўла Гарадніцкага, — якія працавалі ў «Свабодным тэатры» і засьпелі падзеі пазалеташняга жніўня.
2. «Калі кветкі не маўчаць»
Дакумэнтальны фільм вядомага беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы, зьняты пры падтрымцы «Белсату», перамог на Варшаўскім кінафэстывалі. Фільм прысьвечаны ролі жанчын у беларускіх пратэстах.
3. «Як жыць, калі пазбаўляюць радзімы»
Фільм расейскага журналіста і блогера Юрыя Дудзя, прысьвечаны беларусам у вымушаным выгнаньні. Мае амаль 8 мільёнаў праглядаў.
4. «Галасы новай Беларусі»
У фільме Андрэя Курэйчыка і Аксаны Мысінай акторы, рэжысэры, журналісты, палітычныя дзеячы з 6 краінаў сьвету прадстаўляюць маналёгі 16 беларусаў, якія трапілі пад рэпрэсіі падчас масавых пратэстаў 2020 году.
5. «Сёстры пратэсту»
Дакумэнтальны фільм, які зрабілі журналісты з 34mag.net, пра дзяўчат, якія прайшлі праз затрыманьне і арышт у Беларусі.
6. I’m Trying to Topple Europe’s Last Dictator
Міні-фільм The New York Times пра дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую.
7. «Я выходжу»
У памяць аб забітым мастаку Раману Бандарэнку журналісты расейскай службы Радыё Свабода зьнялі дакумэнтальны фільм пра тое, як апошнія словы Рамана сталі лёзунгам для нядзельных пратэстаў беларусаў.
8. «Беларусь. Як ламаюць людзей у турмах»
«Такога жаху я ня бачыў ні ў Вэнэсуэле, ні ў Паўночнай Карэі». Аўтар youtube-каналу «The Люди» хацеў прыехаць у Беларусь, каб зрабіць фільм пра першыя дні жнівеньскіх пратэстаў, а ў выніку сам трапіў на Акрэсьціна. Мае амаль 7 мільёнаў праглядаў.
9. «Улада для народу, а не наадварот»
Фільм пра Сьвятлану Ціханоўскую і абʼяднаны штаб, пра перадвыбарчыя паездкі разам зь Веранікай Цапкалай і Марыяй Калесьнікавай. Стужка хутчэй пра побыт трох жанчын, чым пра палітычных лідэраў.
10. «Ня бойся»
Фільм беларускага журналіста і рэжысэра Міхаіла Аршынскага стаў пераможцам прэстыжнага конкурсу Hinzpeter Awards. У фільме паказаныя лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і ўзялі ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году.
11. MINSK
Расейска-эстонскі фільм 2021 году расейскага рэжысэра беларускага паходжаньня Барыса Гуца. Першы мастацкі фільм пра падзеі жніўня 2020 году ў Беларусі. У цэнтры сюжэту — маладая апалітычная пара, якая жыве ў сталіцы Беларусі і марыць пра дзіця, але выпадкова трапляе ў пратэставую мясарубку пасьля выбараў 9 жніўня: іх жыцьцё раптоўна мяняецца да непазнавальнасьці. Адным з прадусараў фільму выступіў паліттэхноляг Віталь Шкляраў.
12. «Мы ня ведалі адзін аднаго да гэтага лета»
Фільм беларускай рэжысэркі Вольгі Абрамчык расказвае пра тое, што здарылася падчас і пасьля выбараў прэзыдэнта Беларусі ў 2020 годзе. Фільм — хроніка першага тыдня пасьля дня галасаваньня, ён пабудаваны выключна на кадрах, якія зьнялі ўдзельнікі ці відавочцы акцый пратэстаў у Беларусі
13. «Я Вітольд Ашурак»
Дакумэнтальны фільм беларускай службы Радыё Свабода пра палітвязьня Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калёніі.
14. Belarus: personal stories from a country in turmoil
Дакумэнтальны фільм аб пратэстах у Беларусі рэжысэраў Максіма Шведа, Андрэя Куцілы і Кацярыны Маркавец, які апублікавала брытанскае выданьне The Guardian. Гэта гісторыя трох жыхароў Беларусі — рэжысэра, псыхоляга і тэлевядоўцы, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў.