Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе вучыцца школьніку за мяжой, каб не губляць сувязі зь Беларусьсю. Сабралі некалькі магчымасьцяў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За апошні год шмат беларусаў апынуліся ў вымушанай эміграцыі, зьехалі з краіны. Бальшыня абрала суседнія зь Беларусьсю краіны: Польшчу, Украіну, Літву.

Аказалася, што беларускамоўных школ і гімназій па-за межамі Беларусі ня так і шмат. Даведаліся, якія магчымасьці навучаньня ёсьць для беларускіх дзяцей за мяжой, дзе можна вучыцца па-беларуску стацыянарна, «офлайн», а дзе — «онлайн»

Літва. Віленская беларускамоўная гімназія імя Францішка Скарыны

У 1994 годзе пад беларускую школу Віленская мэрыя выдзеліла асобны будынак — былы дзіцячы садок. Тут пачала працаваць 68-я сярэдняя школа зь беларускай мовай навучаньня. У 1997 годзе ёй надалі імя Францішка Скарыны, а ў 2013-м навучальная ўстанова прайшла акрэдытацыю ў Міністэрстве адукацыі, асьветы і спорту Літоўскай Рэспублікі і атрымала гімназічны статус.

Усе прадметы тут выкладаюцца па-беларуску, дзеці абавязкова вывучаюць літоўскую і ангельскую мовы.

Сёлета ў Вільні адкрываецца і міжнародная беларуская прыватная школа STEMBRIDGE. У Менску Stembridge працуе з 2018 году. Сёлета ў Вільні ідзе набор у 1–4 клясы, на наступны год будуць набіраць у 1 і 10 клясы. Мяркуецца, што там будуць выкладаць беларускую мову.

Польшча

II агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім — зь беларускай мовай навучаньня. Ліцэй мае багатую гісторыю: створаны ў верасьні 1944 году. У траўні 2021 году ліцэй наведаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Паводле дырэктара ліцэю Андрэя Сьцепанюка, «наша школа найлепшая ня толькі ў Бельскім павеце, але заўважаецца як у ваяводзтве, так і ў краіне. Таму мы здольныя дзяцей навучыць і добра падрыхтаваць да далейшай вучобы ў ВНУ».

Акрамя таго, ёсьць агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы з дадатковым навучаньнем беларускай мове.

Ліцэю ў Гайнаўцы больш за 60 гадоў, ён займае высокі рэйтынг сярод навучальных устаноў у Польшчы. Беларуская мова, літаратура, гісторыя — абавязковыя прадметы для ўсіх. Тут працуюць 37 настаўнікаў, вучняў у ліцэі 330.

Украіна: онлайн-школа для беларускіх дзяцей

Сёлета адкрылася першая беларуская онлайн-школа.

У Варшаве дзеці ідуць у польскія школы, на Беласточчыне можна вучыцца па-беларуску

З 1 верасьня ў Польшчы ўсе вучні вярнуліся да стацыянарнага навучаньня пасьля пандэмічнага году і дыстанцыйных заняткаў.

У Польшчы ёсьць адна абавязковая ўмова для ўсіх, хто там пражывае: дзеці павінны вучыцца ў школе як мінімум 9 гадоў. Дзеці ідуць у школу з 5–6 гадоў у «нулявую клясу», потым 6 гадоў вучацца ў пачатковай школе. Наступны этап — гімназія, дзе вучацца яшчэ 3 гады, атрымліваюць няпоўную сярэднюю адукацыю.

«Таму бацькі, якія прыяжджаюць у краіну, адразу арандуюць жытло і, маючы на руках дамову на арэнду (не абавязкова нават рэгістравацца), могуць без праблем уладкаваць дзіця ў школу па месцы рэгістрацыі. Калі ёсьць важкія прычыны, бацькі могуць уладкаваць дзіця ў іншую школу ці гімназію. Дакумэнты, што пацьвярджаюць адукацыю дзіцяці ў Беларусі, не патрэбныя, калі гаворка ідзе пра пачатковую школу», — тлумачыць беластоцкі журналіст Зьміцер Косьцін.

Што да ліцэяў, тэхнікумаў, там крыху складаней: трэба мець дакумэнт аб базавай адукацыі зь беларускай школы.

«І тады, калі ёсьць наяўнасьць свабодных месцаў, можна дамовіцца нават у сярэдзіне навучальнага году, каб падлетка прынялі і ён атрымаў сярэднюю адукацыю. Няма праблем з уладкаваньнем», — запэўнівае Зьміцер.

Гэта пацьвердзілі і іншыя беларусы. У Варшаве няма школ зь беларускай мовай навучаньня, таму дзеці вымушаны ісьці ў польскія школы.

«Нам прапанавалі замест шостай клясы, у якую павінен пайсьці сын, аддаць яго ў пятую клясу, каб ён лягчэй адаптаваўся, а таксама два разы на тыдзень прызначылі дадатковыя заняткі па польскай мове. Бясплатна», — кажа бацька 12-гадовага хлопчыка Алеся.

Бацька дзяўчынкі Міраславы кажа, што ім таксама прапаноўвалі аддаць дачку ў 5-ю клясу замест 6-й, аднак яны вырашылі, што дзіця пойдзе ўсё ж у 6-ю.

Польскія ўлады і фінансава падтрымліваюць беларусаў зь дзецьмі.

«Калі бацькі пасьпелі аформіць карту сталага побыту, сям’я мае дадатковыя выгоды. Можаш атрымаць дапамогу на збор дзіцяці ў школу — 300 злотых (праграма „Добры старт“). І падаць дакумэнты на праграму „500+“, і тады штомесяц на дзіця пералічваюць па 500 злотых, якія назапашваюцца і пойдуць у будучым на навучаньне ва ўнівэрсытэце», — кажа бацька Міраславы.

Што да беларускай мовы, то ў Варшаве ёсьць адна беларуская школка, дзе ў суботы ідуць заняткі па беларускай мове. Ініцыятарка яе стварэньня — Караліна Лукашэвіч.

А вось на Беласточчыне, куды прыехала таксама шмат беларусаў, ёсьць прынамсі дзьве ўстановы зь беларускай мовай навучаньня: II агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім і агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы з дадатковым навучаньнем беларускай мове.

Ва Ўкраіне адкрылася першая беларуская онлайн-школа

Навучаньне ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе ва Ўкраіне пачынаецца з шасьці альбо сямі гадоў. Адукацыя трохузроўневая. 1 ступень — пачатковая школа (1–4 клясы), потым ідзе асноўная школа (5–9 клясы, гэта базавая адукацыя) і старэйшая школа (10–12 клясы), якая дае поўную сярэднюю адукацыю. Дарэчы, з 1 верасьня ва Ўкраіне пачынаецца школьная рэформа.

Паводле міністра адукацыі Ўкраіны Сяргея Шкарлета, дзеці павінны абавязкова наведваць садкі і пачатковыя школы. Астатнія школьнікі будуць хадзіць у школу ў залежнасьці ад эпідэмічнай сытуацыі ў сваім рэгіёне. Калі вобласьць трапіць у «чырвоную зону», школьнікі будуць вучыцца дыстанцыйна.

Ва Ўкраіне няма дзяржаўных школ зь беларускай мовай навучаньня. Гэта не прадугледжана нацыянальным заканадаўствам. Ва ўсіх школах, якія выдаюць атэстат дзяржаўнага ўзору, выкладаньне вядзецца на ўкраінскай мове.

Беларуская акторка і музыка Анастасія Шпакоўская, якая год таму вымушана была зьехаць ва Ўкраіну, выступіла з ініцыятывай стварыць першую беларускую онлайн-школу. Навучаньне вядзецца онлайн, дзеці атрымліваюць украінскі атэстат дзяржаўнага ўзору. Заяўлена паглыбленае вывучэньне ІТ і ангельскай мовы. Аднак бальшыня прадметаў там будзе выкладацца па-расейску.

«Кожны з вучняў атрымае інструкцыю, як карыстацца плятформай, у кожнага вучня будзе гадавы тэарэтычны экстэрнат у выглядзе электроннага падручніка па асноўных прадметах. Заняткі праводзяцца онлайн», — кажа Шпакоўская.

Што да ўладкаваньня дзяцей ва ўкраінскія школы, з гэтым для беларусаў няма праблем — усіх дзяцей прымаюць. Украінскія настаўнікі запэўніваюць, што беларускім дзецям ня вельмі складана будзе авалодаць украінскай мовай — на гэта спатрэбіцца некалькі месяцаў.

Літва: у беларускамоўнай гімназіі бракуе месцаў

У Літве дзеці вучацца ў школе 12 гадоў, там трохступенная сыстэма адукацыі, абавязкова трэба адвучыцца мінімум 9 гадоў.

У Вільні ёсьць адзіная за межамі Беларусі цалкам беларускамоўная гімназія імя Францішка Скарыны.

Беларуская сям’я зь Менску ведала яшчэ ўвесну, што пераедзе ў Вільню, і загадзя паклапацілася, каб іх дачка пайшла ў беларускамоўную гімназію.

«За пару дзён да пачатку вучобы мяне разбудзіў званок спадарыні Эрыкі — настаўніцы дачкі ў гімназіі Францішка Скарыны. Яна расказала, што 1 верасьня а 10-й усіх дзяцей чакаюць за партай без бацькоў, а аб 11-й — агульная лінейка. Я спытала пра форму і пра канцылярыю, а яна сказала: „Не хвалюйцеся, усё купіце пазьней, на зьніжках“. Раней я яшчэ пыталася, якія дакумэнты трэба прынесьці ў школу, і мне адказалі: „Не хвалюйцеся, у сярэдзіне верасьня трэба будзе прынесьці даведку ад сямейнага доктара“. Аказалася, што яе і несьці ня трэба. Яна захоўваецца ў агульнай сыстэме, да якой маюць доступ і клінікі, і школы, і бацькі», — кажа маці першаклясьніцы.

На лінейцы выступалі дырэктарка і запрошаныя госьці, сярод іх былі алімпійская чэмпіёнка і каталіцкі сьвятар.

«Ні знаку ідэалёгіі, нават сьцягоў пад гімн не ўздымалі. А 2 верасьня дзеці пайшлі не на ўрокі, а на экскурсію ў парк птушак. Спадзяюся, такі фармат ім дазволіць хутчэй пасябраваць», — мяркуе маці першаклясьніцы.

Аднак беларуская гімназія ў Вільні па памерах невялікая, у клясе ня больш за 18 вучняў, і ўладкавацца туды ня так проста.

Беларусцы Кацярыне, у якой сын Ян пайшоў у першую клясу, а дачка Стэфа — у пятую, пашанцавала менш — месцаў у беларускай гімназіі не было.

Сям’я кажа, што спачатку ня ведалі, куды зьвяртацца і як дзейнічаць. Пісалі запыты, ім не адказвалі. Потым прадстаўніца дыяспары дала кантакты чыноўнікаў з муніцыпалітэту, якія займаюцца пытаньнямі мігрантаў.

«Я, канешне, прыехала сюды ўся такая ў ружовых марах пра беларускамоўную гімназію імя Францішка Скарыны, але там на маіх дзяцей месца не знайшлося. Таму куды трапілі, туды трапілі. Муніцыпалітэт накіраваў нас у бліжэйшую школу. У дачкі ў 5 клясе ўжо ўсе падручнікі па-літоўску, хоць выкладаньне вядзецца па-расейску (у Літве ёсьць школы з расейскай мовай навучаньня. — РС).

З дакумэнтаў патрэбныя табэль і асабістая справа дзіцяці з папярэдняй навучальнай установы, копія гуманітарнай візы (у нашым выпадку) ці іншы дакумэнт, які пацьвярджае дазвол на пражываньне ў Літве, пашпарты дзяцей і мэдычная даведка», — кажа Кацярына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG