1 верасьня журы конкурсу абвясьціла, што Міхаіл Аршынскі стаў уладальнікам галоўнага прызу «Сьвет на раздарожжы» за фільм «Ня бойся», піша БАЖ.
У фільме паказаныя лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і паўдзельнічалі ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ў Беларусі. Падзеі паказаны скрозь прызму назіраньняў Міхаіла Аршынскага, які стаўся сьведкам палітычнага супрацьстаяньня 2020 году.
З камэраю ў руках ён асабіста прасачыў за кожным этапам кампаніі і здымаў, як улады перашкаджалі зьбіраць подпісы і перадаваць іх у выбаркамы, як аб’ядналіся штабы альтэрнатыўных кандыдатаў, і разам зь імі езьдзіў па рэгіёнах Беларусі.
Конкурс заснаваны Карэйскай асацыяцыяй відэажурналістаў для таго, каб падтрымліваць сьмелую і праўдзівую журналістыку ва ўсім сьвеце. Hinzpeter Awards накіраваны на прызнаньне і падтрымку журналістаў, якія паказваюць праўду пра барацьбу за правы чалавека ў розных краінах плянэты.
Конкурс атрымаў імя славутага нямецкага журналіста: Юрген Хінцпэтэр — адзіны журналіст у сьвеце, якому ўдалося зьняць падзеі паўстаньня ў Гванджу ў 1980 годзе, калі жыхары гораду са зброяй у руках выступілі супраць аўтарытарных уладаў, якія сіламі паліцыі расстралялі студэнцкі мяцеж супраць ваеннага становішча. Звыш 600 паўстанцаў загінулі, а кадры, зьнятыя Хіцпэтэрам, разышліся па нямецкіх і сусьветных СМІ.