Доктар біялягічных навук Марына Шаптурэнка да жніўня працавала галоўным навуковым супрацоўнікам у інстытуце генэтыкі і цыталёгіі Нацыянальнай акадэміі навук. Марына займалася дасьледаваньнямі ў генэтыцы, яна кажа, што пайшла па гэтым навуковым шляху пад уплывам вядомага ў Беларусі вучонага, акадэміка Любові Хатылёвай, якую называе сваім настаўнікам і сябрам.
«Узровень крытычна думаючых людзей у нашым інстытуце заўсёды быў адзін з самых высокіх у акадэміі, і гэта прадэманстравалі ў тым ліку леташнія выбарчыя падзеі ў Беларусі», — заўважае Марына.
Яна згадвае, як летась у жніўні выступіла на агульным інстытуцкім пазачарговым сходзе з адкрытым пратэстам супраць гвалту сілавікоў, як з аднадумцамі-калегамі падпісвала зварот за новыя выбары, выходзіла на ланцугі салідарнасьці і маршы. У адказ на гэтую дзейнасьць намесьнік дырэктара інстытуту па гаспадарцы, які насамрэч адказваў за ідэалёгію, ужо ў верасьні пачаў выклікаць актыўных навукоўцаў на «прафіляктычныя размовы», пасьля чаго некаторыя мусілі звольніцца.
На пачатку гэтага году, па зьвестках Марыны, зьявіўся «сьпіс нядобранадзейных» супрацоўнікаў. У ім таксама аказаліся 15 чалавек, што разам зь ёю перайшлі з праўладнага прафсаюзу ў незалежны.
«Працаваць станавілася ўсё складаней, кожны крок як пад мікраскопам», — дзеліцца тагачаснымі адчуваньнямі Марына Шаптурэнка. Яна згадвае адзін зь веснавых дзён, калі ў інстытут прыйшлі людзі ў чорных масках і павялі на допыт старшыню ячэйкі незалежнага прафсаюзу. Пасьля гэтага на кватэрах «нядобранадзейных» прайшлі ператрусы, некаторым навукоўцам у розных формах прапанавалі звольніцца.
Да Марыны чарга дайшла ў траўні. У той месяц яна зьбіралася ў адпачынак, але яе не адпусьцілі. Неўзабаве «праз трэціх асобаў» даведалася, што ў кіраўніцтве лічаць яе датычнай да арганізацыі пратэстаў сярод навукоўцаў.
«І вось падчас асабістай размовы дырэктар інстытуту Руслан Шайко запатрабаваў ад мяне звальненьня. 13 жніўня заяву напісала і пакінула супрацоўнікам, каб аддалі пазьней. У той час заставацца ў Беларусі ўжо было проста небясьпечна. Як кажуць, па сукупнасьці прычын прыняла рашэньне зьехаць. Цяпер, па сутнасьці, пачала жыцьцё наноў. Усё, чым жыла, давялося пакінуць: родную Беларусь, любімую працу, сяброў і сваякоў. Мая будучыня нявызначаная, але я не шкадую пра сваё рашэньне», — кажа Марына.
Паводле Марыны Шаптурэнкі, рэпрэсіі за грамадзянскую пазыцыю ў Акадэміі навук найбольш закранулі Інстытут гісторыі ды Інстытут генэтыкі і цыталёгіі. Агулам зь іх былі звольненыя ці сышлі з працы пад ціскам больш за 20 навукоўцаў, падлічыла Марына.
«Беларусы самаарганізаваліся»
Марына Шаптурэнка ня згодная з тымі, хто, як Лукашэнка, кажа, што падзеі 2020 году ў Беларусі былі спробай «каляровай рэвалюцыі», зробленай паводле сцэнару Захаду. Ніхто звонку не падштурхоўваў беларусаў да пратэстаў, гэта зрабіла ўлада ўласнымі рукамі, калі пайшла на фальсыфікацыі выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў, кажа Марына. І прыводзіць у прыклад саму сябе.
Да 2020 году яна была далёкая ад палітыкі, хоць прызнае, што як чалавек інтэлектуальнай працы не магла не заўважаць працэсы, якія адбываліся ў краіне, і рабіць адпаведныя высновы. У тым ліку — што падзеі 1996 году, калі адбыўся рэфэрэндум пра зьмены ў Канстытуцыю, насамрэч былі канстытуцыйным пераваротам.
«Дадатковыя паўнамоцтвы, якія тады незаконна атрымаў Лукашэнка, сталі рычагамі, якія па сёньня дапамагаюць яму захоўваць аўтарытарную ўладу і блякаваць нармальнае разьвіцьцё эканомікі ды іншых сацыяльных сфэр», — канстатуе доктар навук Марына Шаптурэнка.
Паводле яе, падзеі 2020 году паказалі, што рэжым, які існуе сёньня ў Беларусі, катастрафічна адстаў ад часу, ён захрас у палоне старых схем, згодна зь якімі нехта ўвесь час не дае краіне нармальна разьвівацца.
«Беларусы дзіўным чынам нарэшце самаарганізаваліся. Гадамі яны не цікавіліся палітыкай, а тут масава прыйшлі на выбары і гэтак жа масава не пагадзіліся з тым, што іх падманулі. І тады выйшлі на цэнтральныя вуліцы гарадоў. А Лукашэнка, здаецца, так і не паверыў, што пратэст нарадзіўся ўнутры краіны і людзі ненавідзяць рэжым бясплатна», — мяркуе Марына.
Спадарыня Шаптурэнка кажа, што ў дэталях памятае кожны дзень масавых пратэстаў 9–11 жніўня. Як у нядзелю вечарам яна пайшла на выбарчы ўчастак, але так і не дачакалася вынікаў падліку галасоў.
«Тады я села на аўто і паехала да стэлы, дзе аказалася ў эпіцэнтры падзей. Далей зразумела», — кажа Марына.
Яна мяркуе, што калегі-навукоўцы адказалі на падзеі ў краіне вельмі хутка, і з гонарам прыводзіць такія лічбы. За адну ноч з 12 на 13 жніўня 1000 навукоўцаў падпісалі зварот супраць гвалту і за новыя сумленныя выбары, а ўсяго подпісы пад зваротам паставілі 2840 вучоных і выкладчыкаў ВНУ.
Але цяпер, як мяркуе Марына, Беларусь перажывае пэрыяд рэпрэсій за тую актыўнасьць, а рэпрэсіі распачалі хвалю эміграцыі. Паводле Марыны, у Нямеччыне яе землякоў становіцца ўсё болей, яны аб’ядноўваюцца, дапамагаюць адзін аднаму.
«У нас аптымізму болей, чым у тых, хто застаўся на радзіме, бо тут больш свабоды», — заўважае пра таварышаў па эміграцыі Марына Шаптурэнка.
«Надзеі на хуткія перамены ў людзей расталі»
Паводле Марыны, яна працягвае кантактаваць з былымі калегамі ў Беларусі і адзначае, што настроі сярод іх пануюць сумныя.
«Надзеі на хуткія перамены расталі. Калі на тваіх вачах ні за што звальняюць самых кваліфікаваных спэцыялістаў, а ў нас дакладна 9 чалавек звольнілі, канечне, гэта адбіваецца на тваёй працы», — перадае Марына настрой калегаў, папярэдзіўшы, што імёнаў не назаве. А тое, што гэтыя калегі мірацца са становішчам, якое ўтварылася ў Інстытуце генэтыкі, Марына называе адсутнасьцю выбару. «Мусяць працаваць там, дзе былі».
Акрамя перажываньняў з прычыны палітыкі, на думку Марыны Шаптурэнкі, былыя калегі па Акадэміі навук сутыкнуліся зь фінансавымі цяжкасьцямі.
«Цягам больш як паўгода, што я адпрацавала сёлета, фінансаваньне па асобных праграмах выконвалася на чвэрць. А гэта азначае, што дасьледаваньні ня будуць своечасова выкананыя ў заплянаваным аб’ёме, людзі не атрымаюць грошай, на якія разьлічвалі. Як вынік — адток навукоўцаў павялічыцца, ужо ня толькі з палітычных прычын, а і з эканамічных», — мяркуе Марына Шаптурэнка.
Паводле Шаптурэнкі, і гэта не асноўная праблема беларускай навукі. А тое, што навукай сталі кіраваць людзі, падабраныя паводле ляяльнасьці, а не навуковых ды арганізатарскіх здольнасьцяў.
Пачаўся гэты працэс, мяркуе дацэнт Шаптурэнка, калі пад ціскам Лукашэнкі былі ўнесены зьмены ў статут Акадэміі навук, пасада прэзыдэнта НАН Беларусі перастала быць выбарнай, цяпер асобу старшыні зацьвярджае непасрэдна прэзыдэнт.
У 2000 годзе НАН упершыню ўзначаліў не правадзейны член (акадэмік) Акадэміі навук, а доктар эканамічных навук — былы старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Анатоль Мясьніковіч. Наконт яго Марына, праўда, робіць агаворку. Лічыць, што Мясьніковічу праз былыя сувязі ў вышэйшай вэртыкалі ўдавалася атрымліваць большае фінансаваньне навуковай дзейнасьці акадэміі.
Але далей пад уплывам умяшаньня вэртыкалі ў дзейнасьць акадэміі былі страчаныя высокапрафэсійныя кадры і асобныя навуковыя школы. Да 2020 году, мяркуе Шаптурэнка, дэградацыя апарату акадэміі дасягнула свайго піку, і прыватныя амбіцыі кіраўнікоў і страх страціць свае месца канчаткова пераважылі чалавечае сумленьне і гонар навукоўца.
З досьведу Нямеччыны Шаптурэнка мяркуе так:
«Навука тут можа пасьпяхова разьвівацца ўвогуле без Акадэміі навук. Падыходы, стыль працы навукоўцаў, нават яе тэмпы ў Заходняй Эўропе зусім іншыя. Фінансаваньне ідзе ад тых крыніц, што наўпрост зацікаўленыя ў выніку».
Як жывецца ў Нямеччыне
Цяпер Марына жыве на поўначы Нямеччыны, у невялікім пасёлку Грос-Шванзее, што ў зямлі Мэкленбург — Пярэдняя Памэранія. Тутэйшых немцаў Марына лічыць людзьмі вельмі добразычлівымі і адзначае, што ў некаторых дамах дзьверы не зачыняюць. «Як у нашых вёсках калісьці».
Марына пераехала ў Нямеччыну з малодшым сынам Мацьвеем, які ўжо вучыцца ў мясцовай пачатковай школе. Адзначае, што ніякіх пабораў на рамонты ды іншыя патрэбы школы ў іх няма, а гурткі і факультатывы для дзетак бясплатныя і добра ўбудаваныя ў вучэбную праграму. Можна займацца спортам, прычым кошты не параўнальныя зь беларускімі. Сын Марыны займаецца ў прыватным футбольным клюбе, і гэта на паўгода каштуе ўсяго 20 эўра, а ў Беларусі месяц заняткаў каштаваў 25 эўра.
«Кожная сям’я, у якой ёсьць непаўналетняе дзіця, атрымлівае на яго сацыяльную дапамогу, незалежна ад грамадзянства. Тут выразна пачынаеш разумець, што такое насамрэч сацыяльна арыентаваная дзяржава», — заўважае Марына.
На працу Марына езьдзіць на аўто, дарога ў яе займае каля паўгадзіны. Жанчына кажа, што занадта нэрвуецца ад нясьпешнасьці мясцовых раварыстаў і асабліва аўтамабілістаў, часта людзей сталага веку, якія нават пры дазволеных 70 кілямэтрах на гадзіну едуць з хуткасьцю ўдвая меншай, чым ствараюць праблемы на дарогах.
«Такі мэнталітэт, што зробіш! У іх хапае і недахопаў, немцы самі пра іх ахвотна гавораць, але ў параўнаньні зь Беларусьсю — гэта іншы ўзровень, дый мне пакуль цяжка гэта ацаніць», — кажа Марына пра «нямецкую сыстэму», у якой яшчэ спрабуе разабрацца.
Дах, фарба, папера і шпацыраваць
Працу жанчына знайшла ў фірме, якая займаецца захаваньнем біялягічнай разнастайнасьці. Таксама фірма перапрацоўвае садавіну, вырабляе сокі, джэмы і якасныя сьпірты, робіць напоі.
«На зіму джэмаў ужо назапасіла», — хваліцца гаспадыня Шаптурэнка. Праца Марыны заключаецца ў ацэнцы генафонду і якасьці стану разнастайнасьці расьлін, якія захаваліся ў старых садах рэгіёну, зь якімі працуе фірма. Ці адпавядае гэта былой навуковай дзейнасьці Марыны?
«Пакуль праца цалкам прыкладнога кірунку, не навуковая», — кажа доктар біялягічных навук Марына Шаптурэнка. Але яна лічыць, што для пачатку новага жыцьця гэта выдатны старт. А як добра авалодае нямецкай мовай, дык зможа ўладкавацца ў лябараторыю і зноў заняцца навукай.
Што з мовай у яе атрымаецца, Марына не сумняецца, кажа, што справы ідуць угару хутка. Былая дасьледчыца генэтыкі ўжо высьветліла, што ў нямецкай мове шмат агульных словаў зь беларускай. «Дах, папера, шпацыраваць, фарба і шмат яшчэ новых супадзеньняў даведваюся. Усё будзе добра, я аптымістка», — кажа пра сябе Марына.
Жанчына не хавае, што калі на радзіме справы наладзяцца, яна разьлічвае вярнуцца, «каб будаваць новую дэмакратычную Беларусь».