Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаліць сябе каб болей быць зь дзіцём


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Як людзі паводзяць сябе пасьля разводу і чаму звычайнае для жанчын лічыцца гераізмам для мужчын.

Наста Захарэвіч

У сьвеце дарослых існуе безьліч спосабаў паклапаціцца пра ўласнае дзіця, і самаспаленьне на галоўнай плошчы краіны дакладна не ўваходзіць у гэты сьпіс. Але 55-гадовы мужчына з Калодзішчаў, чыё імя не разгалошваецца ў СМІ, вырашыў інакш.

Цяпер ён знаходзіцца ў цяжкім стане ў лякарні, і пакуль няма магчымасьці ўзяць у яго інтэрвію, але паводле афіцыйнай вэрсіі ён падпаліў сябе на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менску з-за таго, што жадаў больш актыўна прымаць удзел у жыцьці свайго дзіцяці. Паведамляецца, што парадак стасаваньня з дзіцём быў вызначаны судом, і бацька мае права на рэгулярныя сустрэчы з дзіцём у прысутнасьці іншых дарослых.

Вэрсія з публічным самазабойствам з-за так званага фінансавага адчаю гучыць больш лягічна і праўдападобна

Спроба самаспаленьня як дэманстрацыя ўласнай адэкватнасьці яўна не ўдалася і не магла быць пасьпяховай па вызначэньні. У абмеркаваньнях пэрыядычна сумняваюцца ў такіх матывах дзеяньняў мужчыны. Вэрсія з публічным самазабойствам з-за так званага фінансавага адчаю гучыць больш лягічна і праўдападобна, але значна менш зручна для ўладаў. І калі нас сапраўды падманваюць, то робяць гэта, трэба прызнаць, прыгожа.

Камэнтатары і камэнтатаркі ў большасьці сваёй ня сталі на бок мужчыны, а кажуць пра ягоную неадэкватнасьць і пра тое, што такі бацька — небясьпечны, і пакідаць з ім дзіця страшна. Да сыстэмы прэтэнзій няма.

Тэма выхаваньня дзяцей пасьля разводу бацькоў — вельмі балючая і заўжды выклікае шмат спрэчак. У большасьці выпадкаў дзяцей пакідаюць з маці, прызначаючы пэўныя правілы камунікацыі з бацькам (графік сустрэчаў і дадатковыя ўмовы стасаваньня).

Існуе міт, што суд можа вызначыць месца жыхарства дзіцяці з бацькам толькі ў тым выпадку, калі ў маці алькагольная ці наркатычная залежнасьць, альбо яна вядзе амаральны лад жыцьця і зусім не займаецца дзіцём. Верагодна, за савецкім часам так і было, але цяпер усё інакш.

Як часта бацька ўвогуле заяўляе пра жаданьне займацца выхаваньнем дзіцяці?

Калі казаць пра абсалютныя лічбы, пераважная большасьць дзяцей і праўда застаецца жыць з маці. Але як часта бацька ўвогуле заяўляе пра жаданьне займацца выхаваньнем дзіцяці? І не, два падарункі на год і наведваньне парку ўлетку і кіно ўзімку раз на два тыдні — гэта не выхаваньне.

Я не знайшла статыстыкі па Беларусі, але знайшла невялікі аналіз судовых справаў па вызначэньні месца жыхарства дзіцяці пасьля разводу бацькоў у Расеі. У Беларусі і Расеі тэма выхаваньня дзяцей разглядаецца на заканадаўчым узроўні дужа падобна, і наўрад ці статыстычныя дадзеныя будуць кардынальна адрозьнівацца.

[У Расеі,] калі бацька падае пазоў у суд з патрабаваньнем вызначыць месца жыхарства дзіцяці разам зь ім, то суд задавальняе патрабаваньні ў 59% выпадкаў.

Аказалася, што, калі бацька падае пазоў у суд з патрабаваньнем вызначыць месца жыхарства дзіцяці разам зь ім, то суд задавальняе патрабаваньні ў 59% выпадкаў. Калі аналягічныя патрабаваньні ў судзе выстаўляе маці, то дзіця застаецца зь ёй у 77% выпадкаў.

Відавочна, што суд часьцей становіцца на бок маці, але казаць, што 59% — гэта нязначны паказчык, таксама нельга. Іншая рэч, што агульная колькасьць такіх судоў увогуле невялікая, і досыць часта дзеці па змоўчаньні застаюцца з маці і становяцца для мужчын такімі ж былымі, як і жонкі.

Варта асобна ўзгадаць пра гісторыю Ілоны Герашчанкі, чый былы муж проста не дазваляе ёй бачыцца з дачкой, бо ён так хоча. Ён пасьпяховы бізнэсмэн, у яго ёсьць так званыя рычагі кантролю. Ілоне не застаецца нічога іншага, акрамя як цярпліва судзіцца і беспасьпяхова спрабаваць сустрэцца з дачкой, якую так старана «абараняюць» ад уласнай маці, якая не зрабіла ёй нічога кепскага.

Гісторыі пра выхаваньне дзяцей пасьля разводу бацькоў, якія трансьлююцца ў СМІ, можна падзяліць на тры групы:

— гісторыі «па змоўчаньні»: маці выхоўвае дзіця, увага гэтаму факту як асобнаму фэномэну — мінімальная;

— гісторыі гераізму: бацька выхоўвае дзіця, і гэта прызнаецца чымсьці надзвычайным і проста неверагодным;

— гісторыі трагізму: бацька сілай адбірае дзіця і альбо не пускае да яго маці, як у выпадку з Ілонай Герашчанкай, альбо звозіць у невядомым напрамку, як гэта адбылося ў Полацку, калі двухгадовая Соф’я была выкрадзеная проста на вуліцы, пасьля чаго яе маці прыйшла смс ад былога мужа: «Ганна, я прыехаў у Полацк і вырашыў забраць дзіця. Зь ёй усё добра.»

Грамадзтва так па-рознаму ставіцца да адных і тых жа дзеяньняў, калі іх выконваюць розныя асобы.

У мяне няма дакладнага адказу на пытаньне, чаму так адбываецца. Чаму грамадзтва так па-рознаму ставіцца да адных і тых жа дзеяньняў, калі іх выконваюць розныя асобы, чаму бацькі так часта лічаць сваіх дзяцей былымі, чаму так папулярны міт, што на сярэднестатыстычныя алімэнты, якія беларускія маці атрымліваюць на сваіх дзяцей, можна шыкоўна жыць, чаму мужчыны выкрадаюць дзяцей, чаму сумесная апека такая непапулярная ў Беларусі і чаму словы бацькаў так часта разыходзяцца з дзеяньнямі. Аднак я шчыра ўпэўненая, што існуе нябачная, але вельмі добра адчувальная мяжа паміж клопатам пра дзіця і нарцысічнай маніпуляцыяй. У сьвеце дарослых існуе безьліч спосабаў паклапаціцца пра ўласнае дзіця, але дарослым, на жаль, часта трэба зусім не гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG