Пра гэта паведамляе партал Zerkalo.io са спасылкай на мытную службу Літвы.
Фура Man перасякала беларуска-літоўскую мяжу ноччу 15 жніўня. Паводле дакумэнтаў, у аўтамабілі, які рухаўся транзытам празь Літву ў Італію, перавозіліся плеценыя кошыкі.
Аднак, калі мытнікі праверылі машыну з дапамогай рэнтгену, то аказалася, што кошыкаў у фуры было ўсяго некалькі паддонаў, а астатняя частка паўпрычэпу была запоўненая іншым грузам — скрынкамі зь беларускімі цыгарэтамі NZ Gold. Паводле папярэдніх дадзеных, у машыне было 1266 скрынак — больш за 633 тысячы пачкаў цыгарэт. Папярэдне іх ацанілі ў 2,23 мільёна эўра.
Беларуса затрымалі на двое сутак. У Ковенскім аддзяленьні Мытнай крымінальнай службы распачалі дасудовае расьсьледаваньне.
Сёлета ў Літве было затрымана каля 12 мільёнаў пачкаў цыгарэтаў коштам каля 42 мільёнаў эўра. Толькі за ліпень і жнівень літоўскія мытнікі затрымалі больш за 3 мільёны пачкаў цыгарэт.