У сталіцы Казахстану Астане ля будынку генэральнай пракуратуры жанчына ўчыніла акт самаспаленьня, паведамляе прэс-служба генэральнай пракуратуры Казахстану.
Паводле прэс-службы, сёньня каля поўдня да памяшканьня кантрольна-прапускнога пункту падышла жанчына ў суправаджэньні трох спадарожніц і, зьняўшы вопратку, аблілася бэнзінам і спаліла сябе.
Паводле генэральнай пракуратуры, яе дзеяньні былі «раптоўнымі і нечаканымі» і да самаспаленьня «ніякіх намераў яна не выказвала».
Жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі. Паведамляецца, што ёй 48 гадоў, меркаванай прычынай самаспаленьня праваахоўнікі называюць яе нязгоду з прысудам у дачыненьні да 28-гадовага сына. Паводле пракуратуры, летась у чэрвені яе сын быў прысуджаны раённым судом да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму паводле абвінавачаньня ў захоўваньні наркотыкаў. 20 жніўня 2015 яго апэляцыйная скарга не была задаволеная.
Больш падрабязная інфармацыя будзе прадстаўлена СМІ па выніках вывучэньня матэрыялаў справы, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.