Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненыя выкладчыкі, студэнты-ўцекачы і студэнты-вязьні. Як пратэсты 2020 году зьмянілі школы і ВНУ Беларусі ў 2021


Студэнты выйшлі на акцыю салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі зьняволенымі. Менск, студзень 2021
Студэнты выйшлі на акцыю салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі зьняволенымі. Менск, студзень 2021

Размовы ў КДБ з настаўнікамі і дырэктарамі дзіцячых садкоў, прафэсары, звольненыя за «прагул» у дзень арышту, студэнты-ўцекачы ў Польшчу — расказваем, як рэпрэсіі і пагроза рэпрэсій зьмянілі школы і ВНУ ў Беларусі і што там адбываецца цяпер.

Матэрыял падрыхтаваны тэлеканалам «Настоящее время».

Праблема недахопу выкладчыкаў у ВНУ і настаўнікаў у школах — ня новая для Беларусі. У якасьці прычын называюць малыя зарплаты, масу працы з дакумэнтацыяй, напружаны і ненармаваны дзень працы. Але пасьля падзей жніўня 2020 году, калі многія настаўнікі і выкладчыкі выступілі супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў, сыстэма адукацыі апынулася пад ціскам з боку афіцыйных уладаў. Пайшлі вымовы, звальненьні, арышты. А 1 верасьня 2021 году пачаўся новы навучальны год.

Што адбываецца ў ВНУ

У Рэспубліканскім банку вакансій і рэзюмэ Беларусі разьмешчана 361 вакансія выкладчыкаў. У Менску шукаюць 118 выкладчыкаў ВНУ. Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт запрашае на працу 12 выкладчыкаў па розных спэцыяльнасьцях, Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт — 18, БНТУ — шасьцярых.

«Я ведаю выкладчыкаў, якія сышлі самі. Ведаю і тых, каго звольнілі — вельмі таленавітыя спэцыялісты і проста прыемныя людзі, — апісвае сытуацыю выкладчык БДУ, які пажадаў застацца ананімным. — У адным выпадку калегу «сышлі «, намякнуўшы на рознага роду БЧБ-кампрамат (застаецца толькі здагадвацца, адкуль ён зьявіўся ў першай асобы факультэту)».

Сярод зьменаў, якія адбыліся за апошні год, суразмоўца тэлеканалу адзначае зьяўленьне ў вядучых ВНУ краіны прарэктараў па бясьпецы. «А яшчэ цікавы факт: 23-гадовы хлопец, магістрант, атрымлівае прэмію каля 500 рублёў за тое, што адзначаў, хто ня ходзіць на заняткі. Цяпер ён ужо падняўся з клерка да ўпраўленьня выхаваўчай работы з моладзьдзю. Галавакружны посьпех!» — іранізуе выкладчык БДУ.

Дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ пасьля падзей 2020 году аказаўся на больш нізкай пасадзе, расказала студэнтка гэтага факультэту: «У нас быў на першым курсе дэкан, а на другім, [у 2020-м], ён стаў проста выкладчыкам, хоць у яго вельмі шмат ведаў, званьняў і кваліфікацый са сваім цэнтрам псыхалёгіі».

Дацэнта Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (ПДУ), кандыдата гістарычных навук Віктара Якубава 28 верасьня 2021 году звольнілі з унівэрсытэту «за прагулы», пакуль ён адбываў адміністрацыйныя 15 сутак — з 2 па 17 верасьня.

«Я быў актывістам летам-восеньню 2020-га, — расказаў Якубаў тэлеканалу. — Потым пачалі прэсаваць: два разы [прысуджалі] штрафы мне і пяць разоў — маёй жонцы, дзьве крымінальныя справы: арганізацыя масавых мерапрыемстваў у Наваполацку і абразу супрацоўнікаў МУС — з канфіскацыяй тэхнікі. Бессэнсоўна, б я гэтым не займаўся. Сфабрыкаваныя дзьве справы за ўдзел у масавых пікетах, і „прысеў“ я з 6 студзеня да 2 лютага 2021-га. Напісаў перад гэтым заяву, каб мне далі за свой кошт, — ну, і тады прайшло. Ня звольнілі, хоць і адчыталі».

Сытуацыя памянялася, калі ў Полацкі ўнівэрсытэт прызначылі рэктарам сэнатара Алега Раманава — «рускамірца», як называе яго Якубаў: «Ну, і панеслася: увесну звольнілі Андрэя Вялюгу, якога бралі на „суткі“ восеньню. Вялюга кіраваў дызайнэрамі ПДУ, працаваў да ночы, але часта прыходзіў са спазьненьнем. Ён перапрацоўваў, але яму залічылі гэтыя спазьненьні і звольнілі. Прафэсар-этнограф Уладзімір Лобач быў звольнены як бы за прагулы».

Да недахопу выкладчыкаў гэтыя звальненьні, аднак, не прывялі:

«У нас жа, як ва ўсёй эканоміцы, куча ціхіх лішніх людзей, на іх сыстэма і трымаецца. Адразу расьцягнулі нагрузку, запрасілі штрэйкбрэхераў з Горадні і Менску», — расказвае былы дацэнт ПГУ.

Звольнены прафэсар-этнограф Уладзімір Лобач, доктар гістарычных навук, адпрацаваў у Полацкім дзяржунівэрсытэце 25 гадоў. «Афіцыйна звольнілі за прагулы, — кажа Лобач. — На самой справе гэта была пэрсанальная пазыцыя Марзалюка і Качанавай за шэраг пастоў у сацсетках у жніўні-верасьні 2020-га».

«На ўзроўні Мінадукацыі было абвешчана, што калі мяне ня звольняць, то ПДУ ня пройдзе атэстацыю, — кажа прафэсар Лобач. — [Былы рэктар ПДУ Дзьмітры] Лазоўскі фактычна не рэагаваў, роўна як і ніхто пры ім ня быў пакараны за пратэставую дзейнасьць. Тады замест Лазоўскага быў прызначаны Раманаў, які пачаў зачышчаць унівэрсытэт».

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу «МДЛУ за Свободу» (крыніца сваёй абазнанасьці не паказвае), летам 2021 году Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт пакінулі ня менш за 80 выкладчыкаў і тэхнічных супрацоўнікаў. Адзін з тых, з кім не працягнулі кантракт, — дацэнт Юры Стулаў, выкладчык, які больш за 50 гадоў супрацоўнічаў з унівэрсытэтам. У верасьні 2020 году падчас сходу з кіраўніцтвам ВНУ Стулаў выступіў у абарону студэнтаў і Натальлі Дулінай. Дацэнт МДЛУ Натальля Дуліна адкрыта падтрымала студэнтаў і перамены, за гэта яе звольнілі.

«Былі такія, каго, як і Стулава, „сышлі“, — расказаў студэнт Зьміцер, якога адлічылі з МДЛУ. — Або не працягнулі кантракт, або сказалі быць сьціплейшым у выказваньні меркаваньняў, на што выкладчыкі не згаджаліся. Некаторыя сышлі [самі], бо расчараваліся ў адміністрацыі».

Ёсьць сярод выкладчыкаў і рэпрэсаваныя за ўдзел у пратэстах: Вольгу Філатчанкаву зь Беларускага дзяржунівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) 16 ліпеня 2021 года асудзілі па «справе студэнтаў» на два з паловай гады пазбаўленьня волі.

«У ВНУ і да гэтага адукацыя трымалася на энтузіястах, бо заробкі выкладчыкаў яшчэ меншыя, чым у сярэдніх школах. А гэта людзі адукаваныя і ідэйныя. Яны абараняюць студэнтаў, трымаюць нядрэнны ўзровень вышэйшай адукацыі, асабліва ў прыродазнаўчых і дакладных навуках. Калі ўсіх выкладчыкаў звольніць за дэмакратычныя погляды, то ва ўнівэрсытэтах нікога не застанецца», — камэнтуе гэтыя падзеі ў беларускай вышэйшай школе экспэрт Тамара Мацкевіч. Яна ўзначальвала ў Беларусі Таварыства беларускай школы — культурна-асьветніцкую арганізацыю, якая, сярод іншага, спрыяла разьвіцьцю адукацыі на беларускай мове. У верасьні 2021 году арганізацыю ліквідаваў Вярхоўны суд Беларусі.

Што адбываецца ў школах

Па стане на 6 кастрычніка 2021 году ў Рэспубліканскім банку вакансій і рэзюмэ Беларусі 399 вакансій настаўнікаў. 145 зь іх — у Менску. Настаўнікі і тым больш кіраўнікі школ адмаўляюцца абмяркоўваць з журналістамі, ці зьвязаны недахоп настаўнікаў зь іх палітычнай пазыцыяй, эміграцыяй і звальненьнямі. Але бацькі школьнікаў кажуць, што ў новым навучальным годзе заўважылі перамены.

Бацькі школьнікаў зь менскай гімназіі № 23 кажуць, што з 1 верасьня 2021 году некаторыя настаўнікі вядуць па некалькі прадметаў, а вучняў у клясах стала менш.

«У нашай клясе — мінус чацьвёра, — расказалі тэлеканалу бацькі вучня гімназіі № 36. — Настаўнікаў ангельскай на нашу клясу павінна быць тры, але трэцяга так і не знайшлі, таму разьбілі клясу на дзьве групы [замест трох]. Пры гэтым наша гімназія з моўным ухілам. Па фізкультуры настаўніцу замяніць ня могуць, колькі мы ні скардзіліся, бо няма на каго».

Пра недахоп выкладчыкаў замежнай мовы расказвае і былая студэнтка Менскага лінгвагуманітарнага каледжу (ЛГК) Аляксандра:

«Я вучылася ў лінгвагуманітарным каледжы з 2019-га па сакавік 2021 году. У верасьні мінулага году ў нас звольнілі настаўніцу, сышло шмат настаўнікаў па ўласным жаданьні. Нашай групе не хапіла выкладчыка па ангельскай, паставілі абы-каго: пры ўсёй маёй павазе да выкладчыкаў, яна ня ведала элемэнтарнага, у яе было нулявое вымаўленьне, а яна вяла пары ў лінгвістычным каледжы».

Звольнены з Полацкага ўнівэрсытэту Віктар Якубаў расказвае, што летам 2021 году «гутарыць» у школы і нават дзіцячыя садкі прыходзілі з КДБ: «Была хваля «гутарак» КДБ і ўпраўленьня аддзелу адукацыі з дырэктарамі школ і садкоў пра настаўнікаў, якія былі заўважаныя на мітынгах ці чые сваякі, блізкія падпалі пад рэпрэсіі. Некалькі выхавальніц [дзіцячага садку] былі звольненыя».

Тамара Мацкевіч кажа, што ў гэтым годзе ёй не ўдалося высьветліць, колькі настаўнікаў не хапае ў Менску і Беларусі — гэтыя зьвесткі не публікуюць. Тры гады таму па стане на 1 верасьня ў Менску не хапала 284 настаўнікаў толькі пачатковых клясаў, без уліку сярэдняй і старэйшай школы, кажа Мацкевіч. Тэлеканалу «Настоящее время» ў Міністэрстве адукацыі Беларусі не адказалі на афіцыйны запыт аб укамплектаванасьці школ настаўнікамі.

«Звольнілі нашмат больш настаўнікаў, звольнілі іх з палітычных матываў, хоць фармальна гэта выглядае інакш. Мы назіраем вялікую хвалю эміграцыі, зьявіліся беларускія ўцекачы, рэляканты, якія не плянавалі пакідаць радзіму. Масавае звальненьне настаўнікаў паказвае, што настаўнікі (а большасьць зь іх — сьведкі фальсыфікацый на выбарах) становяцца пратэставым электаратам, а не апорай рэжыму», — лічыць Тамара Мацкевіч.

Перад пачаткам навучальнага году Аляксандар Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі навесьці парадак у школах, «чаго б гэта нам ні каштавала». Выступаючы на Рэспубліканскім пэдагагічным савеце, ён заявіў, што школа ня можа быць па-за палітыкай, але палітыка там павінна быць адна — дзяржаўная.

«І тыя, хто хочуць ісьці гэтым прынцыпам, калі ласка, калі ласка: ідзіце, выкладайце, вучыце, працуйце. Тыя, хто ня хоча, значыць, яны ў школе быць не павінны. Гэта трэба казаць прама, адкрыта і сумленна», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Міністар адукацыі Беларусі Ігар Карпенка таксама выказаўся пра намеры перад пачаткам навучальнага году: у эфіры каналу «Беларусь 1» ён заявіў, што сыстэма адукацыі павінна выключыць зьяўленьне «выпадковых людзей» сярод настаўнікаў: «Лепш мы недабяром, чым возьмем нейкага выпадковага чалавека».

Куды сыходзяць студэнты

«Недабралі» ня толькі выкладчыкаў: пасьля падвядзеньня вынікаў уступнай кампаніі стала ясна, што на дзённых бюджэтных аддзяленьнях ВНУ не хапае студэнтаў. Як паведамляе партал Zerkalo.io, недабор у БДУ — 36 чалавек, у БНТУ — 53. Па ўсёй краіне свабоднымі аказаліся больш за 900 месцаў для бюджэтнікаў. Гэта таксама тэндэнцыя — у 2020 годзе студэнтаў таксама не хапала, але гаворка ішла не пра амаль тысячу, а пра 192 свабодныя месцы. У 2019 годзе — пра 86.

Міністэрства адукацыі тлумачыць сытуацыю тым, што ў гэтым годзе павялічыла плян прыёму на 2% — у адпаведнасьці з запытам прадпрыемстваў, куды студэнты потым пойдуць працаваць. Акрамя таго, расейскія ВНУ павялічылі квоты на паступленьне студэнтаў зь Беларусі, а колькасьць абітурыентаў, якія здаюць такія прадметы, як фізыка і матэматыка, аказалася меншай, чым колькасьць месцаў, піша Zerkalo.io.

Былы студэнт МДЛУ Дзьмітры зьехаў зь Беларусі з палітычных матываў і вучыцца за мяжой на стыпэндыі. «Зьехала нямала, — расказвае Дзьмітры пра былых аднакурсьнікаў і іншых студэнтаў МДЛУ. — Да першых 15 адлічаных дадалося шмат тых, што пайшлі праз сачэньне ад сілавых структур. Нам, страйкаму ўнівэрсытэту, прыходзіла нямала паведамленьняў».

Анастасія, якая вучылася ў лінгвагуманітарным каледжы і скардзілася на нізкую якасьць выкладаньня мовы, зьехала ў Польшчу па праграме Каліноўскага.

«Магу сказаць, што, акрамя мяне, пайшлі зь лінгвагуманітарнага каледжа яшчэ некалькі маіх знаёмых. Таму што абсалютна ня бачаць сэнсу і пэрспэктыў у той адукацыі, а сама сыстэма адукацыі робіць усё, каб нават адзін дзень у каледжы быў катаваньнем і прымусам. Ведаю, што ў маім каледжы настаўніцы сказалі пісаць звальненьне па ўласным жаданьні, таму што прагаласавала не за Лукашэнку», — расказала Наста.

Аляксандра — таксама ў мінулым студэнтка ЛГК, і яна таксама зьехала ў Польшчу па стыпэндыі Каліноўскага. «З маіх аднагрупнікаў пяцёра, у тым ліку я, адлічыліся самі, адна дзяўчынка зьехала ў Польшчу. Яшчэ з ЛГК адна знаёмая зьехала за мяжу вучыцца ў ЭГУ, адразу ж пасьля яе я праводзіла сваю сяброўку — яна зьехала вучыцца ў польскую школу».

«З майго „ахрэмчыка“, — расказвае былы студэнт гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, які пажадаў захаваць ананімнасьць, — са мной сышлі дзьве студэнткі, зьехалі за мяжу. Многія студэнты сыходзяць зь першага курсу кансэрваторыі і зьяжджаюць. Цяпер мяне пытаюць нават другакурсьнікі аб працэсе выключэньня».

Усяго ў 2021 годзе па праграме Каліноўскага ў Польшчы пачалі вучыцца і стажавацца 700 студэнтаў.

«Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» сабрала зьвесткі пра 492 затрыманых і 160 адлічаных студэнтаў і студэнтак (апошні апдэйт — 28 чэрвеня 2021 году). Больш за ўсё адлічаных студэнтаў — у Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце: 55 чалавек. 51 студэнт стаў падазраваным і абвінавачаным па крымінальных справах. 16 жніўня па «справе студэнтаў» асудзілі 11 чалавек: дзевяць студэнтаў, адну выкладчыцу і адну выпускніцу. Большасьць зь іх атрымалі па два з паловай гады пазбаўленьня волі, адзін студэнт — 2 гады. Адна з асуджаных студэнтак — давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Алана Гебрэмарыям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG