У 2020 годзе ў Беларусі працавалі 84,6 тысячы настаўнікаў, 17,3 тысячы прафэсараў-выкладчыкаў. Усяго ў сфэры адукацыі працавалі 400,6 тысячы чалавек. Сярэдні заробак у настаўнікаў у 2020 годзе — 1042,3 рубля, прафэсараў-выкладчыкаў — 1536,5 рубля, падлічыў Белстат.
Глядзім, колькі цяпер не хапае настаўнікаў і выкладчыкаў у Беларусі.
Шукаюць 541 настаўніка
У рэспубліканскім банку вакансій і рэзюмэ знаходзім 541 вакансію для настаўніка па ўсёй Беларусі. Гэта настаўнікі ўсіх профіляў, уключна з настаўнікамі-дэфэктолягамі. Большасьць вакансій — профільныя настаўнікі-прадметнікі.
У Менску шукаюць 206 настаўнікаў, з абласьцей найбольш не стае ў Горадзенскай вобласьці — тут 150 вакансій настаўнікаў.
Колькі прапануюць настаўнікам
Паводле Белстату, намінальны сярэдні заробак у чэрвені гэтага году ў сфэры адукацыі склаў 1021,7 рубля.
Але ў прапановах вакансій пазначаны заробак 600–800 рублёў.
Напрыклад, у Менску настаўніка пачатковых клясаў шукаюць на заробак у 800 рублёў.
Настаўніку расейскай мовы і літаратуры ў Горадні прапануюць 650 рублёў.
У Верцялішках Горадзенскай вобласьці патрабуецца настаўнік пачатковых клясаў на 550 рублёў.
У Бабруйску ж настаўніку пачатковых клясаў гатовыя прапанаваць толькі 450 рублёў.
Колькі шукаюць выкладчыкаў
У базе вакансій 426 вакансій для выкладчыкаў, гэта як выкладчыкі каледжаў і ВНУ, так і выкладчыкі спартовых школаў. У Менску патрабуецца 120 выкладчыкаў. Пасьля Менску найбольш выкладчыкаў не стае ў Віцебскай вобласьці — 105 чалавек.
Колькі прапануюць выкладчыкам
Заробкі ў выкладчыкаў ня надта адрозьніваюцца ад настаўніцкіх, а часам і саступаюць ім. Напрыклад, у Гуманітарны каледж пры Горадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы шукаюць выкладчыка фізыкі і інфарматыкі на заробак 600 рублёў.
Старшаму выкладчыку ў БНТУ абяцаюць 800 рублёў на месяц.
У Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце выкладчыку замежнай мовы на 0,5 стаўкі прапануюць 500 рублёў.
У Горадзенскім каледжы мастацтваў выкладчыку прапануюць ад 600 рублёў.
У Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Машэрава выкладчыку на поўную стаўку прапануюць 634,44 рубля.