Героі фільму Юля і Паша толькі пабраліся шлюбам і плянуюць сумеснае жыцьцё. У жнівеньскі дзень яны выходзяць на прагулку па Менску і трапляюць у самую гушчу беларускіх пратэстаў.
«Звычайная прагулка робіцца сапраўдным пеклам, дзе бязьвінныя людзі становяцца ахвярамі паліцэйскага гвалту», — кажуць стваральнікі фільму.
Рэжысэр Барыс Гуц вядомы па карцінах «Смерть нам к лицу» і «Фагот» (першы ў Расеі фільм, зьняты на мабільны тэлефон). Прадусарам новага фільму «MINSK» стаў паліттэхноляг Віталь Шкляраў, які правёў некалькі месяцаў у зьняволеньні ў Беларусі. Апэратарка — Дар’я Ліхачова. У галоўных ролях здымаліся Анастасія Шамякіна і Аляксей Масладудаў.
Таксама ўдзел у фільме ўзялі Алег Гаас, Юлія Ауг, Іван Мулін ды іншыя акторы.
«Кіно пра тое, як каханьне, прыгажосьць, маладосьць можа быць зьнішчана празь невытлумачальную злосьць, нянавісьць паліцэйскіх»
«MINSK» здымаўся ў Таліне адным кадрам. Рэжысэр кажа, што гэта стварае максымальны эфэкт пагружэньня, глядач пражывае падзеі разам з героямі ад пачатку і да канца. Аднакадравы фільм Барыс хацеў зрабіць даўно, але не было адмысловага матэрыялу. 9–10 жніўня 2020-га рэжысэр усю ноч сачыў за тым, што адбываецца ў Беларусі, праз тэлеграм-каналы. Кажа, што гэта на яго моцна паўплывала.
«Я бачыў вялізную колькасьць дакумэнтальных відэа, якія дасылалі звычайныя жыхары Беларусі. Я глядзеў на працягу ночы, і ў мяне цалкам выразна склалася карціна фільму. Яшчэ я ня мог быць абыякавым, бо гэта ня толькі адзін з маіх любімых гарадоў, але і мая гістарычная радзіма, бо я напалову беларус. І азьвярэлая жорсткасьць людзей у форме не магла пакінуць мяне абыякавым. Я зразумеў, што неабходна зрабіць кіно пра тое, як каханьне, прыгажосьць, маладосьць можа быць зьнішчана праз гэтую невытлумачальную злосьць, нянавісьць паліцэйскіх», — кажа Барыс Гуц.
«Нам пакруцілі ля скроні, маўляў, дзе мы наогул зьбіраемся такое кіно здымаць і навошта»
Барыс Гуц хутка напісаў сцэнар, і ўжо ў верасьні праект запусьцілі. У кастрычніку правялі кастынг у Расеі, і мэнэджары шукалі гарады, лякацыі, дзе можна было б зьняць фільм. Рэжысэр кажа, літаральна за пару тыдняў «адваліліся» некалькі гарадоў Маскоўскай вобласьці.
«У кулюарах Міністэрства культуры сказалі так: „Ні пры якіх умовах расейская ўлада ня можа падтрымліваць гэты фільм, бо такім чынам яна стане на адзін з супрацьлеглых бакоў сяброўскай дзяржавы“. Нам пакруцілі ля скроні, маўляў, дзе мы наогул зьбіраемся такое кіно здымаць, навошта, і іншае. Нам літаральна ўсё забаранілі. Потым мы знайшлі студыю вытворчасьці ў Эстоніі і разам падалі заяўку ў Эстонскі кінаінстытут. Нас падтрымалі, далі суму грошай, якой нам не хапала. Самае галоўнае — далі лякацыю, садзейнічаньне мясцовых уладаў, мэрыі, паліцыі, дапамаглі нам прыехаць у Эстонію, калі межы былі яшчэ зачыненыя, па адмысловым запрашэньні культурнага абмену».
«Жыхароў раёну загадзя папярэдзілі мясцовыя ўлады і паліцыя»
У Таліне ўся каманда перазнаёмілася і знайшла лякацыю ў раёне Ласнамяэ з забудовамі савецкага часу, які нагадваў Менск.
«У нас было ўсё строга, акуратна, афіцыйна. Жыхароў раёну загадзя папярэдзілі мясцовыя ўлады і паліцыя. Паколькі мы здымалі ноччу, то транспарту практычна не было, але на ўсялякі выпадак паставілі рэгуліроўшчыкаў, паліцыю, якія на 5–9 хвілін перагароджвалі вуліцы, спынялі трамваі».
Мясцовыя жыхары рэагавалі па-рознаму, але Барыс упэўнены, што ўсе абурэньні маглі застацца толькі ў сацыяльных сетках.
«Нават калі была сцэна з дымам, фаерамі, з натоўпам вайскоўцаў і пратэстоўцаў, то ніякіх канфліктаў зь мясцовымі не было. Дзякуй вялікі жыхарам Таліна, якія цярпліва гэтыя чатыры ночы перажылі. Але, я нагадаю, гэта ўсяго толькі некалькі хвілін мы ледзь папалохалі талінцаў. Мы стараліся рабіць усё акуратна, мірна, бяз бруду. Як прынята казаць, «пакінулі лякацыю ў чысьціні».
«Я хацеў паказаць, як простыя сямейныя адносіны могуць быць растаптаныя і зьнішчаныя літаральна за лічаныя хвіліны»
Барыс Гуц кажа, што хацеў зрабіць кіно ня толькі пра паліцэйскі гвалт і народныя пратэсты, але і пра «каханьне на фоне вайны».
«Хацеў паказаць, як у любой дзяржаве сьвету простыя сямейныя адносіны, якія звычайна нават дыктатарамі абвяшчаюцца як складнік шчасьця і дабрабыту краіны, могуць быць растаптаныя і зьнішчаныя літаральна за лічаныя хвіліны на вачах у гледачоў, пакуль тыя папкорн не пасьпелі даесьці. Усім зразумела, што такое каханьне, надзеі на сям’ю, дзяцей, простыя сямейныя каштоўнасьці. Многім, асабліва жыхарам Менску, зразумела, як гэтыя мары могуць быць зьнішчаныя».
Рэжысэр кажа, што гэты фільм стаўся для яго самым складаным.
«Па-першае, гэта вельмі складаная тэхнічная гісторыя. У нас некалькі дзясяткаў чалавек, якіх трэба арганізаваць на працягу кароткага тэрміну на пэўныя лякацыі. Фільм зьняты адным кадрам — гэта вельмі няпростая фізычная праца, таму што паўтары гадзіны мы з апэратарамі і асыстэнтамі перасоўваемся ў онлайн-рэжыме. У нас некалькі здымачных груп, рухаў на машынах, мітусьня, масоўка, розныя лякацыі, і ўсё павінна быць разьлічана і расьпісана літаральна па сэкундах».
Гэта было складана арганізаваць, але нават на першым генэральным прагоне каманда зразумела, што можна зьняць усё без спыненьня і нейкіх мантажных счэпак.
«Складаная, чыста экспэрымэнтальная і тэхнічная праца, якую мала хто рабіў у сьвеце. У мяне ў краіне рабіў, здаецца, Сакураў з „Рускім каўчэгам“. Ёсьць некалькі фільмаў у Эўропе і Амэрыцы, але навучыцца рабіць такое кіно па падручніках і ютуб-роліках — немагчыма. Паўтары гадзіны адным кадрам можна зьняць, толькі вучачыся на сваіх памылках».
«У нейкі момант ты пачынаеш прывыкаць да гэтай жорсткасьці»
Складана было і псыхалягічна, прызнаецца рэжысэр.
«Мы не маглі рабіць гісторыю пра жнівеньскія падзеі ў Менску бяз кадраў жорсткасьці, катаваньняў і зьбіцьця. Маральны, псыхалягічны ціск пэўных пэрсанажаў на нашых галоўных герояў, гэтая жорсткасьць далася мне цяжка. І не таму, што я анёл і ўвесь такі пухнаты, мяккі, трымаюся ідэй Талстога аб непраціўленьні злу гвалтам. Проста ў нейкі момант ты пачынаеш прывыкаць да гэтай жорсткасьці, ёсьць рызыка ператварыцца ў рэжысэра, які гаворыць пра банальныя рэчы. Увесь час трэба было шукаць у гэтай жорсткасьці, у нюансах псыхалягічнага ціску, аб’юза нейкую нетрывіяльную плоскасьць, у якой могуць вырашацца сцэны».
Барыс кажа, што самае важнае для кінарэжысэра — ставіць абсалютна варʼяцкія, невыканальныя, экспэрымэнтальныя задачы, рабіць выклік і разам з праверанай камандай, калегамі, сябрамі ўсё гэта рэалізоўваць.
«Адзначу, што ў нас была інтэрнацыянальная група: палякі, латвійцы, літоўцы, італьянцы і іншыя. Усё адбывалася на сумесі ангельскай і расейскай моў, у гэтым таксама ёсьць пэўны нюанс і складанасьць. Але, дзякуючы нейкім простым элемэнтам кінамовы, літаральна з парай слоў і жэстаў мы разумелі адзін аднаго і вырашалі задачы, бо ў нас на пляцоўцы было забаронена слова „праблемы“», — сьмяецца рэжысэр.
«Мы не забываем, што жыцьцё нашмат страшнейшае»
Падчас працы гісторыя пэрсанажаў моцна паглынала і ўзьдзейнічала, кажа Барыс.
«Гэта нават была задача апэратару і рэжысэру, якія насіліся разам з героямі, ператварыць камэру ў аднаго з удзельнікаў. Таму і зьнята гэта ўсё адным кадрам. Ёсьць у нас сцэна з арыштам, мы ў ёй ставілі задачу, што камэра — гэта быццам вочы аднаго з арыштаваных. Мы хацелі, каб глядач сапраўды перажыў усё гэта ў сваім унутраным сьвеце і на сваім целе, каб адчуў, што такое — быць вось там», — тлумачыць Барыс.
Дзякуючы добрым стасункам у камандзе ўдавалася нэўтралізаваць усю жорсткасьць, якая была падчас здымкаў.
«Размаўлялі вельмі шмат, каб не забываць, што мы ўсё ж такі робім кіно — так, максымальна дакумэнтальна, так, велізарная колькасьць сцэн у нас літаральна рэканструявана з тых відэа, якія мы бачылі ў тэлеграм-каналах. Але кожны раз мы нагадвалі адзін аднаму, што ўсё ж такі гэта кіно, мы акторы, рэжысэры. Так, мы ўпэўненыя, што робім вялікую справу, мы гаворым пра вельмі важныя і страшныя рэчы. Але ўсё роўна мы займаемся гульнявым кіно, мы не забываем, што жыцьцё нашмат страшнейшае. Розныя мастацкія мэтады нас ратавалі і дапамагалі ня зьехаць з глузду ў гэтым маленькім паўтарагадзінным пекле».
Рэжысэр кажа, што на здымках усё павінна было быць дакладным, бо дробная недарэчнасьць магла разбурыць увесь працэс.
«Думаю, добрая прыкмета таго, што ў нас нешта атрымалася ўдала, — тое, што дзесьці на пятым ці шостым дублі, калі я глядзеў у манітор, мне здавалася, гэта зьнята некім іншым. Я проста назіраў кіно, такі імэрсіўны тэатар для мяне аднаго як рэжысэра і апэратара. Вакол нас адбывалася нейкая магія, акторы літаральна існавалі ў кадры вельмі арганічна, масоўка, выбухі, стральба, усё гэта адбывалася ў нейкім онлайн-рэжыме. Мы змаглі ўсёй камандай, акторамі рэалізаваць тое, што ў мяне было паўгода ў галаве», — кажа Барыс Гуц.
«Самае страшнае — ня зброя, ня каскі, не дубінкі, а фанатызм гэтых людзей»
Барыс мяркуе, што кардынальнай розьніцы ў пратэстах, сутыкненьнях з паліцыяй у Беларусі і Расеі, як і ва ўсім сьвеце, няма. А людзі, якія перажылі гвалт, усё адчуюць і зразумеюць, і зусім няважна, дзе гэта адбываецца і як называецца фільм.
«Пэўным людзям са зброяй у руках далі права прымяняць сілу. І, як кажа адзін з нашых герояў: „Самае страшнае — ня зброя, ня каскі, не дубінкі, а фанатызм гэтых людзей“. Сапраўды, такое адчуваньне, што далі дазвол ня проста ўжываць сілу, а перамагчы любой цаной, і гэта адбываецца па ўсім сьвеце. Вось гэта чыстае зло, якое раптам пранікае праз нашыя душы, пра што яшчэ пісаў Дастаеўскі», — кажа Барыс. Таму, сьцьвярджае ён, фільм «MINSK» будзе зразумелы любому жыхару плянэты.
«Таму, хто хоць калі-небудзь сутыкаўся, хай і не асабіста, з паліцэйскім гвалтам і беззаконьнем, але хаця б чуў пра гэта, ведаў, што сёньня ён не паедзе да сваёй каханай, таму што дарогі перакрытыя, хтосьці будуе барыкады, а кагосьці вязуць ужо ў аўтазаках з праламанай галавой, — кажа Барыс. — Таму тут няма нейкіх асаблівасьцяў. Гэта вельмі яркая, шокавая нагода пагаварыць пра гэта».
«Рана, якую нанесьлі ўсяму народу ў жніўні 2020-га, нават тым, хто падтрымлівае Лукашэнку, не загоіцца»
«Галоўная зброя любога чалавека, які займаецца мастацтвам, — гэта свабода, — кажа рэжысэр Барыс Гуц. — Пакуль мы можам гаварыць, пакуль мы маем сілы, пакуль у нас унутры не ўключаецца самацэнзура, ёсьць нейкая надзея, што мы не ператворымся ў сьвет „1984“ паводле Оруэла, калі будзем баяцца падняць вочы і сказаць слова, — мяркуе Барыс. — Сьвет будзе стабільны, калі на любую праяву агрэсіі, спробу выклікаць страх мы будзем знаходзіць у сабе сілы не баяцца».
Адной з задач фільму Барыс лічыць магчымасьць разабрацца, што адбылося зь людзьмі ў форме.
«Я не прымаю той факт, што нават я, калі бачу на вуліцах удалечыні паліцэйскую машыну або чалавека ў форме, думаю, як бы збочыць з дарогі. Мы не павінны баяцца людзей у форме. Чалавек у форме павінен быць надзеяй, дапамогай, а ня тым, каго ты ў глыбіні душы баісься і пагарджаеш. Гэта няправільна, гэта хворая нейкая, вычварная сытуацыя, і я вельмі хачу разабрацца праз гэты фільм, чаму так адбылося і як наогул існаваць у сьвеце, дзе людзі, якія павінны нас абараняць, выклікаюць у нас страх. Гэта няправільна, і гаварыць пра гэта вельмі важна», — мяркуе ён.
Ён працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі і ня згодны, што пратэст сышоў.
«Рана, якую нанесьлі ўсяму народу ў жніўні 2020-га, нават тым, хто падтрымлівае Лукашэнку, не загоіцца, а будзе трывожыць людзей. І чалавек, які зусім знахабіўся ў апошні час з усімі гэтымі самалётамі і іншым, калісьці ўсё роўна зламаецца і зьнікне. Тады Беларусь уздыхне, і далей усё будзе залежаць ад людзей. Вядома, ніхто ня хоча, каб адзін дыктатар зьмяніўся іншым дыктатарам, але тут усё будзе ў руках народу. Я, можа, ідэаліст і празьмерны аптыміст, але я веру, што гэта будзе адносна хутка».
Фільм плянуюць скончыць у найбліжэйшыя два месяцы.