Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговыя партыі беларускіх кантрабандных цыгарэт затрымалі ў Літве, Латвіі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота. Кантрабандныя беларускія цыгарэты, схаваныя ў дошках
Ілюстрацыйнае фота. Кантрабандныя беларускія цыгарэты, схаваныя ў дошках

29 чэрвеня літоўская мытня паведаміла, што мытнікі выявілі партыю беларускіх цыгарэт у грузавым цягніку, які прыбыў зь Беларусі ў порт Клайпеды.

Пры аглядзе цягніка выявілі, што плёмбы на верхнім люку аднаго з вагонаў з угнаеньнямі сарваныя. Калі ўгнаеньні выгрузілі, у вагоне знайшлі 29 606 пачкаў цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт цыгарэт, уключаючы падаткі, ацэньваецца больш як у 102 тысячы эўра. Пачата дасудовае расьсьледаваньне па факце кантрабанды, паведамляе мытня Літвы.

Тым часам 28 чэрвеня новарасійскія мытнікі спынілі спробу незаконнага вывазу з Расеі ў Грэцыю больш як 158 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт. Цыгарэты маркі «NZ» былі схаваныя ў кантэйнэры з 16 тонамі піламатэрыялаў — усярэдзіне трохмэтровых дошак былі тайнікі. Рынкавая цана канфіскаваных цыгарэт перавысіла 20 мільёнаў расейскіх рублёў (больш за 230 тысяч эўра). Завялі крымінальную справу па ч. 1 арт. 200.2 КК РФ, паведамляе Фэдэральная мытная служба РФ.

Апэратыўнікі выявілі таксама месца вырабу тайнікоў у дошках: правяраючы інфармацыю новарасійскіх калег, супрацоўнікі Смаленскай мытні знайшлі цэх і канфіскавалі тытунёвыя вырабы, дрэваапрацоўчыя станкі, брусы, сталярны клей, а таксама нарыхтоўкі для схованак і схрон з кантрабандным таварам.

А 26 чэрвеня партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт выявілі на станцыі Індра ў Латвіі: цыгарэты знайшлі ў грузавым цягніку, які ішоў зь Беларусі, яны былі схаваныя пад грузам жалезабэтонных пліт у тайніку. Канфіскавана 7950 пачкаў цыгарэт марак «Premjer» і «NZ» з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь. Прымаецца рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы, паведамляе мытня Латвіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG