Чэскі студэнт Ян Палах коштам уласнага жыцьця на доўгія гады прыцягнуў увагу да гвалтоўнага здушэньня «праскай вясны». 16 студзеня 1969 году ён спаліў сябе на знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславаччыны ў жніўні 1968 году. Празь некалькі дзён, 19 студзеня, ад апёкаў Ян Палах памёр.
Самаспаленьне як форму пратэсту супраць несправядлівасьці і ўціску абіралі некаторыя людзі ў Савецкім Саюзе, краінах сацлягеру, Віетнаме, Кітаі, Тунісе. Працягнулася такая практыка і ў 21 стагодзьдзі. У большасьці выпадкаў гэтым людзям не ўдалося зьмяніць сытуацыю, якая выклікала іх пратэст, але было і некалькі выключэньняў.
2010. Туніс
Падзеі, сёньня вядомыя як «арабская вясна», пачаліся пасьля самаспаленьня ў Тунісе 17 сьнежня 2010 году гандляра садавіной Мухамада Буазізі. Нагодай для самагубства стаў канфлікт на рынку з чыноўніцай, якая аштрафавала Мухамада за гандаль без дазволу і публічна дала яму поўху. Ён зьвярнуўся ў мэрыю, але там яго ня выслухалі. Буазізі не стрываў прыніжэньня, абліў сябе гаручым перад мэрыяй і падпаліў. Яго ўчынак выклікаў хвалю масавых выступаў туніскай моладзі супраць палітыкі прэзыдэнта Зін эль-Абідзіна Бэн Алі, які нічога не рабіў для барацьбы з карупцыяй і скарачэньня беспрацоўя. Гэта прывяло да адстаўкі Бэн Алі 14 студзеня 2011 году.
2013. Азэрбайджан
Заур Хасанаў падпаліў сябе перад урадавым будынкам у Баку на знак пратэсту супраць абыякавасьці чыноўнікаў. Хасанаў быў удзельнікам вайны ў Нагорным Карабаху на пачатку 1990-х і пратэставаў супраць несправядлівасьці, зь якой сутыкнуўся ў адносінах да сябе з боку ўраду. Самападпал прывёў да сьмерці. Азэрбайджанскія актывісты спрабавалі пасьля пахаваньня Хасанава зладзіць у Баку акцыю пратэсту, але гэтую акцыю спыніла міліцыя.
2013. Кіргізстан
Жыпаркан Амурава падпаліла сябе перад будынкам кіргіскага парлямэнту ў Бішкеку, пратэстуючы супраць прысуду свайму сыну. За год да гэтага Нарынскі гарадзкі суд апраўдаў сына Амуравай, якога вінавацілі ў зьбіцьці чалавека. Але пазьней абласны суд прыгаварыў яго да 13 гадоў зьняволеньня. 31 студзеня Жыпаркан Амурава абліла сябе бэнзінам і падпаліла. У выніку Вярхоўны суд адмяніў прысуд яе сыну.
2016. Беларусь
28 красавіка 2016 году ў цэнтры Менску, на Кастрычніцкай плошчы падпаліў сябе 56-гадовы мужчына. Ён пакінуў запіску, у якой патлумачыў, чаму пайшоў на самападпал. Пасьля разводу з жонкай яму абмежавалі сустрэчы зь дзіцем. Суд вызначыў пэрыядычнасьць гэтых сустрэч, але іх колькасьцю бацька быў не задаволены. Спрабаваў абскардзіць рашэньне ў Вярхоўным судзе, але марна. Зьвяртаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, але і гэта не дало выніку. Ён памёр у шпіталі 22 траўня 2016 году.
2016. Армэнія
Падчас пратэстаў у Ерэване на перакрытым дэманстрантамі праспэкце Баграмяна мужчына сярэдніх гадоў, абліўшы сябе бэнзінам, зьдзейсьніў спробу самаспаленьня. Аднак іншыя ўдзельнікі акцыі пратэсту зьбілі зь яго полымя. Дэманстранты праводзілі акцыю ў падтрымку ўзброенай групы «Сасна црэр», якая два тыдні ўтрымлівала будынак палку патрульна-паставой службы паліцыі ў сталічным раёне Эрэбуні, патрабуючы адстаўкі ўладаў і вызваленьня свайго лідэра Жырайра Сэфіляна.
2016. Казахстан
У сталіцы Казахстану Астане ля будынку генэральнай пракуратуры 48-гадовая жанчына ўчыніла самаспаленьне. Прычынай праваахоўнікі называюць яе нязгоду з прысудам 28-гадоваму сыну. У 2015-м яго асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму паводле абвінавачаньня ў захоўваньні наркотыкаў. Пазьней ягоную апэляцыйную скаргу не задаволілі.
2017. Беларусь
9 чэрвеня 2017 году 55-гадовая прыбіральніца гомельскага прадпрыемства «Камінтэрн» абліла сябе гаручай вадкасьцю, якую падпаліла запальнічкай. «У мяне скралі 18 гадоў стажу», — крычала самападпальніца. Агонь з жанчыны ўдалося зьбіць, яе адвезьлі ў шпіталь, але там уратаваць не змаглі, бо ў пацярпелай быў моцны апёк 50% цела. Праз 10 дзён жанчына памерла.
На прадпрыемстве прызналі, што ў яе былі цяжкасьці з афармленьнем пэнсіі.
2017. Беларусь
У Жлобіне мужчына падпаліў сябе, бо ня мог выплаціць крэдыт. Трагедыя адбылася 27 верасьня 2017 году. Пра яе напісала раённая газэта «Новы дзень». Згодна з газэтай, сям’я ўзяла крэдыт, каб дапамагчы дзецям пабудаваць кватэру. Пасьля аказалася, што вяртаць грошы цяжка, штомесяц трэба было плаціць больш, чым яны зараблялі.
Самагубца атрымаў апёкі 80% цела, памёр у лякарні.
2019. Іран
Футбольная заўзятарка ўчыніла самаспаленьне, пратэстуючы супраць дыскрымінацыі жанчын на стадыёнах.
Сахар Гадаяры арыштавалі, калі яна спрабавала прайсьці на стадыён, дзе пачынаўся футбольны матч з удзелам яе любімай каманды. Праз тры дні арышту яе вызвалілі пад заклад, і яна паўгода чакала разгляду справы ў судзе. Калі даведалася, што ёй пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі, выйшла на плошчу перад судом і падпаліла сябе. Праз тыдзень Гадаяры памерла ў бальніцы ад цяжкіх апёкаў.
2019. Расея
У Іжэўску 10 верасьня каля будынка Дзяржаўнага савету Ўдмуртыі (рэспублікі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі) падпаліў сябе былы дырэктар Інстытуту чалавека Ўдмурцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Альбэрт Разін. Зь ім былі транспаранты: «І калі заўтра мая мова зьнікне, то я гатовы сёньня памерці» і «Ці ёсьць у мяне Айчына?» Альбэрту Разіну было 79 гадоў. Ён быў кандыдатам філязофскіх навук, дацэнтам, заслужаным дзеячом навукі Ўдмуртыі. Актыўна ўдзельнічаў ва ўдмурцкім нацыянальным руху «Ўдмуртыя Кенеша».
2020. Расея
Галоўная рэдактарка незалежнага выданьня KozaPress Ірына Славіна 2 кастрычніка падпаліла сябе каля МУС у Ніжнім Ноўгарадзе. Яна загінула.
У сацыяльных сетках Славіна пакінула паведамленьне: «У маёй сьмерці прашу вінаваціць Расейскую Фэдэрацыю».
У сакавіку 2019 году суд у Ніжнім Ноўгарадзе прызнаў яе вінаватай у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця памяці Барыса Нямцова і аштрафаваў. Пасьля гэтага восеньню 2019 году суд Ніжняга Ноўгараду зноў аштрафаваў Славіну паводле адміністрацыйнага артыкула аб непавазе да ўлады і грамадзтва. Напярэдадні самагубства да Славінай прыйшлі зь ператрусам.
2020. Беларусь
18 верасьня ў Смалявічах 36-гадовы Сяргей Радчэня зьдзейсьніў спробу самаспаленьня на ганку Смалявіцкага РАУС. Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава пракамэнтавала, што ён «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіцьцё сьпіртовых напояў, а таксама выказваўся пра спробы суіцыду».
У тэлеграм-каналах, якія апублікавалі відэа спробы самаспаленьня ў Смалявічах, камэнтатары выказвалі здагадку, што ён зрабіў гэта на знак пратэсту супраць дзеяньняў сілавікоў. Аднак сапраўдныя прычыны, якія штурхнулі яго на такі крок, засталіся невядомымі.
Радчэня атрымаў апёкі 95% цела, памёр у шпіталі.
2021. Беларусь
2 студзеня на плошчы Незалежнасьці ў Менску падпаліў сябе 35-гадовы Павал Банькоўскі. Ён атрымаў апёкі галавы 4 ступені, былі пашкоджаныя 72% цела. Мужчына быў у разводзе, з былой жонкай меў дваіх дзяцей. Больш за месяц Павал Банькоўскі правёў без прытомнасьці, у чэрвені 2021 году яго выпісалі са шпіталя. Прычыны, чаму ён наважыўся на самападпал, засталіся невядомымі грамадзкасьці. Сваякі адзначалі, што ў яго быў цяжкі пэрыяд у жыцьці, але некаторыя не выключалі і таго, што самападпал быў зьвязаны з палітычнай сытуацыяй у Беларусі.